Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў мультымэдыйны дыск “Open air revolution”


Любоў Лунёва, Менск На дыску зьмешчаныя аўдыёзапісы, відэа і фота падзеяў часу прэзыдэнцкай кампаніі й "гарачага тыдня" 19-25 сакавіка. Ад 24 жніўня ахвотныя могуць бясплатна атрымаць мультымэдыйную кнігу праз сайт za-svabodu.org.

Аўтары праекту, якія не пажадалі назваць сваіх прозьвішчаў, распаўсюдзілі прэс-рэліз, дзе тлумачаць мэту мультымэдыйнай кнігі й прэзэнтуюць яе асноўныя разьдзелы: “Мы амаль не перабольшваем, кажучы: ад 19 да 25 сакавіка 2006 г. у Менску прайшоў першы open air RAVEvolution — экстрэмальна-забаўляльнае party 24 гадзіны ў суткі. Мерапрыемства з маштабнай РR-кампаніяй, непрадуманай праграмаю, кепска разьвітай інфраструктураю, але з выдатнай самаарганізацыяй”.

Адзін з разьдзелаў кнігі распавядае пра сацыяльны канфлікт паміж аднагодкамі на плошчы — спэцназаўцамі й “нефармаламі”. Чытачы могуць азнаёміцца са “Слоўнікам Рэвалюцыі”, паслухаць і паглядзець рэпартажы БТ пра падзеі на плошчы.

Ліквідацыя намётавага лягеру падаецца ў фатаздымках і аўдыёзапісе, які зрабіў канадзкі журналіст, — яго затрымалі ў часе ліквідацыі намётавага лягеру. Натоўп ля турмы на Акрэсьціна; людзі, якія шукаюць сваіх у сьпісах затрыманых; аўтобус, які выяжджае з двара турмы, — усё гэта на відэа, аўдыё і ў тэкстах.

Дыск прапануе і дзясятку найлепшых веснавых флэш-мобаў, а таксама “Песьні свабоды”.

Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка была ўдзельніцай падзеяў "гарачага тыдня". Яна сёньня прагледзела кнігу.

(Палажанка: ) “Я лічу вельмі важным, што ў сьвет выйшаў гэты дыск. Людзі павінны ведаць праўду. Людзі павінны бачыць, як гэта ўсё было на самай справе, а ня так, як гэта паказвала БТ. Людзі павінны ведаць у твар сваіх герояў, паколькі яны там жылі, аддавалі сваё здароўе, свае мары… Яны заслужылі, каб грамадзтва ведала іх”.

Гаворыць актывістка моладзевага дэмакратычнага руху Ірына Тоўсьцік:

(Тоўсьцік: ) “Гэтыя фатаздымкі, гукі з плошчы, яны выклікаюць такі выхад адрэналіну! Столькі эмоцыяй, нагадваньне пра тых людзей — гэта… Здаецца, што гэта ўсё нерэальнае, але мы ведаем, што гэта ўсё было. Таму нам гэта надае моцы й энэргіі для далейшага змаганьня. Калі праглядаеш фатаздымкі, такое адчуваньне, што гэта адбываецца цяпер, учора, заўтра”.

Аўтары праекту, як яны яго называюць, "Open air RAVElution", распаўсюджваюць дыск бясплатна. Ад 24 жніўня яго можна набыць, запоўніўшы заяўку на сайце za-svabodu.org .

Гл.таксама: Выйшаў мультымэдыйны DVD-дыск пра падзеі "гарачага тыдня" (фота)
XS
SM
MD
LG