Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Браніцкая і Шалайка сёньня маюць выйсьці на волю


Любоў Лунёва, Менск Сёньня з Менскага сьледчага ізалятару на волю маюць выйсьці актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка. Эніру і Аляксандра арыштавалі 21 лютага разам Міколам Астрэйкам і Цімафеем Дранчуком. За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі суд пакараў Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку пазбаўленьнем волі на 6 месяцаў, Міколу Астрэйку – на два гады, Цімафея Дранчука – на год. Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка сёньня нарэшце ўбачацца са сваякамі. Нашая карсэпандэнтка сачыла за справай актывістаў “Партнэрства”, арганізацыі, якую стваралі выключна для назіраньня за выбарамі.

У Аляксандра Шалайкі дома цяжарная жонка і маленькі сын. Вера Шалайка ўсьцешаная тым, што дзіця народзіцца, калі бацька будзе разам са сваёй сям’ёй.

Маці Эніры Віялета Браніцкая спадзяецца, што яе дачка хутка паправіць сваё здароўе. Спадарыня Браніцкая ўзгадала, што Эніра ў сваім лісьце пісала аб тым, што вельмі хоча ў лес. Віялета Браніцкая паведаміла, што бліжэйшым часам плянуе ўсёй сям’ёй паехаць па грыбы.

(Браніцкая:) “Мы, канешне, вельмі хочам яе сустрэць, але, калі гэта можа адбыцца, нам ніхто не адказвае. Таму будзем чакаць яе каля СІЗА. Нехта будзе дзяжурыць у кватэры, бо ў яе няма ключа. Хочаца і прыгожа сустрэць, але могуць і кветкі ня вытрымаць… Але, калі ўжо ля суду стаялі пад праліўным дажджом, то вытрываем”.

Эніра Браніцкая ў апошнім лісьце да бацькоў прасіла, каб яны абавязкова падтрымалі маці Міколы Астрэйкі. Яна бачыла ў якім яна была стане, калі судзьдзя Леанід Ясіновіч чытаў прысуд. У Міколы Астрэйкі дома цяжарная жонка. Паліна штодня прыходзіла да суду Цэнтральнага раёну, пакуль там судзілі за зачыненымі дзьвярыма яе мужа. Маці Міколы Яўгенія Астрэйка вельмі перажывае і непакоіцца за сына.

(Астрэйка:) “Мы вельмі рады, што выходзяць на свабоду Эніра і Саша. Рады за іх, за іх бацькоў. Але сустракаць не пайду. Ня вельмі добра сябе адчуваю. Гэтыя працэсы, гэтыя суды… Трохі я стамілася. Няхай Саша і Эніра адпачнуць, пабудуць з роднымі і блізкімі, а потым мы зь імі абавязкова сустрэнемся”.

У Цімафея Дранчука жонка Вольга Анцыповіч нарадзіла дзіця, калі яе муж быў за кратамі. Цімафей і Мікола падалі касацыйныя скаргі ў вышэйшыя інстанцыі. Пакуль будуць разглядаць апэляцыю, хлопцаў будуць трымаць у сьледчым ізалятары. У выпадку, калі прысуд пакінуць бязь зьменаў, Міколу Астрэйку і Цімафея Дранчука перавядуць адбываць пакараньне ў папраўчую калёнію.
XS
SM
MD
LG