Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць палякаў супраць будаўніцтва АЭС


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Польскі ўрад заявіў пра намер падвысіць ўзровень энэргетычнай бясьпекі краіны коштам разьвіцьця ўласнай атамнай энэргетыкі – супраць будовы АЭС у краіне, аднак, выступае большасьць палякаў. Тым часам у шэрагу эўрапейскіх краінаў таксама плянуецца пабудаваць новыя рэактары.

Аб тым, што Польшча будзе разьвіваць уласную атамную энэргетыку, заявіў, прадстаўляючы праграму свайго ўраду ў Сэйме, прэм’ер-міністар Яраслаў Качыньскі.

“У нас ёсьць усе магчымасьці дзеля таго, каб у гэтай галіне не заставацца ў хвасьце, а стаць калі не побач з сусьветнымі лідэрамі, дык прынамсі быць у першых шэрагах”, - заявіў польскі прэм’ер.

Ён адзначыў, што Польшча павінна браць прыклад з краінаў, якія ўжо шмат гадоў пасьпяхова разьвіваюць атамную энэргетыку.

З аналізу, падрыхтаванага Агенцтвам рынку энэргіі вынікае, што ў Польшчы ўжо ў 2021 годзе будзе не хапаць энэргіі прыкладна столькі, колькі можа вырабіць адна атамная электрастанцыя, а ў 2030 годзе трэба будзе мець тры блёкі магутнасьцю паўтары тысячы мэгават кожны.

Паводле апытаньня грамадзкай думкі, падрыхтаванага на замову аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”, вынікае што большасьць палякаў – 57% выказваюцца супраць будаўніцтва ў краіне атамных электрастанцыяў, падтрымлівае гэтыя пляны кожны трэці апытаны.

На пытаньне чаму вы супраць, аж 82% з гэтых 57% адказваюць, што галоўная праблема, гэта страх перад магчымасьцю аварыі, кожны чацьверты апытаны кажа, што ня хоча каб такі аб’ект знаходзіўся недалёка ад ягонага дому, а 13% ня хочуць АЭС, бо іх будаўніцтва абыходзіцца вельмі дорага.

Дарэчы, пабудаваць адзін энэргаблёк, магутнасьцю паўтары тысячы мэгаватаў каштуе каля 3 мільярдаў эўра.

Паводле адмыслоўцаў, страх палякаў перад аварыяй можна зразумець, бо яны яшчэ добра памятаюць усё, што было зьвязана з Чарнобылем, а акрамя гэтага – у Польшчы ніколі не было атамных электрастанцыяў.

Навукоўцы супакойваюць.

“Тэхналёгіі, якія ёсьць цяпер, дазваляюць пабудаваць АЭС, дзе рызыка аварыі будзе практычна роўнае нулю, так што аб гэтым ня трэба будзе нават клапаціцца”, - кажа фізык, прафэсар Адам Гула.

Іншыя ж лічаць, што тэхналёгіі будаўніцтва АЭС надалей недастаткова дасканалыя.

Дарэчы шэраг эўрапейскіх краінаў – Фінляндыя, Францыя, Вялікая Брытанія, Літва, заяўляюць пра намер запусьціць новыя рэактары.

А ў ЗША, атамныя электрастанцыі працуюць у 31 штаце, забясьпечваючы энэргіяй кожны пяты амэрыканскі дом ці прадпрыемства.

Між тым, як лічаць адмыслоўцы, каб схіліць грамадзкую думку на карысьць будаўніцтва атамных электрастанцыяў у Польшчы, патрэбная працяглая і актыўная тлумачальная кампанія.

Нагадаем, што ўрад Беларусі сёлета ў чэрвені зацьвердзіў працоўны плян будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі, паводле якога будаўніцтва АЭС пачнецца да 2010 года і скончыцца да 2015.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG