Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму варта паставіць помнік у Менску?


Радыё Свабода З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярталася да мінакоў на плошчы Якуба Коласа, ля помніка беларускаму паэту.

(Малады чалавек: ) “Я лічу, што Васілю Быкаву. Гэта вялікі чалавек, добры пісьменьнік. Я мяркую, яму ўсё ж варта паставіць помнік, яго варта ўганараваць, каб людзі не забыліся пра яго”.

(Пэнсіянэрка: ) “Той самай Веры Харужай, можа, варта было б паставіць. Харошы чалавек была, як мама апавядала… Чаму вось ён ад яе адвярнуўся?! Чаму?!” (Паказвае ў бок вуліцы Веры Харужай.)

(Карэспандэнтка: ) “Хто? Якуб Колас?”

(Пэнсіянэрка: ) “Ага! Бачыце, як паставілі. Чаму ў той бок паставілі яго, няхай бы неяк па-іншаму паставілі!”

(Юнак: ) “Магчыма, нашаму Бацьку”.

(Карэспандэнтка: ) “Каму ў Менску трэба паставіць помнік?”

(Дзяўчына: ) “Васілю Быкаву. Гэты чалавек вельмі яскрава й вельмі цікава апавядаў пра Вялікую Айчынную вайну, і менавіта ён быў першы, хто пачаў казаць пра гэтую праблему тое, што насамрэч было”.

(Іншая дзяўчына: ) “Сымону Буднаму. Ён працягнуў справу Францішка Скарыны”.

(Яшчэ адна дзяўчына: ) “Васілю Быкаву. Я лічу, што ён адзін з найлепшых беларускіх пісьменьнікаў. Нават дзіўна, што вуліцу ў ягоны гонар не назвалі”.

(Хлопец: ) “Мне падаецца, што ў Менску бракуе помнікаў кампазытарам”.

(Карэспандэнтка: ) “Якім?”

(Хлопец: ) “Найперш, нейкім расейскім кампазытарам вялікім, Чайкоўскаму, напрыклад, паставіць можна было б”.

(Карэспандэнтка: ) “Што Чайкоўскі зрабіў для беларускай культуры?”

(Хлопец: ) “Разумееце, Чайкоўскі зрабіў вельмі шмат для расейскай культуры, а расейская й беларуская культуры — яны ідуць увесь час разам, яны ня могуць адна без адной”.

(Карэспандэнтка: ) “У Аўстрыі ёсьць помнікі Вагнэру?”

(Хлопец: ) “У Аўстрыі ёсьць помнікі Моцарту”.

(Карэспандэнтка: ) “Моцарт быў аўстрыйскі кампазытар, а не нямецкі”.

(Хлопец: ) “Я, па шчырасьці, ці ёсьць там помнікі Вагнэру… Я ніколі ня быў у Аўстрыі”.

(Спадарыня: ) “У нас, здаецца, хапае помнікаў. Вось добраўпарадкаваньне — гэта добра, а помнікі… Няхай у людзей тут (паказвае на сэрца) памяць будзе, а ня так, звонку”.

(Пэнсіянэр: ) “Я б, калі памянялі праспэкт Машэрава, паставіў бы помнік Машэраву. Як партызану. У свой час ён вёў палітыку, якая крыху адрозьнівалася ад палітыкі ЦК КПСС. Адукаваны чалавек. Ну, і не нахабнік”.

(Спадарыня: ) “Скарыну Францішку”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык стаіць каля Нацыянальнай бібліятэкі помнік”.

(Спадарыня: ) “А, ну тады ўсё. Каму яшчэ можна паставіць? Ня Юр’ю ж Гагарыну, якому ўжо паставілі ў свой час!”

(Пэнсіянэрка: ) “Мяркую, што Машэраву. Я была вельмі не задаволеная з таго, што пераназвалі гэты праспэкт — і вельмі нявартую вуліцу абралі. Машэраву!”
XS
SM
MD
LG