Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні працягваецца суд над актывістамі Саюзу палякаў


Радыё Свабода Сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні працягваецца разгляд справы Андрэя Пачобута й Мечыслава Яскевіча — актывістаў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў.

Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч апытала некалькіх сьведкаў, якім 70—80 гадоў. Яны гаварылі, што 15 жніўня на гарадзенскіх вайсковых могілках маліліся разам з ксяндзом за жаўнераў Войска Польскага і не хацелі, каб іх у гэты час здымалі на відэа. Сьведкі адмаўлялі, што Пачобут і Яскевіч па-хуліганску перашкаджалі здымачнай групе абласнога тэлебачаньня.

На судовым паседжаньні былі рэдактар тэлебачаньня Ўладзімер Лобан і апэратар Андрэй Бялятка. Яны адмовіліся выказаць сваё меркаваньне для нашага радыё. Спадар Лобан паведаміў толькі, што яны не змаглі зрабіць сюжэту пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў, і ён мусіў пісаць з гэтай нагоды тлумачэньне для свайго кіраўніцтва.

На судзе сёньня прысутнічала прадстаўніца Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні Зоф’я Шмыд.

---------------------------------

Нагадаем галоўныя этапы канфлікту. У сакавіку 2005 году на чарговым 6-м з’ездзе Саюзу палякаў Беларусі яе новым старшынём была абраная Анжаліка Борыс. Улады аддавалі перавагу ранейшаму кіраўніку Саюзу Тадэвушу Кручкоўскаму.

Дзейнасьць новай кіраўніцы Саюзу не задавальняла ўлады. У траўні 2005 году міністэрства юстыцыі скасавала вынікі 6-га з’езду Саюзу палякаў, абраньне Борыс было прызнана несапраўдным. У жніўні 2005 году пры падтрымцы ўладаў быў праведзены паўторны 6-ы з’езд Саюзу палякаў, на якім старшынём быў абраны Юзаф Лучнік.

Канфлікт вакол Саюзу палякаў суправаджаўся рэпрэсіямі супраць прыхільнікаў Борыс і шырокой інфармацыйнай кампаніяй у беларускіх дзяржаўных мэдыях, падчас якой кіраўніцтва Саюзу на чале з Анжалікай Борыс абвінавачвалася ў нелаяльнасьці да беларускай дзяржавы. Польскія ўлады і грамадзкія арганізацыі падтрымлівалі Борыс і яе прыхільнікаў, менавіта іх Варшава лічыць сапраўдным кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі. Польскі бок кваліфікаваў дзеяньні беларускіх ўладаў адносна Саюзу Палякаў як парушэньне правоў польскай этнічнай меньшасьці ў Беларусі.

Гл. таксама: • Пачобута і Яскевіча прывезьлі ў суд (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG