Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў Саюзу палякаў будуць судзіць (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні суд Кастрычніцкага раёну мае разглядаць адміністрацыйнцю справу Мечыслава Яскевіча і Андрэя Пачобута — двух актывістаў Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. Іх затрымалі ў пятніцу вечары, і з таго часу яны знаходзяцца ў міліцэйскім ізалятары. А трапілі ў пастарунак яны нібыта за дробнае хуліганства, зьдзейсьненае трыма днямі раней — у Дзень Войска Польскага.

У міліцыі паведамілі, што затрымалі не дваіх, а траіх чалавек, улучна яшчэ з адным актывістам Саюзу палякаў — Ігарам Банцарам. Тэлефоны Пачобута і Яскевіча былі адключаны, а вось Ігар адказаў мне, прычым зьдзівіўся інфармацыі пра свой арышт.

Ігар Банцар мне патлумачыў, што 15 жніўня на гарадзенскіх вайсковых могілках ускладалі кветкі на магілы польскіх жаўнераў прадстаўнікі Генэральнага консульства Польшчы і актывісты Саюзу палякаў. Там зьявіўся апэратар, які стаў фільмаваць падзею. Яго папрасілі прадставіцца, але ён не назваўся, і тады некалькі актывістаў сказалі, каб ён нічога не здымаў, бо прысутныя супраць гэтага.

Прэсавы сакратар Саюзу палякаў Анджэй Пісальнік так расцэньвае арышт двух актывістаў:

(Пісальнік:) “Мне здаецца, што мэта ўладаў відавочная: была цэлая кампанія прэсінгу на нашых актывістаў па ўсёй краіне — і ў Мазыры Гомельскай вобласьці. І ў Браславе, і ў Баранавічах — па ўсёй Беларусі. І таму арышт Пачобута і Яскевіча трэба ўспрымаць менавіта ў гэтым кантэксьце. Улады мелі на мэце не дапусьціць іх да ўдзелу ў паседжаньні Галоўнай рады Саюзу палякаў, каб не было кворуму, каб яна не змагла адбыцца. Я ўспрымаю гэта менавіта так”.

Але Рада зьбіралася ў суботу і кворум быў. Што датычыць міліцэйскага пратаколу, дык Анджэй Пісальнік гаворыць, што ягоныя калегі на вайсковых могілках сталі сьпінамі да апэратара, каб ён не здымаў падзею, і гэта было расцэнена як дробнае хуліганства. А як у такіх выпадках бывае ў Польшчы? — пацікавіўся я ў Анджэя Пісальніка.

(Пісальнік:) “Калі гэта публічнае месца і публічнае мерапрыемства, то журналіст, канечне, можа яго фільмаваць. Але ў нашым выпадку ніхто ня ведаў — ці гэта сапраўды журналіст. У Польшчы калі фільмуе паліцыянт, то ён апрануты ў форму і яшчэ мае “бэдж”, і тады відно — як яго завуць, якое ён мае званьне. Калі гэта апэратыўныя здымкі схаванай камэрай, ну дык тады гэтай камэры і не відаць, яна ня лезе людзям у вочы”.

На здымку: могілкі жаўнераў Войска Польскага ў Горадні.



На здымку: Катынскі крыж з прозьвішчамі жыхароў Гарадзеншчыны, якія загінулі ў Старабельску. Асташкаве і Катыні.

XS
SM
MD
LG