Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады высяляюць неплацельшчыкаў за камунальныя паслугі


Радыё Свабода Гарадзкія ўлады Менску пачалі кампанію змаганьня з неплацельшчыкамі за жыльлёва-камунальныя паслугі. Некаторых з тых, хто мае вялікую запазычанасьць, нават высяляюць з кватэраў.

Паводле менскіх чыноўнікаў, кампанію справакавалі неплацельшчыкі, ад якіх церпіць жыльлёва-камунальная гаспадарка. У жніўні запазычанасьць жыхароў перад ёю склала звыш 9 мільярдаў рублёў. Гэта – прыблізна дзясятая частка даходаў ЖКГ. Таму ўлады вырашылі змагацца з даўжнікамі. Хто яны? Адказвае намесьнік дырэктара ЖРЭУ Партызанскага раёну Ільля Лявіцкі:

(Лявіцкі: ) “Першая катэгорыя – гэта п’яніцы. Другая катэгорыя – гэта праблемныя сем’і. Напрыклад, адна маці выхоўвае двух-трох дзяцей. І трэцяя катэгорыя – лянівыя, недысцыплінаваныя. Вось у нас больш 400 мільёнаў рублёў пратэрмінаванай запазычанасьці”.

Менскія ўлады ўжываюць розныя меры для спагнаньня запазычанасьці зь неплацельшчыкаў. Адным адключаюць газ і электрычнасьць, на іншых падаюць у суд, трэціх высяляюць. Гаворыць прадстаўніца ЖРЭУ Маскоўскага раёну Менску Маргарыта Баршчэўская:

(Баршчэўская: ) “Мы знаходзім, напрыклад, такіх, што ўсе дарослыя чальцы сям’і ня плацяць беспадстаўна і жывуць у двухпакаёўцы, трохпакаёўцы, і тады перасяляем у аднапакаёўкі. Практыка пайшла, і гэта вельмі добра. Людзі пра гэта чуюць і ўжо неяк імкнуцца аплочваць”.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд параўноўваў беларускі й заходнія мэханізмы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Вось да якой высновы ён прыйшоў:

(Навасяд: ) “Сама сацыяльная сыстэма, якая там існуе, сацыяльнае страхаваньне, пэнсійнае забесьпячэньне, і наагул, пазыцыя дзяржавы такая, што выкарыстоўваюць такія меры толькі як выключэньне. У нас жа галоўная прычына такіх высокіх камунальных плацяжоў у тым, што дзяржава мае манаполію на іх аказаньне”.

Паводле афіцыйных зьвестак, менская міліцыя сёлета папярэдзіла 12 тысяч неплацельшчыкаў, 11 тысячам адключылі камунальныя паслугі, у судах разглядаецца 36 спраў пра высяленьне, зь якіх шэсьць ужо задаволена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG