Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: “Чарніла”


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

“Чарнілам” напачатку называлі мацаванае, прыпраўленае штучнымі фарбавальнікамі віно. А неўзабаве сталі называць усе танныя віны. Само слова ўзьнікла пры канцы шасьцідзясятых, і самым знакамітым “чарнілам” стаўся “Санцадар” коштам адзін рубель дваццаць капеек за пляшку. Ён меў 20 градусаў моцнасьці (апівуды казалі: 20 абаротаў) і ад яго нават дужых і здаровых мужчынаў цягнула на ваніты. Былі выпадкі, што ад “Санцадару” паміралі, і на пачатку сямідзясятых напой гэты зьнік з паліцаў. Лідэрам папулярнасьці на той час стала “Яблычнае” коштам адзін рубель сямнаццаць капеек. Яго яшчэ называлі “чарвіўкай”. Папулярнасьць віну забясьпечвалі адносна нізкі кошт і малы адсотак цукру. У прафэсійных апівудаў было тры крытэры вызначэньня якасьці “чарніла”: як мага нізкі кошт, колькасьць градусаў і нізкі адсотак утрыманьня цукру. Калі якога п’янтоса пыталіся: якое “чарніла” даюць, ён адказваў дарэшты ляпідарна: “18/4”. Гэта значыць, 18 градусаў моцнасьці і 4 адсоткі цукру. Смакавыя якасьці і водар у разьлік ня браліся. Праўда, самі піятыкі слова “чарніла” не любілі, і называлі напой у ангельскім стылі: “чарлі”.

“Яблычнае” віно пэўны час завозілі таксама з Латвіі. Паколькі на цэтліку быў надпіс “Abolu”, яго сталі называць на славянскі манер – “Аболтусам”. Латыскі “аболтус” тхнуў дражджамі і даваў густую пену.

Самым лепшым лічылася пладова-ягаднае віно коштам 98 капеек. Зьяўлялася яно ў продажы зрэдку і таго ж дня разьбіралася. А вось клясычным узорам сапраўднага “чарніла”, агіднага на смак і шчодра прыпраўленага фарбавальнікам, быў “Вэрмут” за рубель – дваццаць дзьве. Абмакнуўшы ў яго гусінае пяро, ім і сапраўды можна было пісаць лісты. “Вэрмут” быў яшчэ вядомы тым, што меў асадак у выглядзе нейкага дробнага шлаку. Столькі ж каштавала “Волскае”. На цэтліку там быў намаляваны ветразьнік, і віно з тае нагоды менавалі “Пірацкім”. Ну а самым сьмярдзючым было “чарніла” пад назваю “Араматызаванае”.

Галаву раніцой папраўлялі сталовым віном “Алігатэ” за рубель -- ноль дзьве. Яно заўсёды было ў продажы. Віно было кіслым да такой ступені, што трашчалі зубы. Любілі апахмяліцца і яблычным сыдрам (народная назва “Сідар Люты” – у гонар героя фільму “Няўлоўныя помсьнікі”).

Паводле афіцыйных падлікаў, у 1983 годзе так званыя п’яныя грошы, то бок, выручаныя ад рэалізацыі гарэлкі і “чарніла”, складалі 40 мільярдаў рублёў. На пачатку перабудовы Міхал Гарбачоў паспрабаваў змагацца з апівудамі і зазнаў сакрушальную паразу. Дзяржаўны карабель натыкнуўся тады на айсбэрг народнага абурэньня і ўрэшце рэшт патануў у разьліўным моры “чарніла”.
XS
SM
MD
LG