Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 гадоў спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 19 жніўня 1991 году група кіраўнікоў краіны абвясьціла пра адхіленьне ад улады прэзыдэнта Гарбачова і стварэньне новага кіраўніцтва СССР – ГКЧП. Гэта падзея стала вырашальнай у працэсе заняпаду камуністычнай сыстэмы і распаду СССР. А што адбывалася напярэдадні – 18 жніўня?

Гэта была нядзеля. Савецкія людзі мірна адпачывалі на лецішчах, пляжах. Мала хто мог меркаваць, што пачатак наступнага тыдня пачнецца для іх з балета Чайкоўскага “Лебядзінае возера”, трансьляванага ўсімі каналамі савецкага тэлебачаньня, драматызм музыкі якога сьведкі тых дзён надоўга будуць адчуваць асабліва востра.

На фароскім пляжы Крыму завяршаў свой двухтыднёвы адпачынак і першы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Яго, які распачаў прынцыповыя рэформы, праз два дні чакала выключнай важнасьці падзея – падпісаньне Саюзнай дамовы, ад якой наўпрост залежала будучыня краіны. Гарбачоў разумеў, што бальшыня кіраўнікоў рэспублік вяла падвойную гульню. А кансэрватыўнае крамлёўскае крыло свайго непрыняцьця дамовы нават і ня думала хаваць.

Праз 15 гадоў пасьля тых падзеяў Міхаіл Гарбачоў узгадвае:

(Гарбачоў: ) “Цяжка сабе ўявіць, калі пачынаеш рэформы, што будзе ўсё ісьці гладка і ўсё лепш з кожным днём. Трэба падчас пераменаў пераадольваць цяжкія перавалы. Мы іх ужо пераадольвалі.

Гэта разумелі і людзі, якія арганізавалі путч. Яны спрабавалі ў канцы 1990-га году паставіць пытаньне аб адхіленьні Гарбачова, яны ўзьнімалі гэтыя пытаньні на красавіцкім пленуме 1991-га году. Яны бачылі, што іх час скончыўся. Ім не хацелася разьвітвацца з уладай і ўсім, што яна ім давала. Вось іх матывы і іх стымулы…

Путчысты – гэта вярхушка намэнклятуры. Прычым рэакцыйнай часткі намэнклятуры, бо частка намэнклятуры падтрымала пераўтварэньні. А гэта была рэакцыйная частка, якая хацела ўзяць рэванш і вярнуць усё назад”.

У дзяржкамітэт увайшлі віцэ-прэзыдэнт СССР Генадзь Янаеў, старшыня Кабінэту міністраў Валянцін Паўлаў, старшыня КДБ Уладзімір Кручкоў, міністар абароны Дзьмітры Язаў... Да 18 жніўня бальшыня першых асобаў дзяржавы уваходзіць у склад змоўшчыкаў.

У нядзельны дзень 18 жніўня і наступную ноч яны не адпачывалі: падпісвалі ўказы, шліфавалі тэкст звароту да савецкага народу, абгаворвалі магчымыя дзеяньні на выпадак посьпеху ці правалу задуманага. Зрэшты, ёсьць сьведчаньні, што ў асобных змоўшчыкаў нэрвы не вытрымлівалі, і яны супакойвалі сябе немалымі дозамі віскі.

Тым часам Болдзін, Бакланаў, Варэнікаў і Шэнін выправіліся у Фарос, на прэзыдэнцкае лецішча, і гадзіну ўгаворвалі Гарбачова падпісаць указ пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча.

Сам Гарбачоў цьвердзіць, што ён адмовіўся гэта зрабіць. Путчысты заяўляюць, што ён вусна пагадзіўся. У любым выпадку а 15-й гадзіне 18 жніўня ўсе віды сувязі на лецішчы былі адключаныя...

Ельцын – чалавек, які разам з паплечнікамі пераможа путч—у гэты дзень знаходзіўся зь візытам у Казахстане і ўвечары спакойна прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце “Внукава”. Меркаваны арышт яго чамусьці не адбыўся...

Раніцу наступнага дня, 19 жніўня 1991 году, савецкія людзі сустрэлі музыкай Чайкоўскага. У выпуску навінаў было абвешчана, што ў краіне ўводзіцца надзвычайнае становішча.

Гл. таксама • Аўдыёзапіс Указу ГКЧП 18 жніўня 1991 году
XS
SM
MD
LG