Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захады для бясьпекі на менскіх лётнішчах


Ігар Карней, Менск Ад сярэдзіны жніўня ў шэрагу аэрапортаў сьвету ўзмоцнена бясьпека – з прычыны пагрозы тэрарыстычных актаў. Як гэтыя ўсясьветныя тэндэнцыі адбіліся на працы беларускіх лётнішчаў?

Так, у многіх краінах на рэйсах, якія адлятаюць у ЗША, забаронена браць на борт усялякія пакункі з вадкасьцю (крэмы, шампуні, гелі), а таксама напоі, набытыя ў крамах “д’юці-фры”. Апроч таго, павялічаны штат супрацоўнікаў, якія кантралююць пасажыраў, а працэдура асабістага дагляду стала больш жорсткай. У шэрагу выпадкаў авіякампаніі могуць адмовіць у палёце чалавеку, які выклікае падазрэньні ў службаў бясьпекі, без тлумачэньня прычыны.

Як гэтыя ўсясьветныя тэндэнцыі адбіліся на працы беларускіх лётнішчаў?

На бальшыні рэйсаў брытанскіх авіякампаній – перадусім у кірунку Злучаных Штатаў – на борт дазваляецца праносіць толькі дзіцячае харчаваньне й лекі (з наяўнасьцю рэцэпту). У менскім прадстаўніцтве нямецкай авіякампаніі “Люфтганза” пацьвердзілі, што гэтыя захады цалкам тычацца й беларускіх пасажыраў, якія зьбіраюцца карыстацца стыковачнымі рэйсамі ў Эўропе.

(Прадстаўніца “Люфтганзы”: ) “Так, гэта праўда: усё дзейнічае. Лепш і ў Менску не рабіць нічога, што падапала пад забарону. Лэп-топы, кампутары, ноўтбукі праносіць на борт можна. А што да вадкасьцяў і геляў, то нельга. Апроч таго, на борце забаронены вострыя прадметы, прадметы, што поруць і рэжуць, а таксама запальнічкі. І вельмі важна: ежу нельга хаваць у ручную паклажу. Лепш за ўсё абмежавацца дакумэнтамі, ключамі, мэдыкамэнтамі, маючы, да таго ж, на ўсё рэцэпт альбо сэртыфікат ад лекара”.

А як адбілася агульная палітыка авіякампаній на працы менскіх лётнішчаў?

Днямі я быў сьведкам, як служба бясьпекі Нацыянальнага аэрапорту “Мінск-2” у часе дагляду змушала пасажыраў здаваць у багаж практычна ўсю ручную паклажу, загадваючы пры гэтым нават даставаць батарэйкі з фотаапаратаў. Потым патлумачылі, праўда, што элемэнты сілкаваньня чыняць перашкоды ў часе рэнтген-дагляду багажу, а таму да канца палёту рэкамэндавана трымаць іх асобна.

Многіх пасажыраў трывожаць ня толькі пытаньні бясьпекі, але й магчымасьць набываць тавары ў крамах сыстэмы беспадатковага гандлю “д’юці-фры”. Інфармацыя пра тое, што падчас палётаў у Заходнюю Эўропу ўвесь набыты ў “Менск-2” алькаголь ды парфума будуць канфіскоўвацца, часта выклікае нэрвовую рэакцыю.

Начальнік зьмены менскага лётнішча ўдакладняе: справа выглядае крыху інакш. Купляць і перавозіць набыты ў “д’юці-фры” алькаголь ні мытня, ні памежныя службы не забараняюць. Але ж калі беларускі пасажыр зьбіраецца перасаджвацца на стыковачны рэйс дзесьці ў Франкфурце, то на яго, зразумела, распаўсюджваюцца ўжо зусім іншыя правілы бясьпекі.
XS
SM
MD
LG