Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў і Алесь Пашкевіч атрымаюць дзяржаўныя ўзнагароды Ўкраіны


Радыё Свабода, Менск Да 15-годзьдзя незалежнасьці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў указ аб узнагароджаньні шэрагу замежных грамадзянаў, сярод якіх беларускія пісьменьнікі Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў і Алесь Пашкевіч. Высокія дзяржаўныя ўзнагароды яны атрымалі “за важкі асабісты ўклад у разьвіцьцё міжнароднага супрацоўніцтва, умацаваньне аўтарытэту й станоўчага іміджу Ўкраіны ў сьвеце, папулярызацыю яе гістарычных і сучасных дасягненьняў”.

Ніл Гілевіч адзначаны ўкраінскім ордэнам князя Яраслава Мудрага 2-й ступені. Такой жа ўзнагародай уганараваныя разам зь ім генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна, былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал і экс-міністар замежных справаў Літвы Антанас Валеніс. Спадар Гілевіч сёньня цягам дня прымаў віншаваньні ад сяброў.



(Гілевіч: ) “Вельмі ўсхваляваны такой дарагой для мяне навіной. Я ўзрушаны проста. Вядома ж, гэта вялікая нечаканасьць. Я вельмі, вельмі ўдзячны ўраду Ўкраіны, прэзыдэнту Юшчанку перш за ўсё, маім украінскім сябрам. Гэтая ўзнагарода дапаможа мне пратрымацца і папрацаваць на літаратуру беларускую і на ўкраінскую”.

Зусім інакш паставіліся да народнага паэта, які неўзабаве адзначыць 75-годзьдзе, беларускія ўлады. Раней выдавецтва “Мастацкая літаратура” плянавала выдаць кнігу ягонай лірыкі “Выбранае”.

(Гілевіч: ) “Мне патэлефанавалі з выдавецтва і сказалі, што там недзе вышэй вашу кніжку выкінулі, ня выйдзе. Выкінулі”.

Чаму ж беларускія літаратары ня маюць узнагародаў у Беларусі?

(Гілевіч: ) “Няма прарокаў у сваёй айчыне. У нас з большай радасьцю паспрыяюць ці арганізуюць, каб людзі вядомыя, якія нешта зрабілі для сваёй беларускай культуры, а разам з тым зрабілі сёе-тое і для дружбы народаў, — замест гэтага ў нас хутчэй каб пазбыцца — каб, скажам, пісьменьнік вымушаны быў пакінуць бацькаўшчыну, выехаць. Зробяць так, каб па магчымасьці такія творцы, такія людзі былі невядомыя, замоўчаныя”.

Сяргей Законьнікаў атрымаў украінскі ордэн “За заслугі”. Ён згадвае, як у 1989 годзе пасьля яго выступу ў Кіеве студэнты ўпершыню ўзьнялі забароненыя жоўта-блакітныя сьцягі на плошчы. Спадар Законьнікаў таксама ня надта чакае ўзнагародаў ад беларускіх уладаў:



(Законьнікаў: ) “Я, напрыклад, зь вялікім задавальненьнем цяпер бы выпусьціў проста сваю кніжку, таму што як бы ў незалежнай дзяржаве, а я за пятнаццаць гадоў ня выпусьціў ніводнай сваёй паэтычнай кнігі. Так што мне было б лепш, каб я выпусьціў кнігу сваю. Ну, а так усё ж гэта залежыць ад той улады, як яна ставіцца да культуры, да літаратуры, да таго, што робяць творцы”.

Алесь Пашкевіч таксама атрымаў украінскі ордэн “За заслугі”. Ён згадвае, што фактычна за гады незалежнасьці беларускія пісьменьнікі ня мелі падобных дзяржаўных узнагародаў ад уладаў Беларусі. Званьне народнага пісьменьніка наагул замарожанае. Непаразуменьне з уладай у літаратараў цягнецца амаль дванаццаць гадоў.



(Пашкевіч: ) “Беларускія пісьменьнікі ніяк ня могуць пагадзіцца з растаптаньнем нацыянальнай сымболікі, з прыцясьненьнем беларускай мовы ў дзяржаве, з рэпрэсаваньнем сваіх пэрыядычных выданьняў. Ну, і безумоўна з адабраньнем уласнага дому — Дому літаратараў. Вось тыя прычыны, якія, можа, не дазваляюць напоўніцу беларускім творцам пачуцца сваімі ў сваёй дзяржаве”.
XS
SM
MD
LG