Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да месца разьмеркаваньня не даяжджае кожны пяты выпускнік-бюджэтнік


Ігар Карней, Менск Ад канца 90-х гадоў студэнты-выпускнікі, якія навучаюцца коштам дзяржаўнага бюджэту, мусяць адпрацаваць год ці два паводле так званага разьмеркаваньня. У 2002 і 2003 гадах урад двойчы ўносіў папраўкі ў законы, якія рэгулююць пытаньні сфэры адукацыі. У выніку абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў ня толькі засталося, але набыло новыя формы: у прыватнасьці, студэнты-бюджэтнікі, якія ня зьявяцца на месца разьмеркаваньня, абавязаныя кампэнсаваць дзяржаве кошт навучаньня

Да канца жніўня выпускнік павінен прыехаць на вызначанае месца, дзе, маючы вышэйшую ці сярэднюю спэцыяльную адукацыю, мусіць адпрацаваць мінімум два гады, а з дыплёмам прафэсійна-тэхнічнай вучэльні — год.

Разам дзяржаўная сфэра штогод выпускае каля 25 тысяч маладых спэцыялістаў, яшчэ дзясятак тысяч прыпадае на камэрцыйнае навучаньне і недзяржаўныя ўстановы. Пры гэтым патрэба дзяржавы ў маладых спэцыялістах складае ўсяго 18 тысяч. Экспэрты ў гэтым зьвязку кажуць пра аб’ектыўны перабор кадраў, якіх цяжка ўладкаваць нават з дапамогай прымусовага разьмеркаваньня.

Аднак пасьлядоўным прыхільнікам разьмеркавальнай практыкі ёсьць Аляксандар Лукашэнка. Вось як ён казаў пра гэта з трыбуны так званага Усебеларускага народнага сходу:

(Лукашэнка: ) “Дзяржава заклапочаная, каб вытворчасьць была і на поўдні, і на поўначы, на ўсходзе і на захадзе. І яна мае права папярэдзіць абітурыента, а потым і студэнта: ты паступаеш на бюджэтнае фінансаваньне, дзяржаўным коштам, але мусіш адпрацаваць колькі там гадоў (усяго толькі!) паводле разьмеркаваньня. Ня хочаш — выбірай: прыватная установа — сам плаці, дзяржаўная — давядзецца па нейкіх спэцыяльнасьцях паехаць папрацаваць на якуюсьці тэрыторыю. А як інакш? Як сёньня рэгуляваць паток працоўнай сілы? Таму будзе разьмеркаваньне студэнтаў!”

Лукашэнка ўдакладніў: ледзьве ня ўсе студэнты хацелі б застацца ў Менску. Але сам кіраўнік краіны ў такім выпадку бачыць для бальшыні два варыянты працаўладкаваньня: дзяўчаты апынуцца на “стомэтроўцы”, а хлопцы будуць сьпівацца, ходзячы на апазыцыйныя мітынгі.

Студэнтам-выпускнікам, якія навучаюцца коштам рэспубліканскага ці мясцовага бюджэтаў, заканадаўча гарантуецца працоўнае месца, грашовая кампэнсацыя і крэдыты на індывідуальнае будаўніцтва. І ўсё ж да месца разьмеркаваньня, як сьведчыць статыстыка разьмеркавальнай практыкі, не даяжджае кожны пяты студэнт. Падпісаўшы працоўны кантракт, ёсьць ня толькі рызыка трапіць у месца без прыкметаў цывілізацыі ці чарнобыльскую зону.

Вызваленьне зь “няволі” магчымае толькі ў выпадку, калі ўчорашні студэнт зойме выбарную пасаду (што пры адсутнасьці стажу малаверагодна), альбо самаліквідуецца само прадпрыемства. У іншым выпадку на “дэзэртэра” працадаўцы могуць падаць у суд. Пры такіх умовах уладкавацца ў іншым месцы складана: прадпрыемства, якое не дапільнавала “беглага” спэцыяліста, рызыкуе стаць адказьнікам у судзе і выплачваць грошы за яго навучаньне.

Выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Вадзім сёлета быў накіраваны ў Гомельскую вобласьць. Пра свой працоўны дэбют расказвае наступнае:

(Вадзім: ) “Напачатку жніўня я прыехаў пасьля разьмеркаваньня ў Петрыкаў, дзе па спэцыяльнасьці аўтамэханік працую ў ПМК. Але па сутнасьці, на адно месца, такіх, як я, тры чалавекі. Іншымі словамі, абавязкаў ніякіх няма, затое лічыцца, што мяне накіравалі паводле разьмеркаваньня. Відавочна, у гэтым выпадку грэе думка (не мяне, канечне, а кіраўнікоў якіхсьці высокіх), што ўсе студэнты ў нас разьмеркаваныя і працуюць. Хоць насамрэч сытуацыя такая, што працы няма”.

Былы прарэктар Белдзяржунівэрсытэту Анатоль Паўлаў перакананы: людзей пазбаўляюць права на свабодную працу, а практыка разьмеркаваньня тлумачыцца немагчымасьцю завабіць маладых спэцыялістаў годнымі заробкамі. Паводле спадара Паўлава, праблему трэба вырашаць эканамічнымі мэтадамі.
XS
SM
MD
LG