Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя рыхтуецца да мясцовых выбараў


Радыё Свабода Удзельнікі сёньняшняга пасяджэньня палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў назвалі сваёй галоўнай задачай на найбліжэйшы час абраньне дэмакратычна арыентаваных дэпутатаў у мясцовыя органы ўлады.

Час, які аддзяляе сёньняшняе паседжаньне ад папярэдняга, кіраўнікі дзьвюх апазыцыйных партыяў — Аб’яднанай грамадзянскай і Партыі камуністаў — скарысталі для падрыхтоўкі свайго варыянту сумесных дзеяньняў, гаворыць Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Мы ўзялі за аснову наступны падыход: адзіны дакумэнт, які быў адзінагалосна прыняты ўсімі суб’ектамі палітычнай рады, — асноўныя кірункі дзенйасьці. Іх дзесяць. І таму плян грунтуецца на гэтых дзесяці кірунках. Пад кожны зь іх ёсьць канкрэтны набор мерапрыемстваў і інструмэнтаў рэалізацыі. Ахопліваецца, натуральна, усё — пачынаючы з вулічных акцыяў, выбарчай ды мабілізацыйнай кампаніяў, працы з насельніцтвам”.

Кіраўнік рады Аляксандар Мілінкевіч тлумачыць, чаму сёньня рада зноў вярнулася да пляну дзеяньняў апазыцыі, які яна ўжо ўхваліла больш за месяц таму:

(Мілінкевіч: ) “Той раз, калі мы прымалі плян дзеяньняў, не было Калякіна і Лябедзькі. А кворум быў, і мы ўхвалілі плян. Але Калякін і Лябедзька сказалі, што некаторыя рэчы яны хацелі б падкарэктаваць. І мы ім адказалі: уносьце прапановы, але ўсё асноўнае з таго пляну застанецца. А ўсё цікавае, што прапануецца, калі ласка. Так і было”.

Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня адзначалі: мясцовыя выбары — галоўная мэта, але толькі на найбліжэйшы час. Абсалютызаваць іх нельга, паколькі выбары ёсьць толькі складовай часткай агульнай стратэгічнай схемы. Прынамсі, лідэр АГП лічыць так:

(Лябедзька: ) “Нам усё ж патрэбна будзе выбраць, што, пры наяўнасьці чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў, мы робім у першую чаргу. Я прытрымліваюся пазыцыі, што галоўным прыярытэтам гэтай восені можа быць падрыхтоўка да палітычнай кампаніі — мясцовых выбараў”.

Паводле старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, меркаваная дата выбараў — 14 студзеня 2007 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG