Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына лічыць скаргу каманды Мілінкевіча “палітычнай акцыяй”


Радыё Свабода, Прага На думку старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, скарга, пададзеная ў Вярхоўны Суд прадстаўнікамі каманды Аляксандра Мілінкевіча датычна мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, “з’яўляецца палітычнай акцыяй і ня можа мець ніякіх юрыдычных наступстваў”.

Нагадаем, што пад зваротам з патрабаваньнем скасаваць афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў паставілі свае подпісы каля 6 тысячаў чалавек.

Паводле Ярмошынай, рашэньне Цэнтарвыбаркаму з’яўляецца канчатковым, яна мяркуе, што асобы, якія зьвярталіся ў ЦВК наконт прызнаньня выбараў несапраўднымі, “ня здолелі падаць доказаў таго, што выбары адбываліся з парушэньнямі закону, якія паўплывалі на іх вынік”.

Лідзія Ярмошына выказала меркаваньне, што Вярхоўны суд прыме пастанову, у якой пакіне скаргу без разгляду, як непадведамасную.

Як паведаміў былы кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў, напрыканцы мінулага тыдня ў Вярхоўны суд была па пошце накіраваная скарга на дзеяньні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Разам з подпісамі амаль 6 тысячаў чалавек пасылка важыла 8 кілаграмаў. У звароце яго аўтары заклікаюць Вярхоўны суд перагледзіць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і прызначыць паўторныя выбары.
XS
SM
MD
LG