Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад абмяркуе эканамічны прагноз на 2007 год


Радыё Свабода Сёньня Прэзыдыюм Савету Міністраў будзе разглядаць прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі ў наступным годзе.

Пэрспэктыўным плянаваньнем сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі займаецца Міністэрства эканомікі. Аднак пра канкрэтныя напрацоўкі тут казаць адмаўляюцца. Тлумачыць афіцыйная прадстаўніца Мінэканомікі Натальля Пацэйка:

(Пацэйка: ) “Зараз вам ніхто нічога не скажа, таму што ўсё ўдакладняецца”.

Паводле эканаміста Льва Марголіна, прагназаваць сацыяльна-эканамічны клімат наступнага году досыць складана.

(Марголін: ) “Думаю, што лёгкага году не будзе. Тут шмат чыньнікаў. Гэта і стасункі з Расеяй, цана на газ, як будзе далей разьвівацца сытуацыя з нафтапрадуктамі, бо там таксама ёсьць пытаньні з расейскага боку, каб мы зь імі дзяліліся акцызамі. Такія пытаньні ўжо ўзьніклі па многіх накірунках. Гэта і цукар. Гэта і прадукцыя кандытарскіх фабрык, дзе расейцы раптам заўважылі, што мы карыстаемся тымі брэндамі, якія ў іх запатэнтаваныя. Тут таксама могуць быць нейкія захады з боку Эўразьвязу, таму што ёсьць справа з парушэньнем правоў прафсаюзаў і тымі мерамі, якія Эўразьвяз можа недзе ў кастрычніку прыняць у адносінах да Беларусі”.

Найбольшы розгалас атрымала праблема кошту расейскага газу. Як лічаць спэцыялісты, канчатковыя лічбы здольныя паўплываць на вытворчыя пляны ледзьве ня кожнага беларускага прадпрыемства. Напрыклад, Менскі аўтазавод сёлета мае добрыя эканамічныя паказчыкі, якія ў наступным годзе зьбіраецца палепшыць. Аднак магчымага павялічэньня цаны расейскага паліва тут асьцерагаюцца. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік МАЗу Валянцін Лопан:

(Лопан: ) “Калі ўлічыць тое, што газ у Расеі будзе даражэйшы на 15 працэнтаў таксама з новага году, і даражэйшы для беларускіх прадпрыемстваў, то нашыя пастаўшчыкі, напэўна ж, паднімуць цэны. А ў сабекошце ў нас да 80 працэнтаў гэта складае. Таму адчуем вось такім чынам пад’ём цэнаў на газ. Не напрамую цэнаў на газ, які мы купляем, і на электраэнэргію, на цяпло, а праз камплектуючыя, якія ідуць да нас на канвэер”.

Мяркуецца, што на сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму Савету Міністраў будуць таксама разгледжаны пытаньні бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі ў наступным годзе.
XS
SM
MD
LG