Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады спрабуюць зьліквідаваць структуры ПКБ (абноўлены)


Радыё Свабода Партыя камуністаў (Беларуская), якую ачольвае Сяргей Калякін, аказалася пад пагрозай закрыцьця. З упраўленьня юстыцыі Менскага гарвыканкаму прыйшло паведамленьне пра ліквідацыю сталічных філіяў партыі. Адсутнасьць у Менску зарэгістраваных суполак дазваляе ў рамках закону зьліквідаваць усю партыю.

Сакратар ЦК ПКБ Валер Ухналёў гаворыць, што цяпер у сталіцы існуюць 13 партыйных арганізацыяў – ад першасных да гарадзкой. Гарадзкія ўлады патрабуюць іх усе закрыць. Падставай, як тлумачыцца ў лісьце з гарвыканкаму, ёсьць парушэньне нормы заканадаўства, згодна зь якой партыйныя суполкі мусяць мець юрыдычны адрас, то бок месьціцца толькі ў нежылых памяшканьнях.

Кіраўніцтва ПКБ нагадвае, што такая норма зьявілася ў заканадаўстве летась, а партыйныя суполкі былі зарэгістраваны яшчэ ў 1999 годзе. Чаму ж пра гэта парушэньне закону згадалі амаль праз 7 гадоў? Летась ПКБ атрымала новыя пасьведчаньні аб рэгістрацыі, і тады ніякіх прэтэнзіяў да партыі не было.

Супрацоўнік упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму спадар Шчарбовіч, які рыхтаваў згаданы ліст на адрас ПКБ, патлумачыў нашаму радыё сытуацыю так:

(Шчарбовіч: ) “Скажам, выдалі нейкі закон. Але ж час уносіць свае карэктывы. І калі юрысты прымаюць нейкае рашэньне, яны спасылаюцца на апошнюю рэдакцыю закону. А тыя нормы, паводле якіх іх (камуністаў) зьнялі з уліку й рэгістрацыі, існавалі і ў 1999-м годзе. Былі яны ў 1999-м годзе. Апошняя ж рэдакцыя закону была прынята летась 19 ліпеня й пачала дзейнічаць таксама летась – 29 кастрычніка”.

Сакратар ЦК ПКБ Валер Ухналёў зьвязвае гэтыя дзеяньні зь няўдалай, на ягоную думку, спробай камуністаў з іншай, праўладнай, партыі перацягнуць на свой бок сяброў ПКБ:

(Ухналёў: ) “КПБ заявіла, што ўсе сябры нашай партыі перайшлі да іх, і цяпер, маўляў, у нас няма неабходнай для рэгістрацыі партыі адной тысячы чалавек. Яны праверылі ўсе нашы структуры ва ўсіх абласьцях – і ўпэўніліся, што такой праблемы насамрэч у нас няма. Яны – я перакананы – ведаюць, што ЦК даў каманду падрыхтаваць, на ўсялякі выпадак, сьпіс сябраў нашай партыі – з адрасамі, тэлефонамі й асабістымі подпісамі. Таму яны вырашылі пайсьці іншым шляхам, больш простым”.

Валер Ухналёў паведаміў: партыйныя юрысты пачалі ўжо рыхтаваць адпаведную скаргу. Мяркуецца, што 22 жніўня яе перададуць у Міністэрства юстыцыі.

Калі Партыя камуністаў (Беларуская) ня здолее дамагчыся перагляду рашэньня сталічных уладаў, дык гэта пагражае далейшаму яе існаваньню. Дзейны закон аб палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях прадугледжвае, што для рэгістрацыі партыяў абавязкова мець афіцыйна зарэгістраваныя структуры ў Менску й яшчэ, як мінімум, у трох абласьцях.
XS
SM
MD
LG