Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Вязынцы адбылася прэзэнтацыя кнігі Сяргея Навумчыка


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правялі ў нядзелю ў музэі Янкі Купалы ў Вязынцы пад Менскам імпрэзу прысьвечаную падзеям маскоўскага путчу 1991 году. Пасьля тых падзеяў 15 гадовай даўніны Беларусь стала незалежнай дзяржавай. У нядзельнай імпрэзе ўдзельнічалі дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад апазыцыі БНФ, якія прэзэнтавалі новую кнігу былога дэпутата, а цяпер супрацоўніка Радыё Свабода Сяргея Навумчыка.

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у Беларусі Юры Беленькі так патлумачыў мэту імпрэзы:

(Беленькі: ) “ 25 жніўня 1991 году Беларусь набыла статус незалежнай і сувэрэннай дзяржавы. Таму кожны год мы з сябрамі партыі адзначаем гэтую дату. І ў гэты дзень мы ідзем на тыя месцы, дзе пачыналася новая беларуская незалежнасьць. Без Купалы не было б 25 сакавіка 1918 году, і не было б 25 жніўня 1991 году”.

Былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Папкоў, Мікола Крыжаноўскі і Юры Беленькі распавялі пра тую, нечарговую сэсію парлямэнту, якая й надала 25 жніўня 1991 году канстытуцыйную сілу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Пра ролю ў тых падзеях дэпутатаў апазыцыі БНФ і людзей, што падтрымлівалі іх на плошчы.

(Папкоў: ) “ Мы з вамі сабраліся каб узгадаць гэтую дату, абмеркаваць і зразумець, як трэба цяпер дзейнічаць. Бо нас цяпер зноў фактычна ўцягваюць у адноўленую расейскую імпэрыю”.

Арганізатары імпрэзы таксама прэзэнтавалі нядаўна выдадзеную кніжку Сяргея Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”.

У гэтай кнізе, між іншым, распавядаецца і пра падзеі жніўня 1991 года вачыма дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі ад апазыцыі БНФ. Арганізатары імпрэзы хацелі каб гэтую кнігу прачыталі найперш маладыя людзі, якія ня памятаюць тых падзеяў 1991 году.

Моладзь, што прысутнічала на імпрэзе, так адрэагавала на выхад кнігі Сяргея Навумчыка:

(Уладзімер: ) “Гэта адзіная кніга, дзе ёсьць сыстэматызаваны матэрыял тых часоў. І агульнае такое ўражаньне, пра працу, што была зробленая ў тыя часы,была вельмі складаная”.

(Аляксей: ) “Вельмі цікава было пабачыць людзей, якія стваралі гэтую гісторыю. І сапраўды, тую інфармацыю цяпер нідзе не знойдзеш. Гэта было вельмі карысна і цікава”.

(Ганна: ) “ На сёньняшні дзень вельмі мала інфармацыі пра падзеі таго часу. Гэтая імпрэза была вельмі добрай інфармацыяй пра кніжку Сяргея Навумчыка, якая распавядае пра тыя падзеі. Відаць, гэта толькі фрагмэнты, але фрагмэнты вельмі важныя. Я думаю, што многія мае сябры захочуць прачытаць гэую кніжку”.
XS
SM
MD
LG