Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая моладзь прыехала даглядаць магілы ў Горадні


Радыё Свабода Сёньня ў Горадню прыехала група маладых валантэраў Народнага зьвязу Нямеччыны па доглядзе за ваеннымі магіламі. Гэтая арганізацыя створаная больш за 50 год таму. Яе мэта -- пошукі, ідэнтыфікацыя і перазахаваньне рэшткаў удзельнікаў 1-й і 2-й ўсясьветных войнаў. Адпаведеныя пагадненьні зь Нямеччынай ратыфікавалі бадай усе зацікаўленыя краіны, акрамя Беларусі.

За ўсю гісторыю Народнага зьвязу – гэта першыя прадстаўнікі федэральнай зямлі Райнланд-Пфальц, якія некалькіх тыдняў будуць працаваць на беларускай зямлі, разам са сваімі гарадзенскімі равесьнікамі ўдзельнічаць у пошукавай працы і даглядаць за магіламі.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў часе абедзьвюх войнаў на беларускай зямлі загінулі каля 250 тысячаў нямецкіх вайскоўцаў. Перазахаваныя зь іх толькі тысячы чатыры. Прагназаваць, калі Менск ратыфікуе пагадненьні аб даглядзе за магіламі, у Народным зьвязе адмаўляюцца. Як кажа прадстаўнік прэсавай службы арганізацыі, пакуль такі час не настаў, трэба весьці пошукі іншых магчымасьцяў супрацоўніцтва.

(Супрацоўнік: ) “ Дамовы заключаюцца цяпер паміж мясцовай адміністрацыяй раёну і нашым Саюзам. У гэтым кірунку назіраецца пэўны прагрэс. Мы можам рабіць тое, што робім у іншых краінах. Іншая справа, па часе ўсё цягнецца больш марудна”

Гаворачы пра рэйнскую валанторскую групу, каардынатарка Народнага зьвязу ў Беларусі Людміла Качановіч падкрэсьліла наступную акалічнасьць.

(Качановіч: ) “Маладыя людзі будуць працаваць на могілках першай усясьветнай вайны. На Гарадзеншчыне такога яшчэ не было. Мэтай моладзевага летніку ёсьць спроба зразумець, што такое вайна, а таксама зразумець адзін аднаго”.

Адна зь нямецкіх дзяўчынаў, што прыехала ў Беларусь, тлумачыць свой удзел у акцыі:

(Дзяўчына:) “Для кожнага чалавека вельмі важна ведаць, хто ягоныя продкі і дзе яны пахаваныя. Гэта частка сьвядомасьці кожнага нармальнага чалавека, інакш ён проста ня зможа жыць”.
XS
SM
MD
LG