Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як правялі першы дзень на волі актывісты “Партнэрства”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Эніра Браніцкая ўжо зьмяніла прычоску, а Аляксандар Шалайка нанова пазнаёміўся з малым сынам. Як правялі першы дзень на волі актывісты “Партнэрства” й што зьбіраюцца рабіць днямі?

Актывісты “Партнэрства” Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка выйшлі ўчора на волю пасьля паўгадовага зьняволеньня.

Эніра не хавала захапленьня першымі гадзінамі свабоды пасьля турэмнай камэры: да вечара яна сустракаліся і размаўляла з бацькамі ды сваякамі, а потым са сваім блізкім сябрам Валянцінам. Сёньняшні дзень таксама пачаўся для Эніры вельмі рамантычна:

(Браніцкая: ) “Я ўжо зрабіла новую прычоску, зрабіла манікюр — я прыводжу сябе ў парадак. Сустрэлася зь сяброўкай, цяпер мы гуляем па горадзе. Да таго ж сёньня дзень нараджэньня майго бацькі. Цяпер паеду да бацькоў, павяжу на сябе банцік і буду для іх галоўным падарункам. Што да плянаў на будучыню, то на выходныя я мару паехаць у лес, і я зраблю гэта. А да таго будуць сустрэчы зь сябрамі “Партнэрства”, сустрэчы з тымі, хто нас падтрымліваў. Вось так. Пакуль нічога асабістага”.

Эніра згадала шпацыры ў дворыку ізалятару КДБ, дзе няма нават травы, ня тое што дрэваў. Дзяўчына сказала, што ўсе шэсьць месяцаў няволі марыла апынуцца хоць на хвілінку ў лесе. Яшчэ яна думае аднавіць свае рэгулярныя заняткі спортам — раней яна бегала ў менскім парку Бангалор.

А вось Аляксандар Шалайка ўжо на другі дзень волі зьехаў зь Менску.



Мой званок засьпеў былога вязьня “амэрыканкі” ў Лагойску, дзе жывуць бацькі ягонай жонкі Веры. Малады чалавек распавёў, што ўвесь ўчорашні дзень быў для яго падзелены на размовы са сваякамі ды інтэрвію журналістам. Сёньня ён не выпускае з рук свайго гадавалага сына Цімку, які за паўгоду пачаў хадзіць і крыху адвык ад таты.

(Шалайка: ) “Спачатку ён мяне нават ня вельмі пазнаваў, крыху баяўся. Цяпер, цягам гэтага дня, стала крыху прасьцей. Ён пачынае ўсьміхацца, абдымаць мяне — і таму, мяркую, хутка ён сапраўды адчуе, што тата вярнуўся”.

Пра свае пляны Аляксандар Шалайка сказаў наступнае:

(Шалайка: ) “Усе сілы цяпер трэба кінуць на тое, каб наблізіць той час, калі таксама і Мікалай Астрэйка зь Цімафеем Дранчуком выйдуць на волю. І яшчэ: я ведаю, што пасьля ўсіх гэтых падзеяў, якія былі напярэдадні выбараў, пасьля нашага арышту, шмат хто з грамадзкіх актывістаў, мабыць, задумаўся, ці варта далей займацца грамадзкай дзейнасьцю. Я лічу, што цяпер нашая задача запэўніць іх у тым, што ў любых умовах грамадзкую дзейнасьць варта працягваць. Проста трэба быць больш разумнымі, больш дасканалымі, але ня трэба баяцца”.
XS
SM
MD
LG