Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 гадоў назад стварылі Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў (фота)


Любоў Лунёва, Менск Стваральнікі Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў адзначаюць 15-годзьдзе арганізацыі. Дэмакратычна настроеныя афіцэры й вядомыя грамадзкія дзеячы стварылі БЗВ – Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў – на другі дзень маскоўскага путчу. Яны паставілі задачу дасягнуць незалежнасьці краіны.

У арганізацыю ўвайшлі вайскоўцы з розных родаў войскаў – Уладзімер Савінок, Канстанцін Жвірка, Валер Костка, Віктар Шэйман, Уладзімер Барадач, Мікалай Бірукоў ды іншыя. Сябрамі арганізацыі былі й вядомыя грамадзкія дзеячы, у тым ліку Артур Вольскі й Алег Трусаў.

Мікола Статкевіч, які цяпер адбывае пакараньне абмежаваньнем волі за арганізацыю, на думку суду, вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, быў першым лідэрам БЗВ.

Ён успамінае, што 15 гадоў таму стварэньне арганізацыі было прадыктавана часам. Вайскоўцы-беларусы адчулі: у Беларусі зьявіўся шанец стаць незалежнай краінай. Гуртавацца пачалі ў розных рэгіёнах Савецкага Саюзу.

Суполка Станіслава Судніка ў Казахстане абрала гістарычна-моўны кірунак, суполка ў ВІЗРВ распрацоўвала канцэпцыю беларускага войска. Плянавалася аб’яднацца ў адзіны рух увосень 1991 году.

(Статкевіч: ) “Задача гістарычна-патрыятычнага выхаваньня выконвалася ў асноўным шляхам акцыяў грамадзкіх арганізацыяў. Я маю на ўвазе акцыю БЗВ “Забытая слава”, калі агульным накладам паўтара мільёна ўва ўсіх асноўных газэтах краіны адбылося друкаваньне агляду вайсковай гісторыі Беларусі. Таксама праводзіліся вулічныя акцыі”.

Пасьля абраньня Міколы Статкевіча старшынём партыі “Народная грамада” кіраўніком БЗВ стаў Алесь Станкевіч.

(Станкевіч: ) “Напярэдадні 85-й гадавіны БНР адбыўся марш усіх зьвязаў, харугваў. Кожная мела свой назоў. Са сваім штандарам, харугвай, маршам пад барабанны дробат па праспэкце Скарыны – пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам... Язэп Сажыч – на той час прэзыдэнт Рады БНР – вельмі шкадаваў, што не пасьпеў, але быў вельмі ўсьцешаны. Ён стаўся нашым ганаровым сябрам. Першы генэрал у замежжы. Ён жа быў амэрыканскі вайсковы генэрал”.

Мікола Статкевіч, падсумоўваючы вынікі дзейнасьці арганізацыі, заявіў “Свабодзе”:

(Статкевіч: ) “За 15 гадоў незалежнасьці дзейнасьць такіх арганізацыяў, як БЗВ, і само існаваньне беларускай дзяржаўнасьці прывялі да таго, што нацыя дафармавалася. Цяпер нацыя на свабодных выбарах не прагаласуе супраць сваёй незалежнасьці. Прыйшоў час волі. Гэта задача, якая вымагае ўдзелу і досьведу тых людзей, якія некалі стаялі на пачатку БЗВ”.

БЗВ актыўна дзейнічаў першыя чатыры гады пасьля заснаваньня. Амаль усе вайскоўцы-актывісты БЗВ “заплацілі” за сваю дзейнасьць: іх пазвальнялі з войска, без уліку званьняў і заслуг. Выключэньне было зроблена толькі для Віктара Шэймана.

У 2000 годзе арганізацыя не прайшла перарэгістрацыі і была ліквідаваная дэ-юрэ. Сябры Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў на пачатку 1990-х

Здымак Міколы Статкевіча поруч з тэкстам вайсковай прысягі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG