Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: Мусьлім Магамаеў


Вінцэсь Мудроў. Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Самым вядомым і папулярным сьпеваком у першай палове 60-х быў Мусьлім Магамаеў. Ён нарадзіўся ў інтэлігентнай бакінскай сям’і. Ягоны дзядзька займаў у Азэрбайджане высокі партыйны пост, і, маючы такія тылы, Магамаеў не паскудзіў сваёй біяграфіі членствам у КПСС. І ў адрозьненьне ад таго ж Іосіфа Кабзона, яму ня трэба было барвавець ад натугі, выконваючы песьні пра камсамол. Зрэшты, вядомасьць ён набыў дзякуючы менавіта песьні грамадзянскага гучаньня: у дваццаць гадоў выканаў на сцэне Крамлёўскага палацу зьездаў “Бухенвальдзкі набат”. Публіку уразіў драматычны барытон маладога сьпевака, несавецкая зьнешнасьць і манера выкананьня. Сьпяваў Магамаеў з опэрным размахам, разьдзьмуўшы ноздры, раскрыліўшы рукі, і быў падобны да рэактыўнага Ту-104 на ўзьлёце. Пасьля таго, дарэчы, набыў папулярнасьць і “Бухенвальдзкі набат”. Песьню сталі выконваць хары мастацкай самадзейнасьці, якія за хрушчоўскім часам былі ледзь не на кожным прадпрыемстве.

У 1964 годзе Мусьлім Магамаеў стажыраваўся ў мілянскім тэатры “Ла Скала”. Адтуль ён прывёз пару балоньневых плашчоў і некалькі навачасных італійскіх песень. Сярод іх была песенька пад назваю “У дарогу”. Народ яе называў больш мудрагеліста: “Эгэ-гэй, халі-галі”. На яе матыў было пакладзена процьма саматужных тэкстаў – і “Самагон самі гонім, самагон самі п’ем”, і “Каменный век, пещера среди гор”, і “26-го – все люди крепко спят…” – гэта пра ташкенцкі землятрус 1966 году. Аднак самым забойным магамаеўскім гітом была “Каралева прыгажосьці”. У жаночых інтэрнатах кружэлку з запісам “Каралевы” круцілі амаль безь перапынку.

У 1966 годзе Магамаеў зьнік з радыё- і тэлеэтэру. У зьвязку з тым узьніклі самыя неверагодныя чуткі. Казалі, у прыватнасьці, што Магамаева пасадзілі за згвалтаваньне, і што сьпявачка Мая Крысталінская пасьля таго спрабавала засіліцца. У якасьці доказу згадвалі хусьцінку, якую сьпявачка стала завязваць на шыі. Насамрэч Магамаеву ўчынілі ідэалягічную прафіляктыку пасьля таго, як ён паспрабаваў застацца на год у Францыі.

Вяртаньне “бакінскага салаўя” на эстраду было трыюмфальным. І апагеем трыюмфу стала песьня “Вясельле”. “А где-то свадьба, свадьба, свадьба пела и плясала”, -- сьпяваў Магамаеў. У песьні было столькі патаснага бязьбежжа, у голасе сьпевака было столькі трапяткой асалоды, што жанчыны-саракоўкі мэдытатыўным чынам станавіліся нявестамі, і ляцелі на конях па вясковай праселіцы, і поруч, абдымаючы іхны распаўнелы стан, ляцеў жаніх – зорка савецкай эстрады Мусьлім Магамаеў.
XS
SM
MD
LG