Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шрэк-2” выходзіць па-беларуску


Іна Студзінская, Менск Прэзэнтацыя беларускай вэрсіі ўсясьветна вядомага анімацыйнага поўнамэтражнага фільму “Шрэк-2” адбудзецца на наступным тыдні. Карэспандэнтка “Свабоды” ў ліку першых, яшчэ да прэм’еры, паглядзела мультфільм, а пасьля пагутарыла з каардынатарамі праекту.

“Шрэк-2” – гэта штохвілінныя жарты і пародыі; сьвет, у якім волат-людажэр Шрэк ратуе зачараваную прынцэсу Фіёну ад прынца на белым кані, а тая толькі радая; сьвет, у якім героі Асёл і Кот у ботах дуэтам сьпяваюць “Livin'' La Vida Loca” Рыкі Марціна, а Пінокіё, падобны да Тома Круза ў стужцы “Місія невыканальная”, разам з трыма парсючкамі выратоўвае вязьняў турмы.

Фільм пачынаецца з таго, што Шрэк і Фіёна вяртаюцца пасьля мядовага месяца, а ганцы прывозяць ад бацькоў Фіёны ліст з запрашэньнем у госьці. Да галоўных герояў далучаецца Асёл, і ўсе разам яны скіроўваюцца ў казачную краіну Трыдзясятае валадарства. Праўда, каралеўская сям''я ня ведае, што іх дачку зачаравалі ў веліканку і што яна ў шлюбе з балотнай пачварынай Шрэкам.

На думку прадусара дубляжу Франка Вячоркі, “Шрэк-2” сугучны зь беларускай рэчаіснасьцю.

(Вячорка: ) “У тым самым “Шрэку” ёсьць голы, цынічны, сквапны кароль, які ўсё робіць дзеля сваёй улады, рамантычныя героі, якія ніколі не перамагаюць, але заўсёды змагаюцца за праўду і справядлівасьць. Хапае месца, як і ў беларускай рэальнасьці, і для здрады, для сяброўства, для каханьня, розных нелегальных ці паўлегальных пагадненьняў. Карацей, “Шрэк” – гэта невялічкі мультфільмавы зьлепак зь сёньняшняй беларускай сытуацыі”.

Удзельнікі праекту ня проста пераклалі тэкст, але і адаптавалі яго да беларускіх рэаліяў, кажа рэжысэр дубляжу Сяргей Патаранскі.

(Патаранскі: ) “Мы пастараліся зрабіць “Шрэка” беларускім. Нават думалі памяняць назву, бо ў беларускай міталёгіі ёсьць пэрсанаж Аржамень, таксама балотнік, добразычлівы, вельмі падобны сваім характарам да таго Шрэка. І, відавочна, беларускі “Шрэк” мае беларускі кантэкст. Мы паказалі некаторыя беларускія праблемы. Калі Шрэк у шоку ад таго, што прачытаў у падручніку з гісторыі Беларусі, ці калі працаўнікі фабрыкі Фэі пакутуюць ад праблемаў, зьвязаных з кантрактнай сыстэмай. Усё там вельмі канкрэтна і цікава паказана”.

Над стварэньнем беларускага варыянту фільму “Шрэк-2” працавалі кінаактрыса Алена Хвайніцкая, музыка Макс Івашын, салістка рок-гурту “Індыга” Руся, актор Купалаўскага тэатру Юры Жыгамонт. Галоўнага героя Шрэка агучыў шоўмэн і музыка Аляксандар Памідораў.

Рэжысэр дубляжу Сяргей Патаранскі працягвае:

(Патаранскі: ) “Як кажуць, “роля лягла на актора”. Шрэк беларускі ў Памідоравым увасабленьні – ну проста ідэал! Я ня ведаю, хто б яшчэ зрабіў так калярытна і так шыкоўна, падкрэсьліўшы непасрэдна і характар беларуса: такі балотны паляшук са сваёй простасьцю, абсалютнай сумленнасьцю, зь нейкімі сваімі хібамі, але з добрым сэрцам, зь вялікім каханьнем да сваёй дамы. Вядома ж, тут вялікае шчасьце”.

Пры канцы жніўня дыскі зь беларускай вэрсіяй мультфільму “Шрэк-2” можна будзе набыць ў прыватных распаўсюднікаў.
XS
SM
MD
LG