Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ярмоленку цяжка будзе адмыць кроплі бруду нават зь беласьнежнага сцэнічнага касьцюму...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 21 жніўня, панядзелак. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Зіноўеў: ) “Калі пачытаць газэты і паслухаць беларускую службу Радыё Свабода, то ў Савецкім раёне Менску творыцца чорт ведае што. У Савецкім раёне знаходзіцца латвійская амбасада і кватэра латвійскага дыплямата, у якой ліпеньскай ноччу шукалі парнаграфію, якую, нібыта, у школах раёна распаўсюджваюць. Хаця, якія школы?! Цяпер канікулы! А ў жніўні інцыдэнт каля штаб-кватэры БНФ, пры чым таемныя эрэнешнікі ведаюць, што каля дзьвярэй няма відэакамэр. Расьсьледаваньне даручаюць участковаму, гэта, дарэчы, практыка спэцслужбаў, калі на ўчастковага “скідваюць” справу, якую раскрываць непажадана. Лічу, што сойм БНФ павінен запатрабаваць забраць у пракуратуру справу ва ўчастковага і даручыць гэта больш важнаму дазнаўцу, то бок участковы можа быць дазнаўцам толькі па малых злачынствах. А самому Прудніку пажадаць спакойнай службы ў Беларусі, няхай дапамагае сьледзтву. Дзякуй”.

(Уладзімер Мікалаевіч з Магілёву: ) “Калі зьнікнуць “разумныя дурні,” тады Беларусь пачне разьвівацца. Але наогул, у мяне такое пытаньне: чаму апазыцыя да гэтага часу не аб’явіла, што парлямэнт і прэзыдэнт зьяўляюцца нелегітымнымі і ня маюць права падпісваць дакумэнты, асабліва доўгатэрміновага дзеяньня, бо пры зьмене ўлады яны згубяць сваю сілу? Дзякуй”.

(Спадар: ) “Добры дзень. За народныя грошы Аляксандр Рыгоравіч ня блага адпачыў на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Так ні аб чым канктрэтным і не дамовіўся. У яго за плячыма “напружаная” барацьба за прэзыдэнцтва, а наперадзе чарговы прэзыдэнцкі тэрмін…Чаму б і не расслабіцца?..А я хачу паглядзець крыху ў будучыню. Гады тры-чатыры Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць сябе адносна спакойна і ўпэўнена. А паколькі дыктатары проста так уладу не аддаюць, то пад канец тэрміну Аляксандра Рыгоравіча непазьбежна паўстане пытаньне: а што можна яшчэ прыдумаць, каб застацца ва ўладзе. На мой погляд, у яго ёсьць некалькі варыянтаў. Дык вось, варыянт першы. Чарговы раз, напляваўшы на канстытуцыю, гарантам якой зьяўляецца, ён арганізуе які-небудзь рэфэрэндум, накшталт: “Можна мне яшчэ разок вамі пакіраваць?” Пра вынікі гэтага рэфэрэндуму, калі ён адбудзецца, я магу сказаць ужо цяпер: “Канечне, можна”. Яго халуі і лёкаі зробяць усё магчымае, каб дабіцца патрэбнага выніку. Ёсьць яшчэ варыянт, добра што і прыклад для перайманьня маецца. Тут ён доўга разважаць ня будзе, проста зробіць сябе пажыцьцёвым, як Ніязаў у Туркмэністане. І нарэшцэ, ёсьць яшчэ адзін варыянт: ён перадасьць уладу сваім сынам, але нам ад гэтага лепш ня стане. Як кажуць, хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная “Свабода”! Я наконт ГКЧП. Вось 15 год таму я памятаю, былі прамыя трансьляцыі зь Вярхоўнага Савету, як цяпер усе, хто пры ўладзе: Малафееў, Камаеў і іншыя – ўсе сядзелі там, насы павесіўшы. А цяпер наадварот, усё гэта вярнулася да нас. Я лічу, што ў нас цяпер такое самае ГКЧП перамагло, як гэта было ў 91-м годзе”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Мы спадзяемся на вас, што вы не дапусьціце нас да Расеі, бо як паслухаеш, дык яны ўсё аб’ядноўваюцца. Мы спадзяемся на вас, добрых, што вы гэтага не дапусьціце. Дзякую вам за ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Дазвольце вас павіншаваць зь нядзелькаю, усяго найлепшага вам усім. Яшчэ хачу сказаць, што тое, што ў Менску зносяць старыя дамы, гэта несправядліва. Вінаватых трэба пакараць. Цэрквы будаваць трэба забараніць. Яны ведаюць, што такое царква. І навошта яны яе будуюць? Наогул ужо пабудавалі шмат. Няхай едуць у Ізраіль і там наводзяць свае парадкі, а не ў нашай краіне Беларусі. Дзякую вам за ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, “Свабода”! Яшчэ раз хачу зьвярнуцца да “газавай тэмы,” дакладней да кошту газу. У мяне дома стаіць лічыльнік. Я ведаю, што атрымліваю газ па цане 95 даляраў за тысячу кубоў. Для спажыўцоў, якія ня маюць лічыльнікаў газ абыходзіцца, як мінімум у два разы даражэй, бо большасьць зь іх не паліць столькі газу, за колькі плаціць. І, нарэшце, пакупнікоў газу ў балёнах, наогул, абдзіраюць як ліпку, таму, ў сярэднім, беларус атрымлівае газ ад дзяржавы па рынкавых цэнах. Калі манапаліст-прадавец не адмовіцца ад свайго звышпрыбытку, то пасьля падвышкі цэнаў газ для беларуса стане раскошай. Да пабачэньня”.

(Спадар зь Пінску: ) “Добры дзень. Я ўжо надоечы выказваўся пра тое, што наш прэзыдэнт любіць адпачываць на лепшых курортах, але я вось хачу яшчэ сказаць, што пакуль прэзыдэнт адпачывае, яго чыноўнікі не выконваюць прэзыдэнскі ўказ, згодна якому, калі я не памыляюся, заробкі людзям павінны выдаць да 1-га верасьня раней. Вось і атрымліваецца, што мы ўжо на гэтым тыдні павінны былі атрымаць свой заробак за ліпень, але пакуль што ніхто гэтага не абяцае і, відаць, атрымаем мы яго, як заўжды, у канцы месяца. А між тым, ужо прыйшлі разьліковыя квіткі за тэлефон і квартплату, у якіх значыцца, што пасьля 25 жніўня будзе здымацца пеня, калі людзі не заплацяць за кватэру. Калі ўсё гэта будзе даведзена да розуму? Калі заробкі будуць выдавацца да 25 кожны месяц? А аплата будзе здымацца не раней за 25-га ці нават 30-га кожнага месяца? Мне здаецца, ужо час у гэтым пытаньні навесьці пэўны парадак раз і назаўсёды. Дзякуй за ўвагу”.

(Пятровіч зь в. Мазуршчына Салігорскага р-ну Мінскай вобл.: ) “Дарагая “Свабода”. Ужо проста няма жыцьця ад парушэньня правоў чалавека. Тут жонка мая не працуе, у мяне таксама працы няма. Зьбіраем дзіця ў школу. І тут нейкія позвы судовыя ідуць, штурхаюць маю жонку на злачынства, патрабуюць ад яе 80 тысяч. Тэлефон судзьдзі: 6-28-18. Яны проста штурхаюць яе на злачынства. Яна нідзе не працуе, таму што нідзе ня можа ўладкавацца, гэта ім добра вядома, а яны 80 тысяч патрабуюць. І дзіця трэба ў школу ў трэцюю клясу адпраўляць. Жыць няма за што, а яны, напэўна, хочуць, каб яна злачынства зьдзейсьніла, забіла каго ці што…Пры Лукашэнкаўскім рэжыме парушаюцца правы чалавека, жыць немагчыма пры гэтай уладзе. Чаму не перамог Мілінкевіч? Калі б перамог Мілінкевіч, усё, 100%, зьмянілася б у лепшы бок. Проста жыцьця няма! Б’юць і плакаць не даюць!”

(Спадар: ) “Добры дзень. У нас, ва ўдзельнікаў Айчыннай вайны, ёсьць прапанова, каб у праграме “Імёны Свабоды,” якую вядзе Ўладзімер Арлоў, расказалі пра беларускіх генэралаў, спэцыяльна: Станіслаў Булак-Булаховіч, Кіпрыян Кандратовіч, Кастусь Езавітаў і Францішак Кушаль, Мікола Іваноў. Ну, усяго вам добрага. Чакаем”.

(Спадар: ) “Скажыце, калі ласка, вось вы пытаеце пра гэтых путчыстаў…А калі б застаўся Гарбачоў, а не путчысты, што было б тады? Было б горш ці лепш? Адкажыце, калі ласка. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Паважаная “Свабода”! Салігорск заўсёды сьвяткуе Дзень шахцёра 27 жніўня. Ёсьць магчымасьць лідэрам палітычных партый сустрэцца з выбарцамі. На плошчы заўжды зьбіраецца шмат людзей. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Добры вечар, паважаная “Свабода”! Хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад падзеяў 15-гадовай даўніны. Справа ў тым, што ў тыя часы я знаходзіўся ў Маскве і ўсе гэтыя дні быў непасрэдным сьведкам тых падзей. Адразу вельмі цяжка было зарыентавацца, што насамрэч адбываецца, бо не было ніякай праўдзівай інфармацыі, але, дзякуючы радыё “Рэха Масквы,” стала зразумела, што задумалі гэкачэпісты. Ня дай бог, каб яны перамаглі! Я ўпершыню ўбачыў, што такое АМАП, які разганяў мітынг на Манэжнай плошчы па загаду путчыстаў. Быў я і сярод шматтысячнага натоўпу прыхільнікаў дэмактратыі каля Белага дому. Успамінаю, зь якой агідай сустрэў натоўп словы дыктара аб тым, што камуністычнае кіраўніцтва Беларусі ўхваляе пляны ГКЧП, і тут жа мора воплескаў, калі паведамілі, што частка дэпутатаў на чале са Станіславам Шушкевічам на баку дэмакратычных сіл. Воплескі працягваліся тады, калі загучалі словы аб тым, што рабочыя Воршы перакрылі чыгунку, каб ня даць магчымасьці путчыстам перакінуць войскі ў Маскву. Перамога дэмакратыі і параза путчыстаў для мяне была самым вялікім сьвятам. А на ваша пытаньне, што было б зь Беларусьсю ў адваротным выпадку, скажу адным словам: змрок. Веру і спадзяюся, што прыйдзе час, і мая незалежная, вольная Беларусь зойме свае месца сярод іншых краін Эўропы. Дзякуй”.

(Валянціна з Глыбокага: ) “Добры дзень, “Свабода”! Колькі словаў па тэме мінулых тыдняў. Лукашызм, як атрутлівы туман, прасяк усё, зроблена спраўна пры маўклівасьці тутэйшых. Па Беларусі амаль адкрыта гуляе РНЕ... Можа, нашчадкі тых, хто вынішчаў сапраўдных мужчн-ліцьвінаў пасьля 39-га, не зьмірацца. Я не русафобка. Сапраўдны рускі інтэлігент не выкарчоўваў бы бібліятэку беларускіх пісьменьнікаў. Ударылі ў самае сэрца беларушчыны, у яе сарцавіну. Лукашэнка хоча паказаць сябе яшчэ большым расейцам, чым расейцы – абы танны газ, абы пры ўладзе, якой яму мала. Яго эмісары шырпатрэбаўскай кантрабандай езьдзяць па цягніках за межамі, хваляць беларускага прэзыдэнта. У Беларусі ідзе грамадзянская вайна, прыкрытая, але жорсткая. Псыхіка людзей ламаецца, пачаліся нават даносы. Тэлефонныя размовы праслухоўваюцца. Адчула гэта на сабе, калі ў роспачы і болі патэлефанавала вам пасьля разгрому плошчы Каліноўскага. Дзякуй богу, не адняло розум адчуць правакацыю. Думаю, многія людзі баяцца тэлефанаваць вам. Я ганаруся тым, што я беларуска. Мая радзіма не рабавала, не ішла вайной, не паліла дзетак у крэматорыях, абаранялася. Але ж што будзе з намі? Нават “памаранчавай рэвалюцыі” амаль выкруцілі пуцінаўцы рукі. Надзея толькі на сапраўднага мужчыну-патрыёта прэзыдэнта Юшчанку і такіх, як Сафія Ратару, яна прыходзіла на Майдан у Кіеве, падтрымлівала, як магла, “памаранчавы” колер і засталася чароўнай сьпявачкай дома і на расейскай сцэне таксама. А наш “беларускі салавей” Ярмоленка… Памятаю, колькі год таму на фэстывалі беларускай песьні ў Маладэчне, які цяпер забаронены, ён крычаў у мікрафон, сьпяваючы на машыне: “Жыве Беларусь!” і размахваў бел-чырвона-белым сьцягам, які яму перадала моладзь. Кроплі бруду цяжка будзе адмыць нават зь беласьнежнага сцэнічнага касьцюму. Дзякуй. Жыве Беларусь!”

(Ларыса зь Менску: ) “Пытаньне пра тое, што з намі было б, калі б перамаглі гэкачэпісты. Амаль нічога не адбылося б. Застаўся, магчыма, такі ж Саюз, і жыцьцё для простага народу не пагоршылася б, а засталося б на тым жа ўзроўні. Бо просты чалавек мае невялікія патрэбы і выжывае пры любой уладзе. Мы цяпер знаходзімся ў тым жа становішчы, што і 15 год таму. Але ў той час чалавек меў магчымасьць атрымаць жыльлё праз некаторы час. У дадзены момант, калі ён ня мае грошай, ды пры такім вялікі будаўніцтве, ён нават ня мае магчымасьці атрымаць гэтае жыльлё. Бо заможныя людзі ў наш час купляюць па тры-чатыры кватэры, гэта не забаронена законам. І калі ўрад абяцае шматдзетным маладым людзям выдзяліць жыльлё і заахвочвае нараджаць як мага больш дзяцей, гэта будзе чарговая абяцанка-цацанка. Гэта ўжо робіцца не ў першыню”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Добры дзень. У асяродзьдзі навукоўцаў нядаўна пачалася спрэчка пра тое, колькі ўсё ж такі плянэтаў у Сонечнай сыстэме. Працытую ўрывак зь Бібліі: “І зьявілася на небе вялікае знаменьне: жанчына апранутая ў сонца, пад нагамі ў яе месяц і на галаве вянок з дванаццаці зорак”. (Адкр. 12) На мой погляд, гаворка тут вядзецца пра жыцьцё. Жыцьцё на Зямлі атрымлівае энэргію ад Сонца. Месяц пад нагамі, ён, у прынцыпе, нічога не вырашае. І 12 зорак – гэта 12 плянэтаў. Значыцца, разам зь Зямлёй плянэтаў павінна быць 13. Адну плянэту яшчэ не адкрылі, відавочна”.

(Анатоль: ) “Я слухаю вашу “Свабоду” і зьдзіўляюся: перадаяце такую бязглузьдзіцу! Выступаў у вас нейкі мужык і казаў: “Я баюся. На кухні ціхенька гавару. Мяне там перасьледуюць”. Я не прыхільнік Лукашэнкі і я выказваю свае думкі свабодна, і ніхто мяне не перасьледуе, ніхто не затрымлівае. Таму неяк падбірайце тых, хто дае вам інтэрвію, больш прыстойных людзей. Ня слухайце гэтае “быдла”, якое гаворыць, што яму ў галаву прыйдзе. Я нікога не баюся. Я кажу адмоўнае і пра Лукашэнку, і пра апазыцыю, таму што там сабраліся карупцыянэры, якія траншы сабе кладуць у кішэню. Чаму вы пра гэта ня кажаце? Бо амэрыканцы праверылі выкарыстаньне грошай…Чаму вы пра гэта ня скажаце? Я не прыхільнік Лукашэнкі, але і не прыхільнік апазыцыі, бо там сабралася такая ж дрэнь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG