Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: як гарадзенцы выбіраюць для сябе ВНУ?


Радыё Свабода, Горадня Чым вы кіраваліся, калі абіралі месца вучобы? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні.

(Дзяўчына: ) “Я паступіла ў аграрны ўнівэрсытэт, бо зьявілася новая прафэсія — тэхналёгія перапрацоўкі збожжа. Ня ведаю дакладна, дзе я буду потым працаваць — можа, нават у Горадні: на хлебазаводзе, у пякарні, у цукерні”.

(Сяброўка: ) “Я вучуся ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы на юрыдычным факультэце. У мяне спэцыяльнасьць — эканамічнае права, гэта таксама новая спэцыяльнасьць, была толькі другі год, калі я паступала. Конкурс быў дастаткова невысокі: тры чалавекі на месца, вучуся я на платным аддзяленьні, бо на бюджэтнае быў вельмі малы набор. Мне проста спадабалася спэцыяльнасьць, бо досыць вялікія мае пэрспэктывы: можна працаваць у банку, у страхавых кампаніях і ў любых фірмах”.

(Спадар: ) “Выбар вучобы, хутчэй за ўсё, у маім разе быў выпадковы: я быў яшчэ ў зусім юным веку, куды накіравалі бацькі мае, туды й пайшоў. Я былы вайсковец, выйшаў на пэнсію і працую цяпер не па спэцыяльнасьці”.

(Дзяўчына: ) “Мне вельмі хацелася паступаць на свой факультэт ва ўнівэрсытэце, і хоць конкурс быў дастатковы вялікі, я цэлы год рыхтавалася да экзамэнаў і ў сваёй плыні набрала больш за ўсіх балаў”.

(Дзяўчына: ) “Я выбірала месца вучобы тое, дзе мне падабаецца. Я вучылася ў хімічна-біялягічнай клясе, мне падабаліся біялёгія і хімія, затым паступіла ў вучылішча, ужо ведала, што такое мэдыцына, і потым ужо пайшла ва ўнівэрсытэт мэдычны. Я буду псыхатэрапэўтам. Спадзяюся, што застануся працаваць у Горадні”.

(Сяброўка: ) “Мне выпала магчымасьць пайсьці ў хімічна-біялягічную клясу, я яе закончыла і паступіла ў мэдычны каледж, спадзяюся пасьля яго паступіць у мэдунівэрсытэт. Я ня думаю, што мне хопіць заробленых у шпіталі грошай на жыцьцё, але мне проста падабаецца гэтая работа”.

(Дзяўчына: ) “Куды паступаць, мне параілі бацькі, дый сама я была здольная да філялёгіі, да мовы. Таму я сёлета закончыла філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, вярнулася дахаты ў Горадню, вось іду з райана. Працы мне ніякай не прапанавалі, трэба станавіцца ў чаргу і чакаць”.

(Маладзён: ) “Я паступіў сёлета, буду вучыцца па сваёй цяперашняй прафэсіі, я музыкант. А паступіў я ў каталіцкі ўнівэрсытэт у Аўстрыі, у ім асноўныя факультэты — тэалёгія і філязофія, але таксама будзе і музычны. Я хачу атрымаць адукацыю на Захадзе, але абавязкова вярнуцца ў Беларусь”.
XS
SM
MD
LG