Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крывічы: "Людзі самі разьбяруцца – што чорнае, што белае"


Зьміцер Бартосік, Крывічы, Мядзельшчына Эфір 15 жніўня

Мястэчку Крывічы ўжо больш за 500 гадоў. Падарожнікаў яно сустракае высачэзнаю званіцаю кляштара трынітарыяў. Але вядома паселішча ня толькі помнікам барока 18-га стагодзьдзя. Здаецца, сама назва ўплывае на ягоных жыхароў. Прынамсі, мне пашанцавала сустрэць у Крывічах людзей і цікавых, і адкрытых. А ехаў я туды ў кампаніі з нашчадным крывічанінам Аляксандрам Талстыкам – менскім прадпрымальнікам, які вырашыў балятавацца на восеньскіх выбарах кандыдатам на дэпутата ў родным раёне. У дарозе Аляксандар дзяліўся сакрэтамі бізнэсу па-крывіцку.

(Талстыка: ) “Калі размаўляеш з пакупнікамі па-беларуску, яны робяцца іншымі – зацікаўлена, уважліва слухаюць. І намагаюцца з табой гаварыць, як калегі. Дый іншыя пакупнікі тады не праходзяць міма. Яны ціхенька зьбіраюцца, не замінаюць пытаньнямі – ім цікава. Забаронены плод, ён жа заўжды салодкі. Паслухаюць уважліва, пачакаюць кожны сваёй чаргі – і 95 працэнтаў зь іх нешта купяць. “Ты – беларус, размаўляеш па-беларуску, і я толькі ў цябе куплю”. Гэтак сталася ў жыцьці пасьля выбараў: хто па-беларуску, – таму зьніжку. Бо кожны гэткі пакупнік – твой кліент, твой чалавек. Іх усё больш і больш”.

Крывічане сваё мястэчка называюць культурнай сталіцай Мядзельшчыны. І гэта не пустое франдзёрства. Вельмі часта праца прывінцыйных Дамоў культуры абмяжоўваецца адной толькі дыскатэкай. У Крывічах – сытуацыя кардынальна іншая. А ўсё – дзякуючы дырэктару Дому культуры музыку Аляксандру Куцько.



(Аляксандар: ) “У сваёй працы мы дыскатэку ставім на месца чацьвёртае-пятае. Больш надаём увагі працы зь дзецьмі. Гэта і ўзорная студыя бальнага й эстраднага танца, і студыя эстраднай песьні “Крывічы”, і гурток аматараў гітары. Пераважна займаемся канцэртнай дзейнасьцю. Бо ў нас удзельнікаў мастацкай самадзейнасьці на сёньняшні дзень каля дзьвюхсот чалавек”.

*****

Дзякуючы арганізатарскім здольнасьцям спадара Аляксандра, крывічане зусім не сумуюць па “славянскіх базарах”. У іх ёсьць свой вялікі конкурс. Дзе ўсё, як кажуць, па-даросламу: шэсьць тураў, грашовыя прэміі, неабмежаваны ўзрост удзельнікаў. Адзін з фундатараў – прадпрымальнік Руслан. Асартымэнт ягонай крамы мала чым саступае сталічнаму ўнівэрсаму. Са слоў Руслана, росквіт ці заняпад мясцовага прадпрымальніцтва залежыць ня столькі ад сталічных, колькі ад мясцовых уладаў. Але не праверкі й ня кадры – асноўная праблема сёньняшняга дня.

(Руслан: ) “Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва падае. Гэта – бясспрэчна й відочна. Даводзіцца з жалем канстатаваць: народ бяднее”.

(Карэспандэнт: ) “У Вас адна крама?”

(Руслан: ) “У мяне дзьве стацыянарныя крамы прадуктовыя. У мяне крама гаспадарчых тавараў і будматэрыялаў. І ў мяне тры выязныя крамы. Там стаяць аўтаномныя электрастанцыі, халадзільнікі, маразільнікі. Я дастаткова шырока разгарнуўся”.

Я нават не адразу заўважыў, што ў краме не гандлююць сьпіртовымі напоямі. Увага, спадары бізнэсмэны! Наступная інфармацыя ад Руслана будзе вельмі цікавай менавіта вам.

(Руслан: ) “Лукашэнка сваім Дэкрэтам забараніў індывідуальным прадпрымальнікам гандляваць сьпіртовым. Я зрабіў аналіз: дык я практычна нічога ня страціў. Гэта памылковае меркаваньне, што сьпіртовае робіць надвор’е ў краме. Чым шырэйшы асартымэнт, – тым большая выручка. Ёсьць такое паняцьце: “вока бачыць, а рука ў кашалёк лезе”. Калі я 31-га сьнежня выставіў кавуны – парніковыя, маленькія, вельмі дарагія – я да абеду распрадаўся. Хаця яны былі ў 29 разоў даражэйшыя, чым у сэзон я іх прадаю”.

*****

Высокія ўладныя начальнікі й першыя асобы апазыцыі да Крывічоў пакуль не дабраліся. Але затое мястэчка наведалі іншаплянэтнікі.

Народная майстрыца, вязальніца Таіса Данілаўна Расеенка ня можа забыцца на міжгаляктычную сустрэчу.



(Таіса: ) “Я іду. Узьняла вочы – гляджу: талерка, і ад яе праменьчыкі. Конусападобныя. У мяне перахапіла дыханьне. Я чула многа расказаў пра гэта: як будзеш глядзець, – можаш сасьлепнуць. Думаю, што ж мне рабіць – ці глядзець, ці не глядзець? Ну, я паглядзела – і апусьціла вочы. Стаю. Гляджу – нікога няма. Хоць бы хто пабачыў! Ну, што не адна я гэта бачу… Хто паверыў бы…”

Зрэшты, шкада, што незямныя госьці не затрымаліся ў Крывічах і не пазнаёміліся з майстрыхаю. Калі б яны пабачылі ейныя сурвэткі й ручнікі, дык пра нашу плянэту й яе жыхароў у іх склаліся б самыя прыемныя ўражаньні.

(Таіса: ) “Калі хочуць ды ідуць дзеці, другі-трэці кляс, навучацца… Як ён пачынае гэтым кручочкам рабіць, – у кожнай хаце гэта ўсё зьяўляецца. І ўсе сьцелюць. Гэта прыгажосьць, гэта цяпло чалавечай душы ў такіх работах. І гэтае цяпло стварае, мне здаецца, цяпло ў доме, у кватэры. Адраджэньне таго, што можа зрабіць чалавек, – як толькі можа далёка паляцець жаночая думка. Я маладзею душой”.



*****

Як сустрэнеце на крывіцкай вуліцы шыкоўны Крайсьлер кабрыялет, з аглушальнай папсой на ўсё мястэчка, – не палохайцеся. Гэтак адпачывае былы матрос гандлёвага флёту Віктар Шаранговіч. Ужо каторы год Віктар езьдзіць працаваць на будоўлі ЗША. Пасьля году напружанай працы за акіянам спадар Шаранговіч год адпачывае на радзіме. Вельмі сымпатычная філязофія: працаваць там, дзе плацяць, расслабляцца там, дзе душы ўтульна. Нічога дзіўнага ў тым, што Віктар возіць з сабою паўсюль сьцяг БССР, я ня ўбачыў. Не зьдзівіла й ягоная рэакцыя на імя Лукашэнкі.

(Віктар: ) “Я за яго ў Амэрыцы ледзь голасу ня страціў. Там жа нашы прыяжджаюць і далдоняць: “Лукашэнка кепскі! Лукашэнка кепскі!”. Аднак жа – Лукашэнка вас не трымае: яжджайце ва ўсе бакі. Дык трэба прыехаць туды – і абасраць свайго прэзыдэнта. За што? У нас прынята хаяць свайго прэзыдэнта”.

Часам госьці з-за акіяну зьяўляюцца і ў Крывічах. Тады над хатаю Віктара лунаюць два сьцягі – амэрыканскі й бээсэсэраўскі. Відовішча фантастычнае.

(Віктар: ) “Яны нават не хацелі зьяжджаць. Ім так спадабалася, што яны з глузду зьяжджалі тут. Асабліва па лясах як пачалі мы іх вазіць! Там жа ж у лес ня ўвойдзеш, у Амэрыцы. Ня дай Бог – паліцыя… У нас жа яны не хацелі ад’яжджаць”.

Музыка.

Дзіўна, але тэма Амэрыкі мяне чакала й далей. Запрасіў у госьці былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня – Уладзімер Станкевіч, які пасьля колішніх палітычных баталіяў вярнуўся адпачываць на радзіму. Шмат пачуў я ўсялякіх апраўданьняў сёньняшняга кіраўніка Беларусі. Але погляд спадара Станкевіча заслугоўвае асаблівай увагі.



(Станкевіч: ) “Калі Вярхоўны Савет стварыў дыктатуру, дык няважна, хто стаў дыктатарам – Іваноў, Пятроў, Лукашэнка, Станкевіч… Ён стаў на чале дыктатуры, усталяванай заканадаўчым органам. Шэсьць чалавек зь Вярхоўнага Савету толькі, у тым ліку й я (чым ганаруся й буду ганарыцца), да хрыпаты перад мікрафонам даказвалі, што нельга, немагчыма ўвесьці інстытут прэзыдэнцтва”.

На заўтрашні дзень беларускай дэмакратыі былы дэпутат глядзіць з пэсымізмам.

(Станкевіч: ) “Стагодзьдзямі ў нас не было законаў. У нас быў добры цар ці кепскі цар. У нас быў добры ці кепскі старшыня калгасу альбо сакратар райкаму. У нас былі законы для сьмяротных. А законы мусяць быць для ўсіх. І трэба было, як мінімум, 50 гадоў пражыць у стане парлямэнцкай рэспублікі, пакуль не сфармуецца ў падкорцы, што Канстытуцыя – гэта сьвятое, закон – гэта сьвятое. Скажы сёньня Буш: мне не падабаецца Канстытуцыя... Там гомасэксуалісты ўздымуцца – і зьмятуць гэтага прэзыдэнта. Я быў у Злучаных Штатах і пытаўся ў простых людзей: “За каго будзеце галасаваць?” Адзін чалавек мне цудоўна адказаў: “Вы ведаеце, мне неяк аднолькава, хто там будзе. Я лёг пад гэтым законам, я прачнуўся пад гэтым законам. А хто гэты закон будзе вартаваць, мне ўсё роўна. Будзе кепска вартаваць – мы налета яго здымем”.

А вось наконт бліжэйшай будучыні я меў неасьцярожнасьць пайсьці з былым палкоўнікам міліцыі ў заклад.

(Станкевіч: ) “У Беларусі рыхтуецца варыянт Азэрбайджану: Аліеў сышоў, Аліеў прыйшоў”.

(Карэспандэнт: )“А вось у гэта я ня веру”.

(Станкевіч: ) “Вы можаце верыць, можаце – не. Не сьцірайце гэтага запісу – і тады пераканаецеся. Можам нават на гэтую справу з Вамі паспрачацца”.

(Карэспандэнт: ) “На што? На каньяк”.

(Станкевіч: ) “Ну, давайце так – даляраў на трыста. Каб добры каньяк быў”.

(Карэспандэнт: ) “Не баіцёся прайграць?”

(Станкевіч: ) “Абсалютна не баюся прайграць”.

Вяртаючыся ў Менск і слухаючы Аляксандра Талстыку, намеранага ўсур’ёз улезьці ў восеньскую палітычную бойку, я ўсё больш верыў: спрэчка са Станкевічам усё ж абернецца на маю карысьць. І нагода выпіць добрага каньяку будзе сьветлай.

(Талстыка: ) “Нічога нікому ня трэба абяцаць: “Я зраблю тое, зраблю гэта”. Трэба брацца й рабіць гэта разам. Нашы людзі ўсё могуць, можам знайсьці сілу й працаваць. Абы нам не заміналі. Людзі самі разьбяруцца – што чорнае, што белае”…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG