Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Витебский курьер": "Новы мост на прэзыдэнцкім маршруце"


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 21 жніўня

"Витебский курьер". Мост даўжынёй 150 мэтраў зьяднае два гістарычныя населеныя пункты - Копысь, дзе нарадзіўся Аляксандар Лукашэнка, і Александрыю, дзе ён вырас. Такім чынам, нядаўна адкрыты экскурсійна-гістарычны маршрут Орша - Ляўкі - Копысь - Александрыя атрымае трывалую пераправу праз Днепр.

У Віцебскай вобласьці сёлета ўводзіцца ў эксплюатацыю толькі два новыя вучэбныя аб''екты: першая чарга школы ў Полацаку і прыбудова блёку для пачатковых клясаў у школе №45 Віцебску. Пры гэтым плянуецца закрыць 25 школ у сельскай мясцовасьці, паведамляе "Витебский курьер".

Пра падводныя рыфы грашова-крэдытнай палітыкі разважае ў тыднёвіку "Белоруссий рынок" вядомы эканаміст Валер Дашкевіч. Нацбанк пачаў даволі энергічна нарошваць рублёвае крэдытаваньне: з аднаго боку, ўдалося крыху зьбіць інфляцыю і стабілізаваць абменны курс рубля. Зь іншага боку, грандыёзныя абавязацельствы па будаўніцтву жытла і падтрымцы АПК патрабуюць немалых грошай, якіх у патэнцыйных падрадчыкаў і крэдытораў-дзяржбанкаў, натуральна, недастаткова. Назва артыкулу - рытарычнае пытаньне "Хто не рызыкуе, той ня п''е шампанскае?"

На Бярозаўскі сыраварным камбінаце выпушчана пробная партыя сыру з выкарыстаньнем японскай робататэхнікі, піша івацэвіцкая "Газэта для вас". Днямі будзе праведзена канчатковая наладка абсталяваньня, і на новай лініі, закупленай ў дацкай фірмы “Damrow” за 3,5 мільёны эўра, плянуецца вырабляць да 40 тон сыру ў суткі. Бярозаўскі сырзавод экспартуе прадукцыю ў Расею, Польшчу, Нямеччыну, ЗША ды іншыя краіны.

Сьвежы нумар пінскага "Мясцовага часу" анансуе рэдактар газэты Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) "У Пінску будзе зачынены Дом міласэрнасьці. Таксама ў новым нумары матэрыял пра тое, як быў забіты малады пінскі бізнесоўца, уладальнік начнога клюбу. Яшчэ адзін артыкул прысьвечаны таму, як пінская вэртыкаль на ўсе звароты грамадзянаў адказавае, што "няма грошай". У той жа час у Пінску нямала прыкладаў, калі вуліцу асфальтуюць, а праз некаторы час асфальт ламаюць і робяць нешта іншае.

Мода на экзатычную хатнюю жывёлу дакацілася і да правінцыйнага Слуцку. У 16-гадовай случанкі жыве мадагаскарскі шыпячы прусак. Памер прусака ўражвае - сем з паловай сантымэтраў (палова мужчынскай далоні). Дзяўчына хавае свайго экзатычнага гадаванца ад бацькоў -- пасяліла прусака ў скрыні і трымае ў шафе. Выпускае на шпацыр толькі калі нікога няма ў кватэры, піша слуцкі "Інфо-курьер".
XS
SM
MD
LG