Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памёр былы дыктатар Парагваю


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У сталіцы Бразыліі ва ўзросьце 93 гадоў памёр былы дыктатар Парагваю Альфрэда Стрэснэр. Сын нямецкага імігранта і парагвайкі, генэрал, галоўнакамандуючы войскамі ў 1954 годзе прыйшоў да ўлады і кіраваў краінай 35 гадоў.

У жніўні 1954 году ў Парагваі пад поўным кантролем войска адбыліся гэтак званыя “ўсеагульныя выбары”, на якіх была выстаўленая адзіная кандыдатура – генэрала Стрэснэра. Ён і стаў канстытуцыйна абраным прэзыдэнтам.

У краіне не спыняліся хваляваньні, і Стрэснэр увёў рэжым асаднага стану. Ад тых часоў ён кожныя 90 дзён яго працягваў.

Усталяваўшы ў краіне жорсткі дыктатарскі рэжым, Стрэснэр рэгулярна ладзіў прэзыдэнцкія выбары, кожны раз застаючыся на іх адзіным кандыдатам.

Пры гэтым, у краіне легальна дзейнічалі апазыцыйныя партыі, якім Стрэснэр звычайна пакідаў 10 працэнтаў галасоў. Так ён кіраваў Парагваем восем прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Парагвайскія турмы пры Стрэснэры заўсёды былі перапоўненыя. Краіну пакрывала сетка з болей як 20 канцлягераў. Ахоўнікаў для іх часта муштравалі былыя нацысцкія злачынцы, да якіх меў сымпатыю Стрэснэр, і якія атрымалі парагвайскія пашпарты.

Гады кіраваньня Стрэснэра сталі трагедыяй для індыянскага насельніцтва Парагваю. З чвэрці мільёна племені індыянаў гуарані засталіся толькі каля 30 тысячаў чалавек.

У сярэдзіне сямідзесятых гадоў пачалася кампанія “барацьбы з партызанамі і камуністамі”. Вынікам – арыштаваныя болей як дзьве тысячы чалавек.

Паводле ацэнак праваабарончых арганізацыяў, ахвярамі рэжыму сталі каля чатырох тысячаў апазыцыянэраў, тысячы адседзелі ў турмах ці эмігравалі.

У той жа час аналітыкі падкрэсьліваюць, што Стрэснэр быў хітрым дыктатарам і здолеў дасягнуць прыязнасьці пэўнай часткі электарату, паколькі гарантаваў краіне пэўную эканамічную стабільнасьць і рост дабрабыту.

Паколькі рэжым быў вельмі адыёзным, ён знаходзіўся ў частковай міжнароднай ізаляцыі. І Стрэснэр быў вымушаны кантактаваць з падобнымі ж дыктатарамі.

Рост хваляваньняў унутры краіны, міжнародныя эканамічныя санкцыі, сапсаваныя стасункі са Злучанымі Штатамі давалі зразумець Стрэснэру, што час адыходзіць.

А ў ноч на 3 лютага 1989 году ў Парагваі адбыўся палацавы, у нейкай ступені “сямейны пераварот”. Генэрал Андрэс Радрыгес, дачка якога была ў шлюбе з адным з сыноў Стрэснэра, адхіліў яго ад ўлады. І той пераехаў жыць у Бразылію.

Усе апошнія гады новыя ўлады краіны марна дамагаліся выдачы Стрэснэра, каб судзіць паводле абвінавачаньняў у масавых парушэньнях правоў чалавека. Сем’і ахвяраў рэжыму так і не дачакаліся справядлівасьці.
XS
SM
MD
LG