Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка – на волі (абноўлены, фота)


Радыё Свабода Сёньня з турмы на Валадарскага на волю выйшлі актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка. Яны адбылі 6 месяцаў зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

21 лютага супрацоўнікі КДБ арыштавалі чатырох актывістаў арганізацыі Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку. Іх абвінавацілі ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў.

4 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску перакваліфікаваў артыкул. Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі пакаралі пазбаўленьнем волі на 6 месяцаў, Міколу Астрэйку — на два гады, Цімафея Дранчука — на год.

Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка выйшлі са сьледчага ізалятару аб 11-й гадзіне. Паколькі адміністрацыя СІЗА не называла дакладнага часу вызваленьня палітвязьняў, іхныя сваякі й сябры наладзілі дзяжурства ля Валадаркі. Былых палітвязьняў сустракалі паплечнікі, а таксама палітыкі Анатоль Лябедзька і Сяргей Альфер. Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка выглядалі бадзёрымі.

Аляксандар Шалайка распавёў пра ўмовы ўтрыманьня. Ён казаў, што ў ізалятары КДБ арыштаваныя сябры “Партнэрства” спазналі псыхалягічны ціск. Ім казалі, што лёсам арыштаваных ніхто не цікавіцца. Значна лягчэй, паводле Аляксандра, было на Валадарцы, нягледзячы на перанаселенасьць камэры.

(Шалайка: ) “Я вельмі рады, што сустрэўся са сваёй сям’ёй. Шок пасьля арышту і знаходжаньня за кратамі ўжо прайшоў. Цяпер я пляную паразмаўляць з Энірай Браніцкай. Магчыма, мы будзем зьвяртацца ў пэўныя міжнародныя структуры для перагляду нашай справы. У мяне склалася такое ўражаньне, пакуль я знаходзіўся ў сьледчым ізалятары КДБ і на Валадарцы, што больш цяжка было нашым сем’ям, чым нам. Мы, як маглі, іх падтрымлівалі. Безь сям’і, бяз блізкіх людзей было б значна цяжэй там знаходзіцца”.

Эніра Браніцкая згадала, што ў той дзень, каля яе схапілі на вуліцы, яна дамовілася з маці пайсьці ў кіно. Эніры не далі патэлефанаваць бацькам, і яна вельмі непакоілася за іх. Эніра распавяла, што ў КДБ 18 камэраў. Адна зь іх жаночая — гэта адзіная камэра, у якой ёсьць прыбіральня. Эніра сядзела зь яшчэ дзьвюма жанчынамі й ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня. Яе больш уразіла Валадарка.

(Браніцкая: ) “На Валадарцы ёсьць такое паняцьце, як “транзыткі” і “этапкі” — першыя камэры, у якія трапляюць. Спачатку думала, што пра мяне забудуцца ў гэтай “транзытцы”. Потым, калі мяне перавялі ў нармальную камэру, я ўжо была… Ну, нас там было васьмёра. Калі параўноўваць — для жанчыны няма вялікай розьніцы, а мужчынам на Валадарцы горш, чым у КДБ”.

Эніра Браніцкая лічыць, што прамова пракурора на судовым паседжаньні сьведчыць, што крымінальная справа супраць актывістаў “Партнэрства” палітычна матываваная.

(Браніцкая: ) “Ён пачаў з таго, што народ рэспублікі зрабіў свой выбар яшчэ ў 1994 годзе, але ж “некаторыя, нягледзячы на крымінальную адказнасьць, хацелі прывесьці краіну да хаосу і беспарадку”. Так пачыналася прамова пракурора”.

Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая паведамілі “Свабодзе”, што на судзе яны адчувалі маральную падтрымку з боку дэмакратычнай грамадзкасьці.

(Браніцкая: ) “Нашы канваіры, якія нас суправаджалі да суду, былі ўражаныя тым, што кожны дзень і ў дождж і ў сонца людзі прыходзілі. Яны казалі, што гэта першы раз у іхным жыцьці. Я адчула павагу. Потым, калі ўжо быў прысуд, яны вельмі спачувалі Міколу. Канваіры распавялі мне, колькі было людзей, пра кветкі, якія кідалі пад колы машыны… Мне было вельмі прыемна”.

Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка паведамілі, што пасьля кансультацыяў зь Міколам Астрэйкам вызначацца наконт звароту ў міжнародныя структуры і прэс-канфэрэнцыі пра абставіны крымінальнай справы.

Эніра і Аляксандар на Валадарцы атрымлівалі шмат лістоў. Перад выхадам на волю Эніры Браніцкай уручылі ліст зь вершамі Славаміра Адамовіча.





Гл. таксама: • Дзярждэпартамэнт ЗША выступіў з заявай у справе суду над “Партнэрствам” • Хавіер Саляна заклікаў вызваліць і апраўдаць актывістаў “Партнэрства” • Выканаўца абавязкаў пасла ЗША Джонатан Мур: “Гэты суд скончыўся, але сытуацыя працягваецца…” • Бэніта Фэрэра-Вальднэр: “Я шакаваная прысудам...” • Пасол Нямеччыны Марцін Гэкер: “Гэта вельмі сумна і дзіўна…” • Карэл дэ Гухт: “Усе чацьвёра не зрабілі нічога, каб пазбаўляць іх волі” • Андрэс Гэркель, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы: “Вельмі шкадую” • Рэакцыя віцэ-сьпікера Сэйму Польшчы Браніслава Камароўскага на прысуд актывістам "Партнэрства" • Барбара Кудрыцка: “Судзьдзі цалкам страцілі незалежнасьць” • Актывісты “Партнэрства” застануцца за кратамі • Прысуд у справе "Партнэрства": рэакцыя замежных дыпляматаў • Абвешчаны прысуд у справе актывістаў "Партнэрства"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG