Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноў-хаў на прысядзібных дзялках


Радыё Свабода У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці вяскоўцы прыдумалі даволі арыгінальны спосаб збору збожжа з прысядзібных дзялак. Не дачакаўшыся саўгасных камбайнаў, яны косяць ячмень, авёс і ўсе іншыя культуры косамі, жнуць сярпамі, а затым укладаюць збажыну на асфальт цэнтральнай вуліцы. Праежджы транспарт коламі абмалочвае збожжа.

Галоўная вуліца Леніна ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёну нагадвала сёньня адзін даўжэзны збожжавы ток. Ячменем ды аўсом, зжатымі ўручную, засланы сотні мэтраў асфальту.

Пра асаблівасьці абмалоту расказвае мясцовы жыхар, які назваўся Іванам:

(Іван: ) “А во як! Машыны ідуць – і коламі малоцяць. Больш машын пройдзе, – хутчэйшы абмалот будзе! І так – па ўсёй вуліцы”.



Гаспадар заслаў ячменем мэтраў дзьвесьце галоўнай вуліцы. Кажа, што скасіў касою ячмень на 25-ці сотках.

Празь невялікі прагал на асфальце ўжо залоціцца авёс іншых гаспадароў.

Вяскоўцы пацяшаюцца са свайго вынаходніцтва. Сталага веку кабета жартуе, што машыны й ёсьць тымі новымі камбайнамі “Гомсельмашу”:

(Спадарыня: ) “Малацьба. Новыя камбайны. Во – бачыце?! Паслалі – машыны прайшлі, пацерлі – і гатова”.

Легкавікі аб’яжджаюць збажыну бокам – каб не набілася ў рухавік. Хуткасьць абмалоту залежыць ад надвор’я ды інтэнсіўнасьці руху вясковай тэхнікі – аўтамашын і трактараў.

(Спадарыня: ) “Як многа машын ды сухое ўсё, дык быстра. Зраніцы разаслалі – і, бачыце, падбіраем”.



Калі грузавікі, як кажуць у Стаўбуне, пацерлі сьпелую збажыну, вяскоўцы віламі скідаюць з вуліцы салому, а збожжа зьмятаюць венікамі, ссыпаюць у мяхі, а пасьля “праветрываюць” – правейваюць у адмысловых насілках. І ніякая радыяцыя ім ні па чым.

(Спадар: ) “Траса – якая ж тут радыяцыя?”

Пра тое, чаму вяскоўцы не малоцяць збожжа з прысядзібных дзялак саўгаснымі камбайнамі, распавядае стаўбунская пэнсіянэрка:

(Пэнсіянэрка: ) “Што – камбайн? Камбайну таго калі мы дачакаемся? А дажджы во ідуць. Хаця б саўгас як-небудзь сабраў – хлебец нам тады быў бы!”



Старшыня Стаўбунскага сельскага Савету Сяргей Канапацкі цьвердзіць: у мясцовым саўгасе толькі 6 камбайнаў – нагрузка на іх і без прысядзібных участкаў вялікая. Людзі ня хочуць чакаць, пакуль камбайны ўправяцца з саўгаснымі палеткамі:

(Канапацкі: ) “Да канца месяца людзям камбайны даюць. Ёсьць прыватнікі, якія малоцяць. Але людзям ня церпіцца, асабліва – бабулям. Хочацца ім як мага хутчэй сабраць збажыну, каб страт было меней…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG