Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я не чакала, пакуль мяне паклічуць партыйныя лідэры: сама тройчы езьдзіла ў Менск, каб падтрымаць палітвязьняў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 23 жніўня).

Пасьля судоў над былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным і актывістамі грамадзкай арганізацыі “Партнэрства”, у выніку якіх усе яны былі пакараныя рознымі тэрмінамі турэмнага зьняволеньня, у нашай пошце стала зьяўляцца шмат лістоў-разважаньняў на гэтую тэму. Аўтары іх спрабуюць адказаць на пытаньне: чаму грамадзкая рэакцыя на гэтыя палітычныя працэсы была малазаўважная і млявая?

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Ліст ад Зінаіды Цімошак зь вёскі Вежы Слуцкага раёну:

“Мяне вельмі зьдзіўляюць у сувязі з гэтымі судамі паводзіны кіраўнікоў партыяў, іх штабоў, розных грамадзкіх арганізацыяў. Мусіць, на футбол у парк Чалюскінцаў сяброў партыяў зьбіраецца больш, чым прыходзіла да будынку суду. Ці вось слухаю раніцай “Свабоду”, чую, што многія людзі спачуваюць, дасылаюць лісты, тэлефануюць. Чаму ж яны не адклалі ўсіх сваіх справаў хоць бы на дзень вынясеньня прысуду й не прыехалі падтрымаць палітвязьняў? Чаму ў гэты дзень не закрыліся ўсе штабы, а на іх дзьвярах не зьявілася абвестка “Усе пайшлі на фронт?” Бо гэта ж і быў фронт сапраўдны, а не кампутарна-інтэрнэтны.

Калі б улады ўбачылі, што такія суды выклікаюць вялікі розгалас у грамадзтве, дык не сумняюся, што падобных працэсаў стала б менш. Калі ж нашы беларусы зразумеюць, што любому вязьню патрэбная рэальная падтрымка не на словах і нават ня толькі грашыма? Чаго яны чакаюць? Пакуль нас усіх, як катоў, не пераловяць і не пакідаюць у мех? Чакаюць ГУЛАГу? Прапаную ўявіць, што гэта не Казулін, ня моладзь сядзіць пад судом, а я, любімы, апынуўся ў клетцы, і гэта мяне падтрымлівае маленькая купка людзей. Прыемна будзе?”

Далей Зінаіда Цімошак зь вёскі Вежы выказвае ўласны спосаб вырашэньня гэтай праблемы. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Камітэт дапамогі палітвязьням, створаны Мілінкевічам, — гэта добра. Але ж гэты камітэт дапаможа ўратавацца толькі ў іншай краіне. А як быць нам — тым, хто застаецца тут? Мы павінны самі аб’яднацца ў камітэт выратаваньня саміх сябе, падаць адзін аднаму руку. Вось мая рука — можа, ня вельмі моцная, хворая, але — ад шчырага сэрца. Я не чакала, пакуль мяне заклічуць партыйныя лідэры, а сама тройчы езьдзіла за 80 кілямэтраў у Менск і выстойвала там разам са сваімі сябрамі.

Славацкі пісьменьнік Уладзімер Мінач у кнізе “Званы абвяшчаюць дзень” пра ўсталяваньне камуністычнай улады ў Чэхаславакіі пісаў так: “Усе, хто маўчаў, — усе вінаватыя, усе адказваюць за судзьдзю і за катаў”. І я разважаю так: калі ты сапраўдны лідэр, а не “кароль у выгнаньні”, дык праяві сябе ў такой сытуацыі як сапраўдны лідэр, а не як вясельны генэрал. Ня стой адзін з сумным тварам, а прывядзі за сабой сваю падтрымку. Калі я (ня лідэр) прывяла чатырох чалавек, то ты прывядзі хаця б чатырыста — і тады я буду паважаць цябе як сапраўднага рэальнага лідэра, пайду за табой. А інакш… Сумна, спадарства!”

Вашы развагі й высновы, спадарыня Цімошак, датычаць ня толькі праблемы салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі. Ва ўмовах аўтарытарнага кіраваньня, калі ў дзяржаве няма дэмакратычнай выбарчай сыстэмы, калі апазыцыя выціснутая з выбарных органаў улады, толькі грамадзкая (у тым ліку мітынговая) актыўнасьць і здольная быць вызначальным фактарам, які можа наблізіць палітычныя зьмены.

Ня думаю, што апазыцыйныя лідэры не ўсьведамляюць гэтага. Іншая рэч, што ў сёньняшніх умовах вывесьці на вуліцу колькі-небудзь значную частку грамадзтва яны ня могуць. Прычына тут ня толькі й ня столькі ў асабістых якасьцях (вартасьцях і заганах) гэтых лідэраў, колькі ў настроях, якія пануюць сярод большасьці самога беларускага грамадзтва.

Электронны ліст зь Менску, ад слухача, які не назваў сябе. Ён піша:

“Ужо каторы месяц на агароджы вакол могілак, што на перакрыжаваньні праспэкту Дзяржынскага і вуліцы Чыгуначнай (прыпынак “Праспэкт газэты “Праўда”) бачны вялікі надпіс “Р.Н.Е.”. Гэтыя вялікія чорныя літары з боку праспэкту кожны дзень бачаць тысячы людзей. А побач, між іншым, знаходзіцца суд Маскоўскага раёну Менску. Усе мы даўно заўважылі, што надпісы “Жыве Беларусь!” празь некалькі дзён зафарбоўваюцца. Чаго ня скажаш пра іншыя надпісы. Напрыклад, у цэнтры Менску доўгі час вісеў правакацыйны надпіс тарашкевіцай “Сьмерць іншаземцам!”. Гэтак жа цягам месяцаў вісяць фашыстоўскія надпісы ў самых людных месцах гораду, дзе ўвесь час дзяжураць міліцэйскія патрулі. Гэта ня проста дае нагоду разважаць пра палітыку ўлады ў адносінах да гэтага пытаньня. Міжволі задумаесься: ці ня мае да гэтага дачыненьня сама ўлада, спэцслужбы?”

Міліцыянтам і камунальным службам інструкцыямі прадпісана змагацца зь любымі графіці — незалежна ад зьместу. На практыцы, аднак, атрымліваецца так, што найхутчэй зафарбоўваюцца толькі тыя насьценныя надпісы, у якіх так ці інакш закранаецца ўлада. Нямногія крымінальныя справы, якія былі распачатыя паводле факту зьяўленьня надпісаў і якія дайшлі да суду, таксама датычылі менавіта такіх палітычных графіці. Апошні прыклад — справа актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча, якога пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за графіці “Достал” і “Мы хочам новага”.

Пры пошуках аўтараў надпісаў фашыстоўскага зьместу міліцыя выяўляе значна менш імпэту, а ў камунальнікаў на зафарбоўваньне такіх надпісаў часта на працягу тыдняў і месяцаў не хапае сродкаў.

Аўтар наступнага ліста — Міхал Сантаровіч-Чыкун зь Дзяржынску (Койданава). Нядаўна ён пабываў на экскурсіі ў Віцебску і Полацку. І быў непрыемна ўражаны працай гідаў. Слухач піша:

“Жанчыны-экскурсаводы шмат распавядалі пра гістарычныя падзеі, пра помнікі архітэктуры, пра вядомых асобаў. Але ня было ў іх аповедах патрыятызму, гонару за нашых суайчыньнікаў, за іхныя справы. Адчувалася нейкая незразумелая абыякавасьць. Увесь час яны згадвалі толькі дзьве дзяржавы — Расею ды Польшчу. А Вялікага Княства Літоўскага зь яго больш чым паўтысячагадовай гісторыяй быццам і не існавала. Я даволі рэзка выказаў гэтую заўвагу, калі экскурсавод расказвала пра Віцебск. Жанчына сумелася, пачырванела, ды… пачала прыводзіць прыклады пэўных гістарычных асобаў у сувязі зь іх нацыянальнай прыналежнасьцю. Гістарычнае бяспамяцтва зьнішчае нацыю. І робіцца гэта сьвядома. Хутчэй за ўсё, гэта наступства нашага выхаваньня”.

Экскурсаводы ў Беларусі расказваюць пра гісторыю беларускіх гарадоў, як правіла, так, як напісана ў афіцыйных падручніках. А цяперашнюю беларускую дзяржаву сёньняшняя ўлада пераемніцай Вялікага Княства Літоўскага ня лічыць: для яе нацыянальная дзяржаўнасьць пачалася ў 1919 годзе, з БССР. Такі ж падыход запанаваў ва ўсіх беларускіх ВНУ, дзе рыхтуюць гісторыкаў. Праўда, гэта зусім не азначае, што навукоўцы і студэнты не цікавяцца іншымі поглядамі й падыходамі. Напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў у Беларусі выдадзена мноства дакумэнтальных і мастацкіх кніг, падручнікаў і энцыкляпэдыяў, якія не падпадалі пад дзяржаўную цэнзуру. І гэтыя кнігі запатрабаваныя сёньня і будуць запатрабаваныя заўтра.

На заканчэньне электронны ліст ад Юр’я Тышчанкі з Добрушу. Слухач піша:

“Апошні час часта разважаю над сёлетнімі палітычнымі падзеямі на Беларусі. Не пагаджаюся зь меркаваньнем, што сакавіцкія мітынгі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі безвыніковыя. Будучыня ў нашай мужнай і палітычна актыўнай моладзі — ёсьць! Удзельнікі акцыі выйшлі на вуліцу, нягледзячы на шматлікія пагрозы і запалохваньні. І трымаліся гэтулькі часу! Увесь сьвет гэта бачыў. Тыя падзеі ўжо сталі значнай падзеяй найноўшай гісторыі сучаснай Беларусі.

Што да пытаньня аб путчы ў 1991 годзе, то, на маю думку, было б яшчэ горш, калі б гэкачапісты перамаглі. І для Беларусі, і для Расеі. Было б шмат палітычных судовых працэсаў, палітвязьняў. Краіны зноў апынуліся б у адсталым мінулым. Хоць, зь іншага боку, магчыма, такога першага прэзыдэнта ў Беларусі не было б”.

У выпадку камуністычнага рэваншу пасады прэзыдэнта ў Беларусі, відавочна, увогуле не было б, спадар Тышчанка. Фактычным кіраўніком рэспублікі заставаўся б прызначаны Масквой першы сакратар ЦК КПБ, які ва ўсіх прынцыповых пытаньнях быў цалкам залежны ад цэнтральнага партыйнага кіраўніцтва. Зрэшты, на той момант, на жнівень 1991 году, усталявалася такая грамадзкая атмасфэра, што цяжка было ўявіць поўнамаштабнае вяртаньне таталітарнага рэжыму на многія дзесяцігодзьдзі. У сродках масавай інфармацыі і на шматлікіх мітынгах панаваў дух свабоды, а даўжэзныя чэргі ля крамаў для многіх былі сымбалямі эпохі, якая імкліва адыходзіла ў мінулае. Таварышаў з ГКЧП, як і іхныя ідэі, фактычна не было каму абараняць. Што ўсе наступныя падзеі і засьведчылі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG