Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца помнік савецкаму маршалу Жукаву


Ігар Карней, Менск Шматгадовыя высілкі вэтэранаў вайны дзеля ўвечненьня памяці савецкага маршала Георгія Жукава завяршыліся плённа: прапанову ўхваліў Савет міністраў. У адпаведнасьці з дакумэнтам, у 2007 годзе бюст чатырохразовага героя Савецкага Саюзу будзе ўсталяваны ў менскім сквэры на вуліцы Чыгуначнай на скрыжаваньні з праспэктам Жукава. Некалькі гадоў таму гаворка ішла пра конную скульптуру, якую меліся паставіць ля сталічнага Дому афіцэраў.

Як паведаміў прадстаўнік Беларускага аддзяленьня Міжнароднага грамадзкага фонду імя Жукава Дзьмітры Сянько, вэтэраны на ўсталяваньне помніка сабралі са сваіх пэнсіяў 45 мільёнаў рублёў — у эквіваленце болей за 20 тысяч даляраў. Рэшту грошай на помнік абяцае пералічыць дзяржава. Праўда, з улікам сабекошту праекту ўсё ж давялося адмовіцца ад першапачатковай ідэі — пасадзіць Жукава на каня.

(Сянько: ) “Той праект не прайшоў. Конная скульптура запатрабавала б занадта вялікіх выдаткаў, і мы ад ідэі адмовіліся. У нас такіх грошай папросту няма, вырашылі спыніцца на бюсьце. Але прынцыповае рашэньне ўжо прынятае, і бюст будзе ўсталяваны на перакрыжаваньні вуліцаў Чыгуначная і праспэкту Жукава. Такім чынам, будзем працаваць у адпаведнасьці з прынятай пастановай”.

Усталяваць помнік Жукаву ў Менску вэтэраны спрабуюць ад канца 1990-х. Пачаткова яны настойвалі на коннай скульптуры ля Дому афіцэраў. Гарадзкія ўлады ідэю спачатку ўхвалілі, але потым адмовіліся. Затым вэтэраны беспасьпяхова хадайнічалі, каб паставіць помнік на праспэкце Машэрава.

Урэшце зьвярнуліся ў Міністэрства абароны з просьбай паставіць помнік на тэрыторыі Вайсковай акадэміі, што напачатку нібыта знайшло разуменьне. Але сёлета кіраўніцтва Вайсковай акадэміі адмовілася, спаслаўшыся на тое, што ўстанова зьяўляецца закрытай зонай, уваход на тэрыторыю якой абмежаваны.

Дагэтуль маршал Жукаў на тэрыторыі Беларусі быў ушанаваны толькі мэмарыяльнай дошкай у Гомелі. Увогуле ж мэмарыяльныя дошкі ў гонар таго ці іншага генэрала, пад кіраўніцтвам якога вызваляўся горад, ёсьць практычна ў кожным раённым цэнтры. Самыя вялікія мэмарыялы — Берасьцейская крэпасьць, Хатынь, Курган Славы ды іншыя — прысьвечаныя ваеннаму часу.

У адным толькі Менску больш за паўсотні буйных помнікаў, бальшыня якіх прысьвечаная падзеям апошняй вайны. Помнікі адкрываюць дагэтуль: летась у Менску зьявіліся бюсты маршала Якубоўскага і героя Савецкага Саюзу Асаналіева, а таксама архітэктурна-скульптурны знак “Беларусь партызанская”. А пасьля адкрыцьця “Лініі Сталіна” пад Заслаўем афіцыйна ўшанаваны і “правадыр народаў”. У той жа час памяць пра многіх гістарычных ды нацыянальных герояў Беларусі не ўшанаваная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG