Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ некалькім дзясяткам турфірмаў пагражае адабраньне ліцэнзіяў


Ігар Карней, Менск Сёньня Міністэрства спорту і турызму спыніла прыём справаздачаў ад турыстычных фірмаў пра колькасьць замежнікаў, якіх удалося завабіць у Беларусь. Паводле папярэдніх зьвестак, ад пяці соцень юрыдычных і фізычных асобаў, што маюць ліцэнзіі, каля сотні турапэратараў нічым завабіць іншаземцаў ня здолелі — за што ўрэшце і будуць пазбаўленыя права займацца ранейшай дзейнасьцю.

Ва ўпраўленьні турызму галіновага міністэрства паведамілі, што сёньня яшчэ не гатовыя агалосіць канчатковых вынікаў. Аднак ужо можна казаць, што некалькі дзясяткаў турапэратараў ня здолелі ўкласьціся ў абвешчаны тэрмін і будуць пазбаўленыя ліцэнзіі.

На ўязны турызм на дзяржаўным узроўні зьвярнулі ўвагу ад мінулага году. Колькасьць фірмаў і прадпрымальнікаў, пазбаўленых ліцэнзіі за адсутнасьць жаданьня ці магчымасьці працаваць на ўязны турызм, склала амаль дзьве сотні. Аднак нават пастанова Савету міністраў, якой акрэсьліваюцца новыя правілы дзейнасьці ў гэтым сэктары рынку, мала паспрыяла павелічэньню патоку замежнікаў у Беларусь. Так і ня створаная адпаведная інфраструктура, а кошт у гатэлях Менску параўнальны з пражываньнем у краінах Заходняй Эўропы.

За 2005 год колькасьць іншаземцаў, якія прыехалі ў краіну, падвысілася ўсяго на 25 тысяч чалавек, дасягнуўшы 90 тысяч. Гэты пры тым, што ў суседнюю Латвію штогоду прыяжджаюць 3,5 мільёна чалавек. Зрэшты, якраз Латвія займае адно зь першых месцаў у Эўропе паводле прыросту замежных турыстаў. І калі найбліжэйшыя суседзі, эстонцы і літоўцы, складаюць больш за 50% ад усіх замежных турыстаў, то беларусы маюць у агульнай статыстыцы сьціплы 1%. Але і колькасьць латышоў, якія едуць у Беларусь, прыблізна такая ж. Кіраўнік дзяржаўнага агенцтва турызму Латвійскай Рэспублікі Улдзіс Вітальньш бачыць у гэтым наступныя прычыны:

(Вітальньш: ) “Пэрспэктывы паездак грамадзянаў Латвіі ў Беларусь досыць рэальныя. Але гэта залежыць шмат ад якіх фактараў. Перадусім, вы павінны зрабіць хоць якуюсьці рэкляму сваіх турыстычных аб’ектаў, таму што без рэклямных намаганьняў, без укладаньняў грошай у той ці іншы рынак нічога ня будзе. Іншымі словамі, вы ніколі не атрымаеце турыстычнай плыні, нічога дзеля гэтага ня робячы. Гэта па-першае. Па-другое, у Беларусі ліцэнзійная дзейнасць на турпаслугі, з-за чаго засталося ня так шмат турфірмаў, якія ўвогуле працуюць у гэтым бізнэсе”.

Журналіст зь Фінляндыі Пэнці Вяйсто напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў быў у Беларусі. Кажа, што яго сюды прывяла, так бы мовіць, вытворчая неабходнасьць. Аднак ён ня ведае ніводнай фінскай турфірмы, якая прапаноўвала б варыянты турызму, ня кажучы ўжо пра адпачынак, у Беларусі.

(Вяйсто: ) “Пэўны плён працы на прыцягненьне замежнікаў можа мець якраз тое, што па суседзтве зь Беларусьсю зьявіліся новыя краіны-сябры Эўразьвязу. Перадусім, я кажу пра краіны Балтыі. Гэта ў любым выпадку будзе ўплываць на працэс зьменаў у Беларусі, у тым ліку, і зьменаў палітычнага кшталту. Гэта пытаньне часу, але станоўчыя зьмены тут непазьбежныя. А гэта падстава да таго, каб праз тую ж Латвію сюды ў пэрспэктыве паехалі замежнікі”.

Яшчэ напачатку летняга сэзону Міністэрства спорту і турызму папярэдзіла: суб’екты гаспадараньня, якія маюць ліцэнзіі на турапэратарскую дзейнасьць, да 20 жніўня мусяць здаць копіі статыстычнай справаздачнасьці аб прыёме замежных турыстаў за першае паўгодзьдзе 2006 году. У іншым выпадку будзе прынятае рашэньне аб ануляваньні ліцэнзіяў згодна з пастановай Саўміну.
XS
SM
MD
LG