Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў на волю кіраўнік Берасьцейскай арганізацыі БНФ


Радыё Свабода Сёньня ў Івацэвічах пасьля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі БНФ, дэпутат Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч быў асуджаны на 10 сутак нібыта за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі (бел-чырвона-белых сьцягоў) у часе працы ў Бярозаўскім раёне намётавага лягеру з удзелам актывістаў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў.

У ізалятары часовага ўтрыманьня Бярозаўскага РАУС Юрась Губарэвіч знаходзіўся менш за суткі. Пасьля таго, як на наступны дзень ізалятар наведаў раённы пракурор і даведаўся, што гэтая ўстанова перапоўненая асобамі, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, Губарэвіча перавезьлі ў такі самы ізалятар ў Івацэвічы.

Дэпутат Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч зьбіраецца браць актыўны удзел і ў наступнай выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы . Ён лічыць, што цяперашні ціск ўладаў у адносінах да яго гэтаму не перашкодзіць.

(Губарэвіч:) “Так, я мяркую, што яны будуць выкарыстоўваць дзеля прапаганды: бачыце, Губарэвіч, які ідзе ў дэпутаты, некалькі разоў па нейкіх артыкулах (нават не называючы за што) быў асуджаны.

Але сярод насельніцтва гэта дасьць адваротны эфэкт. Тыя, з кім давялося размаўляць, калі даведваліся пра сутнасьць гэтай справы, казалі, што гэта – уладнае самавольства і што мне помсьцяць за маю актыўную пазыцыю ў раёне. Таму людзі будуць ацэньваць наадварот, на маю карысьць”.

У часе апошняй прэзыдэнцкай кампаніі Юрась Губарэвіч быў арыштаваны на 12 сутак.
XS
SM
MD
LG