Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывучы ў вёсцы і зарабляючы на хлеб уласным мазалём, багатым ня станеш”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 20 жніўня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тэма многіх лістоў на “Свабоду” — лёс беларускай вёскі, прычыны яе заняпаду. Ці ўратуюць калгасную сыстэму аграгарадкі, у стварэньне якіх дзяржава ўкладае немалыя грошы? Якімі іншымі спосабамі можна ўтрымаць і замацаваць у вёсцы моладзь?

Адзін са слухачоў, якія спрабуюць адказаць на гэтыя пытаньні ў сваіх лістах на наша радыё, — Мікалай Дылеўскі з Пастаўскага раёну. Зь яго допісу і пачну сёньняшнюю размову.

“Лукашэнка, як вясковы чалавек, разумее, што адбываецца зь беларускай вёскай. І па-свойму спрабуе выратаваць яе. Яму здаецца, што выйсьце — стварэньне аграгарадкоў. На гэтую справу накіроўваецца шмат дзяржаўных сродкаў. На цэнтральных сядзібах гэтых аграгарадкоў будуюцца новыя дамы, рамантуюцца вуліцы. А тым часам побач, за некалькі соцень мэтраў ад новабудоўляў, зусім яшчэ новыя, моцныя дамы стаяць пустыя. Бо старыя людзі паўміралі, а моладзь заставацца ў вёсцы ня хоча. Каго сёньня завабіш заробкам сто тысяч рублёў? А менавіта столькі зарабляюць у нас у большасьці калгасаў.

І выйсьця з гэтага становішча не відаць. Лукашэнка ня першы спрабуе прывязаць людзей да зямлі з дапамогай добрых побытавых умоваў. Аграгарадкі — не ягонае вынаходзтва. Упершыню вёскі падзялілі на “пэрспэктыўныя” і “непэрспэктыўныя” яшчэ пры Хрушчову. Потым пры Брэжневу таксама забудоўвалі цэнтры калгасаў дамамі з усімі выгодамі, узводзілі вялікія дамы культуры, школы, паліклінікі... І ці дапамагло гэта ўтрымаць людзей? Не. Жывучы ў вёсцы і зарабляючы хлеб уласным мазалём, багатым ня станеш. Праца цяжкая, а прыбыткі зь яе малыя. Хлеб, малако, мяса ў нас ня цэняцца — зь іх не разбагацееш. Гэта ўсе бачаць, таму і мала ахвотных заставацца тут. І ніякімі новымі дамамі і кватэрамі людзей не завабіш”.

Хлеб, малако і мяса ў Беларусі, спадар Дылеўскі, не таньнейшыя (а ў многіх выпадках і значна даражэйшыя) чым у суседніх Польшчы, Літве, Расеі і Ўкраіне. Беларускія кошты на харчы ўжо фактычна выраўняліся з коштамі ў Эўразьвязе. Дык чаму ў такім разе нямецкі фэрмэр зарабляе за месяц тры тысячы эўра, і яму сельскай гаспадаркай займацца выгадна; а беларускаму калгасьніку плацяць за месяц пяцьдзясят эўра, і ён імкнецца ўцячы ў горад? Магчымых адказаў на гэтае пытаньне ня так шмат. Альбо беларускі калгасьнік — лайдак і кепскі работнік, і працуе ў пяцьдзясят разоў меней за немца; альбо нешта ня так у Беларусі з арганізацыяй самога вясковага жыцьця і працы на зямлі.

Адказ тут відавочны: нямецкі фэрмэр працуе на сябе, і дзяржава яму ў гэтым усяляк спрыяе. Яна, праўда, не будуе яму бясплатных дамоў, але затое стварыла такую сыстэму, пры якой фэрмэр здольны сам зарабіць і на добры дом, і на тэхніку, і на пашырэньне сваёй вытворчасьці. І замацоўваць моладзь у нямецкіх вёсках няма патрэбы, бо сваю справу і сваю ўласнасьць фэрмэр перадае не прызначанаму зьверху старшыні калгасу, а ўласным дзецям і ўнукам.

Ліст ад рабочага зь Менску Віталя Ласіцкага. Напісаць на “Свабоду” спадар Ласіцкі наважыўся пасьля таго, як на працягу многіх месяцаў безвынікова спрабаваў адстойваць уласныя правы ў розных чыноўніцкіх кабінэтах. Пачалося ўсё з таго, што фірма, у якой працаваў Віталь Ласіцкі, не заплаціла яму заробак за чатыры месяцы працы. Слухач піша:

“Я прайшоў усе інстанцыі, якія нібыта стаяць на варце працоўных правоў беларускіх грамадзянаў — Міністэрства працы, суд Партызанскага раёну, пракуратуру, Канстытуцыйны суд і, нарэшце, нават гаранта Канстытуцыі — прэзыдэнта. І ніхто ня здолеў дапамагчы мне атрымаць заробленыя грошы. Нягледзячы нават на тое, што суд прыняў рашэньне на маю карысьць — аб спагнаньні грошай зь фірмы.

Я прыйшоў да высновы, што рабочы чалавек у нас надзелены этэмернымі правамі, якія напісаны на паперы, але не выконваюцца ў сапраўднасьці. Цяперашняя беларуская рэальнасьць — гэта неабароненасьць рабочага. У Беларусі створаная глыбокаэшалянаваная сыстэма адпісак. Сам прэзыдэнт на адной з нарадаў сказаў: “Прыходзіш да чыноўніка — а ён плюе табе ў твар”. І гэта праўда. Цяжка ўсьведамляць, што працуеш у дзяржаве, якая ня можа рэальна абараніць права грамадзяніна на працу і дастойную аплату гэтай працы”.

Як можна зразумець з вашага, спадар Ласіцкі, ліста, кампанія, у якой вы працавалі, збанкрутавала, таму рашэньне суду аб спагнаньні зь яе грошай і застаецца ня выкананым. У такіх выпадках крэдыторам ды пакрыўджаным работнікам застаецца спадзявацца на маёмасьць даўжніка, якая павінна быць прададзеная за даўгі. Магчыма, у вашай сытуацыі яшчэ ня ўсё так безнадзейна.

А ўвогуле, зьява гэта даволі распаўсюджаная — асабліва ва ўмовах, калі рынкавыя дачыненьні ў эканоміцы толькі складваюцца, калі недасканалыя законы, якія да таго ж далёка не заўсёды выконваюцца. Здараецца гэта ня толькі з прыватнымі фірмамі-банкрутамі. На многіх дзяржаўных прадпрыемствах шматмесячныя затрымкі заробкаў — звыклая рэч. У заходніх краінах цяжка ўявіць сытуацыю, калі б работніку месяцамі не плацілі, а ён пры гэтым паслухмяна хадзіў на працу. У Беларусі гэта пакуль што будзённая рэальнасьць.

У нашай пошце шмат лістоў на тэму беларускай мовы, яе лёсу і будучыні. Звычайна слухачы наракаюць на дыскрымінацыю беларускамоўных грамадзянаў і прадказваюць паступовае звужэньне сфэры ўжытку мовы аж да поўнага яе зьнішчэньня. Свой погляд на гэтую праблему ў нашага даўняга сябра Алеся Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Ён лічыць, што беларускую мову чакае трансфармацыя:

“Мяркую, што распаўсюджаная ў нас трасянка паступова усталюецца, будзе ўнармаваная, на ёй можна будзе чытаць і пісаць. Тое, хутчэй за ўсё, і будзе новым варыянтам беларускай мовы. Час мяняе ўсё, у тым ліку і мовы — асабліва пад уплывам моцных суседзяў. Немцы далёка ад нас, і, тым ня менш, словаў іхных мы таксама маем багата. Вядома, няблага было б адрадзіць тарашкевіцу. Але гэта наўрад ці магчыма — псыхалёгію ўжо ня зьменіш. Надта цесна нас абдымалі суседзі. Псыхалёгія цяперашняга (і, напэўна, будучага) беларуса з тарашкевіцы нямногае прыме. Бо словы “калодзеж”, “магазін”, “аўтаручка” і іншыя гэткага ж кшталту цалкам сталі нашымі, беларускімі. Ад іх сківіцу ня зьверне, бо іх лёгка вымаўляць зь беларускім адценьнем. Кожная мова ўзбагачаная тымі словамі, якія ёй прыносілі найчасьцей заваёўнікі. А таму і няма патрэбы ламаць язык, рабіць перасадку душы. Вядома, слова “крама” прыгажэйшае, ды не на цяперашні час. Думаю, і мат расейскі дорага каштуе, калі толькі нам яго сілком у горла ня сунуць. Гэта пераканаўча даказаў Рыгор Барадулін, які лепш за іншых умее “пасаліць” і не спаганіць”.

Ня думаю, спадар Васілеўскі, што расейская ненармаваная лексыка надта ўзбагаціла беларускую мову, і што яе замацаваньне варта вітаць. Расейскамоўная лаянка набыла вялікія маштабы ня толькі ў мове беларусаў — на ўсёй постсавецкай прасторы. Але літаратурнай нормай гэта нідзе ня лічаць. У тым ліку і ў самой Расеі.

А вось вашы, спадар Васілеўскі, погляды на пэрспэктывы так званай трасянкі своеасаблівыя і адметныя. Наўрад ці такая пэрспэктыва парадуе знаўцаў і аматараў мовы, але такі шлях моўнай эвалюцыі выглядае зусім магчымым і рэальным. Прынамсі, сёньняшнія беларускія рэаліі сьведчаць якраз пра гэта.

На заканчэньне фрагмэнт зь ліста Эдуарда Тобіна са Смалявічаў. Спадар Тобін ужо не адзін год заклапочаны гістарычным лёсам тапонімаў “Літва” і “Беларусь”. Ён піша:

“У маіх продкаў ніхто не пытаў згоды на перайменаваньне нашага народу і мяне ў мянушку. Ад якой залежыць і лёс майго краю, і мой асабісты лёс: захочуць — “саюз” створаць, захочуць — аддадуць па губэрнях... Канечне, каб ня крыўдзіць добрых жамойтаў, якіх Кацярына ІІ абазвала Літвою і аддала нашу спадчыну, мы мусім вярнуць сабе імя не Літвы, а — Вялікалітвы. Мы вялікаліцьвіны, вялікалітоўцы. Ёсьць жа прэцэдэнты: паўночныя і паўднёвыя карэйцы. Праўда, там адна культура і мова. У нашым выпадку — інакш. Але ж мову нашу навошта называць “беларускай”? І ўвогуле, як доўга наш народ будзе жыць пад чужой назвай? Тадэвуш Касьцюшка змагаўся за свабоду ад Расеі трох народаў — польскага, літоўскага і жамойцкага. Вы не маглі б як-небудзь патлумачыць люду паспалітаму, а дзе ж гэта былі тады “белыя русы”?”

Вы, спадар Тобін, як чалавек, захоплены гісторыяй, відавочна, ведаеце, як гістарычная Літва стала Беларусьсю, а ліцьвіны — беларусамі. Гэта, сапраўды, было недарэчным і несправядлівым — асабліва для тых, хто жыў у 18 і 19 стагодзьдзях. Але ў стагодзьдзі 20-м назва Беларусь была трывала прывязана да гэтай зямлі і гэтага народу — і нашаніўскімі адраджэнцамі, і кароткай гісторыяй БНР, і сямю дзесяцігодзьдзямі існаваньня БССР... Гэтыя назвы даўно замацаваліся ў грамадзкай сьвядомасьці. Замяніць іх сёньня на гістарычныя, перайменаваць краіну і народ — наўрад ці магчыма. Вялікае Княства Літоўскае засталося ў мінулым — вярнуць яго ў сучаснасьць рэальна ня больш, чым адрадзіць тыя дзяржавы, якія існавалі адначасова з ВКЛ — напрыклад, Тэўтонскі ордэн крыжакоў ці імпэрыю Габсбургаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG