Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гамельчукі думаюць пра путч і яго наступствы для Беларусі?


Радыё Свабода Пятнаццаць гадоў таму ў Маскве была зьдзейсьненая спроба дзяржаўнага перавароту. Што б чакала Беларусь у выпадку перамогі путчыстаў? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

(Спадар: ) “ГКЧП ня мог перамагчы. Савецкая сыстэма стаяла на краю пагібелі з эканамічных прычынаў. Калі б путчысты нават перамаглі, то ненадоўга. З эканамічнага гледзішча лёс Саюзу, як сыстэмы, быў вызначаны наперад”.

(Спадар: ) “Беларусь ня стала б незалежнай краінай, не атрымала б той незалежнасьці, якую мае цяпер. Калі параўноўваць той час са шляхам сёньняшняй Беларусі, то можна сказаць, што цяперашняе беларускае кіраўніцтва ідзе курсам, характэрным для ГКЧП. Гэта падаўленьне свабодаў, непавага да правоў чалавека, да Канстытуцыі, гэта непавага да дэмакратычных каштоўнасцяў”.

(Спадарыня: ) “Я памятаю дні ГКЧП. Зьдзіўляла тое, як лёгка мясцовыя партыйныя кіраўнікі пачалі танчыць пад дудку гэкачэпістаў. Нічога добрага Беларусі гэта не абяцала. Яна яшчэ колькі гадоў заставалася б “зборачным цэхам” СССР. Колішнія сакратары ды інструктары, якія цяпер пры ўладзе, да гэтага часу працягваюць здаваць Беларусь”.

(Спадар: ) “Было б усё нармалёва. Было б лепей, чымсьці цяпер. Я ня супраць Лукашэнкі, але было б лепей. Была б усім праца. Вы на заводы хадзілі? Я вось на “Карале” працую. Які гэта быў завод! Цяпер ён разбураны дашчэнту. Палова нашай гомельскай беспрацоўнай моладзі езьдзіць цяпер на заробкі ў Расею. За няшчасныя 200 баксаў яны сьпяць на падлозе, у падвалах”.

(Спадарыня: ) “Я ў палітыцы нічога не разумею”.

(Спадарыня: ) “Калі б ГКЧП перамог, Беларусь яшчэ працяглы час заставалася б у складзе СССР. Але вызвольны рух усё адно перамог бы ў нашай краіне. Страшна іншае: цяперашняя Расея імкнецца падоўжыць справу ГКЧП — праглынуць Беларусь”.

(Спадар: ) “Я думаю, што Беларусь ня стала б незалежнай краінай. Мы па-ранейшаму былі б у складзе Савецкага Саюзу. Каманда Янаева і Кручкова, што спрабавала захапіць уладу, — гэта рэакцыя на спробу дэмакратызаваць савецкае грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG