Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Тэлевізары


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

На пачатку 60-х тэлевізар, нават у Менску, быў вялікай раскошай. Нездарма старыя цёткі, разгаварыўшыся ў чарзе са сваімі аднагодкамі, звычайна пыталіся: “А целевізер у вас ёсьць?”

Я яшчэ засьпеў тэлевізары маркі КВН з вадзяной лінзай перад экранам. Потым зьявіліся так званыя “камбайны”, у склад якіх уваходзілі апроч тэлевізара яшчэ прыймач з прайгравальнікам. У выніку ніводзін зь іх нармальна не працаваў. Самым распаўсюджаным “камбайнам” быў “Беларусь-5” Менскага радыёзаводу. Масава набываць тэлевізары пачалі толькі ў сярэдзіне 60-х. Найбольшую папулярнасьць меў айчынны “Нёман” коштам 288 рублёў. Танней каштаваў толькі “Рэкорд”, але ў яго быў зусім малы экран. Папулярнымі былі таксама тэлевізары “Маяк-2”, “Старт-3”. А самымі шыкоўнымі лічыліся “Тэмп-7” ды “Сыгнал” коштам 348 рублёў. Яны былі на раскірачаных ножках, што ўважалася за апошні крык моды. Набыць тэлевізар, “скрыню”, як тады сталі казаць, многім было не па кішэні, таму куплялі ў растэрміноўку.

Мае бацькі набылі “скрыню” ў 1965 годзе. У нашым пад’езьдзе іх на той час было толькі два, і вечарамі, калі трансьлявалі футбол ці хакей, да нас прыходзіла процьма народу. Маці потым ужо і шкадавала, што набыла тэлевізар, бо пазбавілася спакою.

Тэлевізары былі лямпавыя і ўвесь час псаваліся. Тэлемайстры тады раскашавалі. “Та-ак… 6П14П паляцела, -- казаў тэлемайстар, выцягнуўшы з тэленутра перагарэлую лямпу, -- а іх зараз і няма-а”. Пасьля таго, як на стале зьяўлялася пляшка гарэлкі, патрэбная лямпа дзіўным чынам знаходзілася.

Каб лямпы не перагаралі, набывалі стабілізатары напружаньня. Яны былі цяжкія і злавесна гулі на нізкіх частотах. Потым, пераканаўшыся, што напруга ў сетцы практычна не вагаецца, ад стабілізатараў адмовіліся. Была яшчэ завядзёнка накрываць тэлевізары адмысловай сурвэткай. Гэта дзеля таго, казалі, каб не выгараў экран.

Ну а дзесьці напачатку 67-га чорна-белыя тэлевізары сталі перарабляць на каляровыя. Прычым вельмі простым чынам: прымацоўваючы да экрана паліхромную рэнтгенаўскую плёнку. Зьверху яна была блакітнай, пасярэдзіне чырвонай і на доле зялёнай. Так што тэледыктары паўставалі перад тэлеаўдыторыяй з блакітнымі валасамі, чырвоным носам і зялёным падбародзьдзем. У сярэдзіне 60-х усе трызьнілі каляровым тэлебачаньнем. А яшчэ казалі, што тэлевізары свойчас будуць такія вузкія, што можна павесіць на сьценку. І глядзець можна будзе ня толькі Менск ды Маскву, але і Парыж зь Нью-Ёркам. Ну а пакуль той Нью-Ёрк, глядзелі на менскую дыктарку Тамару Бастун, якая апавядала пра тое, колькі трактароў сталі на лінейку гатоўнасьці, і колькі было выпушчана звыш пляну чорна-белых тэлевізараў.
XS
SM
MD
LG