Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паменела індывідуальных прадпрымальнікаў


Ігар Карней, Менск Сёлета за першае паўгодзьдзе ў Менску зарэгістравалі каля тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў камітэт эканомікі Менскага гарвыканкаму. У той жа час ледзьве не ўтрая больш прадпрымальнікаў спынілі дзейнасьць.

Як вынікае з дадзеных Менгарвыканкаму, большая палова даходнай часткі гарадзкога бюджэту фармуецца коштам адлічэньняў недзяржаўнай сфэры эканомікі. Аднак спэцыялістаў хвалюе, што сёлета пачалі працаваць 1076 прадпрымальнікаў, а 2731 з розных прычынаў спынілі сваю дзейнасьць. Найбольш часта яны наракаюць на дзеяньні падатковых органаў.

(Былы прадпрымальнік: ) “Калі падатковы інспэктар прыходзіць, то, згодна нават з інструкцыямі, ён адзін раз на год мусіць праверыць – і ўсё, дастаткова. Але напісаў хтосьці ананімку, што тут штосьці “нячыста” (а не дай Божа галоўны бугальтар яшчэ памыліўся), 300 тысяч рублёў няўлічаных знайшлі – і ўсё, канец, пакараюць па поўнай праграме. Таму што ён прыйшоў з мэтавай праверкай, хоць парушэньне было абсалютна мізэрнае”.

Экспэрты кажуць, што статыстыка “зьліквідаваных” насамрэч можа быць яшчэ большай. Проста працэдура ліквідацыі ў беларускіх умовах вымагае немалых грашовых выдаткаў і бясконцага хаджэньня па інстанцыях. У выніку фірма фармальна існуе, але ніякай дзейнасьці не ажыцьцяўляе. Як кажа эканаміст Георгій Бадзей, прайграўшы змаганьне з фіскальнымі органамі чалавек ня можа вырвацца ні з прадпрымальніцкага кола, ні зарэгістравацца на біржы працы.

(Бадзей: ) “Такімі шляхамі з беспрацоўем сапраўды змагацца можна – але толькі для бачнасьці. Дзяржава нічога ім не плаціць, людзі не ідуць на біржу рэгістравацца. Тады можна ўвогуле сказаць, што ў нас усё ў парадку. Беспрацоўе зьліквідаванае, бо ніхто не ідзе рэгістравацца”.

Крыху лепшай падаецца сытуацыя зь юрыдычнымі фірмамі. У гарадзкім камітэце эканомікі паведамілі: за першае паўгодзьдзе зарэгістравана 1610 новых прадпрыемстваў, у той час, як ліквідавана 625. Сярод пацярпелых значную частку складаюць рыэлтарскія канторы, якія пасьля ўвядзеньня абавязковага ліцэнзаваньня дзейнасьці мусяць заўчасна пакідаць рынак сталічнай нерухомасьці. Камэнтар супрацоўніцы Менгарвыканкаму.

(Супрацоўніца выканкаму: ) “Можа гэта й лепш. Застануцца кваліфікаваныя і вялікія агенцтвы. Таму што малыя часта так сябе паводзяць, што псуюць усю карціну, усё ўражаньне ад агенцтваў. Шмат дрэнных водгукаў з-за таго, што няякасна аказваюцца паслугі. А, як правіла, гэта дазваляюць сабе толькі тыя агенцтвы, якія можна назваць “аднаразовымі” – толькі б сарваць куш, а далей ужо ні імідж, нічога ня важна”.

Аднак нават у такіх умовах, як сьведчыць статыстыка Менгарвыканкаму, супольныя падатковыя адлічэньні прадпрымальнікаў і прыватных арганізацый складаюць у Менску 50,4% ад агульных паступленьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG