Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП прапануе стварыць бібліятэку ў турме на Акрэсьціна.


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе стварыць бібліятэку ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна, дзе часта адбываюць пакараньні актывісты апазыцыі. У АГП заяўляюць, што гатовыя для пачатку перадаць туды каля тысячы кніг. Ці рэальная гэткая ініцыятыва, высьвятляў наш карэспандэнт.

Думка стварыць бібліятэку ў менскай адміністрацыйнай турме на вуліцы Акрэсьціна ўзьнікла ў актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі пасьля сакавіцкіх падзеяў на Кастрычніцкай плошчы. Дзясяткі зь іх апынуліся тады за кратамі, дзе выразна зразумелі, як цяжка знайсьці зьняволеным занятак. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька чарговым разам адсядзеў свае “суткі” ў чэрвені. Палітык згадаў, зь якой прагай накідваліся на кнігі й прэсу ягоныя сакамэрнікі, у тым ліку і тыя, хто не цікавяцца палітыкай.

(Лябедзька: ) “Людзі ўпершыню даведаліся, што ёсьць такія газэты, як “Народная воля”, “Наша ніва”.Што ёсьць кнігі, даволі цікавыя. Мяркую, там бы з задавальненьнем чыталі Біблію, нейкую гістарычную літаратуру, чыталі б Караткевіча, Быкава, Акуніна. Ёсьць вялікае жаданьне чытаць, бо людзі прачнуліся і цэлы дзень наперадзе”.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што АГП гатовая сабраць ня меней за 1000 кніг і перадаць іх на Акрэсьціна. Адпаведная прапанова выкладзеная ў лісьце да адміністрацыі ўстановы.

Намесьнік начальніка турмы Сяргей Карповіч пагадзіўся, што арыштанты маюць праблемы з вольным часам, і бібліятэка магла б часткова вырашыць праблему. Міліцыянт паабяцаў вывучыць прапанову.

(Карповіч: ) “Ідэя разумная, вольнага часу шмат, хаця тут знаходзяцца адміністрацыйна арыштаваныя, якіх ўтрымліваюць у закрытых памяшканьнях, і законам наведваньне бібліятэкі не прадугледжана”.

Паводле спадара Карповіча, для адміністрацыйна асуджаных ў Менску не забаронена перадаваць з волі газэты і кнігі. Але ў іншых гарадох Беларусі становішча іншае, мяркуе Анатоль Лябедзька. Паводле яго дадзеных, у Магілёве ў мясцовай адміністрацыйнай турме перадаваць вязьням літаратуру не дазваляюць.

Вядомы прадпрымальнік, а цяпер таксама праваабаронца Валер Леванеўскі падчас свайго двухгадовага тэрміну дамогся адкрыцьця ў 22-ой івацэвіцкай калёніі бібліятэкі. Як яму гэта ўдалося і з чаго варта пачынаць працу?

(Леванеўскі: ) “Пачынаць трэба з накіраваньня скаргаў у адпаведныя ўстановы, бо паводле закону бібліятэка ў кожнай калёніі мусіць быць. Потым я разаслаў паўсюдна лісты з просьбамі дасылаць кнігі. На адрас калёніі пачалі прыходзіць кнігі і ўзьнікла праблема памяшканьня, гэтак заявілі мне ў адміністрацыі. Але гэта іх турбота, службовых памяшканьняў ў калёніях дастаткова, яны мусяць вырашыць гэтую праблему”.

Валер Леванеўскі тлумачыць нежаданьне некаторых адміністрацый папраўчых ўстаноў адкрываць бібліятэкі боязьзю таго, што дасьведчаныя ды добра інфармаваныя вязьні будуць скардзіцца на парушэньні іх правоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG