Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс у Коласаўскі ліцэй – чатыры чалавекі на месца


Ігар Карней, Менск Каля васьмі дзясяткаў навучэнцаў працягваюць традыцыі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Загадам Міністэрства народнай адукацыі БССР ад 23 верасьня 1991 году на базе нядзельнага ліцэю, арганізаванага за год да гэтага з ініцыятывы прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, быў створаны стацыянарны Беларускі гуманітарны ліцэй, які пачаў працу з 1 кастрычніка 1991 году. У 2003 годзе быў падпісаны загад Міністэрства адукацыі аб ліквідацыі ліцэю, ліцэістаў выселілі зь іх будынку на вуліцы Кірава, 21 у Менску, аднак ліцэй захаваўся заняткі працягваліся ў хатніх умовах, у офісах грамадзкіх арганізацыяў, нават за мяжой. Коласаўскі ліцэй застаецца прэстыжнай навучальнай установай: конкурс сёлета склаў чатыры чалавекі на месца.

Цяпер у ліцэістаў вакацыі: да пачатку новага навучальнага году роўна месяц. І за гэты час трэба вырашыць чарговым разам паўсталую праблему – знайсьці памяшканьне для заняткаў. Намесьніца дырэктара па навучальнай працы Ірына Сідарэнка лічыць, што ў такой сытуацыі важна захаваць маральны дух:

(Сідарэнка: ) “Будынак – гэта, вядома, важна. Але я шмат аналізавала, думала: чаму мы дагэтуль усе разам? Мяркую, што галоўнае нават і не будынак, а атмасфэра. Нашая атмасфэра трымаецца на прынцыпах, закладзеных у канцэпцыю ліцэю. Гэта – салідарнасьць, узаемадапамога, супрацоўніцтва, гэта ўзаемная падтрымка, калегіяльнасьць. Прычым гэтыя прынцыпы тычацца адносін ня толькі паміж намі – выкладчыкамі ці адміністрацыяй...”

Пра асаблівыя адносіны кажуць і самі навучэнцы. Ня толькі першакурсьнікі, але і старэйшыя дзеці, уражаныя перадусім арганізацыяй навучальнага працэсу і згаданымі спадарыняй Сідарэнкай стасункамі паміж выкладчыкамі і вучнямі.

(Ліцэістка: ) “Розьніца ў параўнаньні са звычайнай школай у станоўчы бок. Тут настаўнікі больш кваліфікаваныя, матэрыял яны выкладаюць значна лягчэй і больш даступна. Апроч таго, мне вельмі падабаецца праграма, таму што яна таксама адрозьніваецца ад звычайнай: мы амаль не працуем па дапаможніках. Настаўнікі самі ўсё цудоўна ведаюць і нам даносяць”.

(Ліцэіст: ) “Нават першага месяца хапіла, каб пераканацца, што наш выбар аказаўся правільны. Мае бацькі спачатку крыху сумняваліся, ці трэба рызыкаваць, паступаючы ў ліцэй. Цяпер мяне ніхто не пераканае, што ліцэй – гэта штосьці часовае ці несур’ёзнае”.

(Ліцэіст: ) “Вельмі падабаецца, як выкладаюць настаўнікі. Гэта ня толькі грунтоўнае веданьне самога прадмета, але тут у пэўнай ступені яшчэ імправізацыя, адступленьне ад правілаў, прыдуманых нейкімі чыноўнікамі. Таму і веды тут атрымліваеш куды больш шырокія, чым у звычайнай школе. Я ўжо не кажу пра багацьце ўнутранага жыцьця ў ліцэі”.

Дарэчы, адной з праяваў багацьця ўнутранага жыцьця ліцэістаў – так бы мовіць, пазаклясная творчасьць. У актыве ліцэістаў тры музычныя дыскі, запісаныя супольна зь вядомымі музыкамі: “Я люблю ліцэй”, “Веру ў цябе” і “Партызанская школа”.

Гісторык Анатоль Трусаў, які выкладае ў ліцэі, канстатуе: “партызаніць” даводзіцца й дагэтуль, але экстрэмальныя ўмовы не ўплываюць на якасьць ведаў ліцэістаў. Пра гэта мы гутарылі ў Гданьску, дзе праходзіў другі этап летняй сэсіі.

(Трусаў: ) “Трэці год ліцэю ў выгнаньні, ці “падземнага ліцэю”, як палякі гавораць, сьведчыць аб тым, што зноў у Беларусі да ліцэю вялікая цікавасьць. Сёлета быў вялікі конкурс, шмат ахвочых – усіх не прынялі. І цяпер людзі наймаюць рэпэтытараў, каб трапіць у ліцэй. Пасьля леташніх паездак усе ўбачылі: нічога страшнага няма, дзеці здаюць іспыты бліскуча. Я выкладаю на трэцім курсе, дык 16-гадовыя дзеці ведаюць гісторыю на ўзроўні 20-гадовых студэнтаў! Пры гэтым дзеці зразумелі вялікую адказнасьць: яны ня проста дзеці, а прадстаўнікі краіны – са сваёй мовай, сымболікай. І вельмі імкнуцца размаўляць па-беларуску. Бо калі размаўляць па-расейску, той жа паляк адразу ж адрэагуе: “маскаль” прыехаў. А быць “маскалямі” ня хочуць”.

Апошнім часам менавіта Польшча стала для ліцэістаў адной са сталых вучэбных пляцовак. За год яны бываюць тут некалькі разоў, спалучаюць навуку з экскурсіямі і адпачынкам. Заснавальнік ліцэю Ўладзімер Колас удакладняе, што такая мадэль навучаньня вымушаная:

(Колас: ) “Гэта вялікая нагрузка на настаўнікаў у першую чаргу. Дзеці таксама стомленыя, але гэта карысная стома. І тое, што яны ў сябе ўвабралі, безумоўна, будзе працаваць; гэта, вядома ж, іх узбагачае. Таму мы гэта будзем практыкаваць пры любой магчымасьці, а магчымасьці будуць. Мэр Гданьску Адамовіч, дырэктар экалягічнага каледжу Нагуцкі зноў паўтарылі свае запрашэньні наведаць Гданьск у наступным годзе. Гэтаксама, як і Клюб каталіцкай інтэлігенцыі ў Варшаве. Тут быў і кіраўнік сельскагаспадарчага каледжу, які месьціцца ў гарах, у Карпатах, дык ён таксама хоча запрасіць наш ліцэй да сябе. Думаю, ліцэістам і такі досьвед будзе вельмі карысны”.

Пра навучаньне ў новых умовах расказвае намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “Безумоўна, існаваньне ў неафіцыйных умовах складанае. Не хапае лябараторыяў. І калі заняткі па інфарматыцы мы можам праводзіць паўнавартасна, то па фізыцы, біялёгіі, хіміі працэс забясьпечаны яшчэ ня цалкам. Але самае галоўнае, што патрэбна – гэта вера ў тое, што мы не дарма ўсё гэта пачалі. Галоўнае, каб гэтая вера не пахіснулася. Бо, разумееце, калі штосьці пачынаецца, ёсьць эўфарыя. Але потым ідзе штодзённая праца: няма выходных, няма адпачынкаў, бо даводзіцца займацца гэтай працай”.

Лійцэйскі багаж маюць у сваім актыве шмат якія вядомыя людзі. Дзясяткі выпускнікоў праявілі сябе як таленавітыя паэты, журналісты, рэжысэры, акторы, мастакі, літаратура- і мастацтвазнаўцы. Абазнаным людзям добра вядомыя імёны колішніх ліцэістаў: паэтаў Ільлі Сіна, Міхася Баярына, Сяргея Патаранскага, філёзафа Паўла Баркоўскага, палітоляга Алеся Міхалевіча, актораў Веры Шыпілы, Рамана Падалякі, мастака Антона Крыштаповіча... Дарэчы, да сярэдзіны 1990-х ліцэй закончылі дзеці некаторых цяперашніх высокіх чыноўнікаў.

За 15 гадоў існаваньня ліцэй набыў шмат прыхільнікаў. Пра гэта сьведчыць і невялікае апытаньне на менскіх вуліцах.

(Спадар: ) “Капялюш трэба перад імі зьняць – я кажу і пра дзяцей, якія там вучацца, і пра выкладчыкаў, якія столькі гадоў працуюць у такім надзвычайным рэжыме. А ўладам сорам, што яна давяла ўсё да такога жаху”.

(Спадарыня: ) “Два сыны маёй знаёмай скончылі ліцэй гадоў пяць таму. Тады яшчэ не было, як мне падаецца, на ліцэй такога ціску... У любым выпадку дзеці вельмі годныя, беларускамоўныя, адметнасьць адукацыі адчуваецца”.

(Спадарыня: ) “З задавальненьнем аддала б сваю дачку ў ліцэй, але вельмі шмат няпэўнасьці. Іх жа нездарма называюць “партызанамі”. А нам пакуль што важней гарантаваная сярэдняя адукацыя”.

(Спадар: ) “Маёй дачцэ да ліцэйскага ўзросту год, яна пойдзе ў 8 клясу. З досьведу знаёмых, чые дзеці ўжо адвучыліся ці вучацца, думаю, будзем спрабаваць паступаць менавіта ў ліцэй. Адтуль дзеці выходзяць зусім іншыя – маю на ўвазе, такія, якія і патрэбныя будучай Беларусі”.

Штогод ліцэйская сям’я пашыраецца. І ня толькі коштам новых навучэнцаў. Прыходзяць выкладчыкі, якія гэтаксама мусяць прызвычайвацца да незвычайных рэаліяў “партызанскай школы”. Летась сюды прыйшоў малады настаўнік Сяргей Русецкі. Сёлета на ім адказнасьць двайная – даручылі кляснае кіраўніцтва адной з групаў першакурсьнікаў.

(Русецкі: ) “Для іх усё гэта новае, новыя выкладчыкі, у кожнага зь якіх свае патрабаваньні, у кожнага свае мадэлі выкладаньня і г.д. І я ведаю як клясны кіраўнік адной з групаў І курсу, што дзеці ў захапленьні. І яны вельмі баяцца “вылецець” адсюль, таму ўжо гэта пра нешта гаворыць”.

(Карэспандэнт: ) “Для падлетка ўсё ж лепш спрабаваць інтэгравацца ў ліцэйскую сям’ю зь першага курсу ці можна па-рознаму?”

(Русецкі: ) “Бясспрэчна, лепш зь першага. Калі чалавек тут прабудзе на два гады больш, ён лепш зразумее, што ёсьць ліцэй. Нават праз год да яго ўжо прыйдзе перакананасьць, што ліцэй – гэта агульная справа, што гэта справа, якую мы робім усе, што гэта цікава, што трэба ганарыцца, што ты ў ліцэі. Вядома, чым раней, тым лепш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG