Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Віцебск на парахавой бочцы"


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 23 жніўня

Зьмяніўся графік выхаду "Народнай Волі". Цяпер газэта будзе выходзіць не па аўторках і серадах, а па чацьвяргах і пятніцах. Так што сьвежы нумар "Народнай Волі" мы праанасуем заўтра.

"Витебский курьер" атрымаў бласлаўленьне Віцебскай праваслаўнай эпархіі і грамату "За руплівую працу на карысьць сьвятой царквы", якую галоўнаму рэдактару Віктару Базану ўручыў эпіскап Пётар Друцкі.

Выбухі і пажар на вайсковых арсэналах пад Мелітопалем падштурхнулі журналістаў "Витебского курьера" таксама ўзьняць гэту вострую тэму. Паводле дасьведчанай крыніцы, ва Ўлановічах, у трох кілямэтрах ад цэнтру Віцебску, складавана 60 ўмоўных вагонаў зброі і боепрыпасаў, якія 6 гадоў вайскоўцы абяцаюць вывезьці за межы гораду. Артыкул называецца "Віцебск на парахавой бочцы".

У Слоніме, як і ва ўсёй Беларусі - востры дэфіцыт цэмэнту, паведамляе "Газэта Слонімская". Распавядае Сяргей Чыгрын.

(Чыгрын: ) "Вагон цэмэнту ў Слоніме зараз раскупляецца за дзьве гадзіны. Людзі хочуць будавацца, рамонт робяць, і ня могуць нідзе купіць будматар''ял. Хаця Краснасельскі завод будматар''ялаў знаходзіцца недалёка ад Слоніму. Тым ня менш, дэфіцыт існуе, цэмэнту ў горадзе няма".

"Бобруйский курьер". У выходныя на рок-канцэрце ў кінатэатры "Мір" моладзь учыніла масавыя бойкі. Спачатку скінхэды сутыкнуліся з рокерамі ў самой канцэртнай залі, а потым крывавыя разборкі працягнуліся ў парку. Арганізатары бойкі затрыманыя.

У Барысаве супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю канфіскавалі вялікую партыю "левых" цыгарэт на агульную суму 4 мільёны рублёў. Нелегальны тытунь трапляе ў Беларусь з Расеі, мяжа зь якой цалкам празрыстая, пішуць "Борисовские новости".

Цягнікі ў Крым ідуць амаль пустыя, а прыязджаюць са спазьненьнем на 10 - 15 гадзінаў, поўныя абураных людзей. Карэспандэнтка "Комсомольской правды" в Белоруссии" праводзіла цягнік, які ад''язджаў у Сімферопаль, і сустракала той, які прыязджаў з Крыму. Рэпартаж чытайце ў сьвежым нумары "Комсомолки".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG