Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эскімо на палачцы


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Хто з нас ня прагнуў у далёкім дзяцінстве пакаштаваць халоднай слодычы – марозіва? І сёньня, пакаштаваўшы ў летняй кавярні плямбіру з сочывам, здаецца, што тады, за часамі дзяцінства, марозіва было куды больш смачным.

У Полацку згаданым часам марозіва было трох гатункаў: малочнае за 9 капеек, зь вяршкоў – за 13, і эскімо, якое каштавала 11 капеек. Эскімо нам найбольш смакавала. Прадавалі звычайна нейкі адзін гатунак. Яшчэ да адкрыцьця шапіку, дзе прадавалі марозіва, зьбіраўся гурт дзятвы і мы гучна маракававалі – якое сёньня прывязуць, а таксама спрачаліся – колькі можна зьесьці за раз. Хаця больш адной порцыі ніхто з нас ня еў. Лічылася, што калі зьясі дзьве, адразу захварэеш на ангіну. Дарэчы, падыходзячы да шапіку, дарослыя прасілі даць ім менавіта порцыю марозіва. Пры канцы шасьцідзясятых слова “порцыя” ўжо ніхто ня згадваў.

Марозіва прывозілі ў вялікіх зялёных скрынях. Унутры ляжаў сухі лёд, і калі скрыню адчынялі зь яе йшла белая пара. Кожная порцыя была загорнутая ў паперу, якую належала аблізаць і павесіць на куст. Вецер потым ганяў паперкі па вуліцах.

І калі гарадзкая дзятва спрачаліся – колькі хто порцый можа агораць, нашыя раўналеткі зь вёсак і маленькіх мястэчак, дзе марозіва не прадавалі, хваліліся адно перад адным: колькі разоў у жыцьці яны каштавалі марозіва. Калі вясковага мальца бацькі бралі ў горад – набыць абновы да новага навучальнага году, ён ужо ў дарозе пачынаў енчыць: “Мамка, купі-і марожана”. А потым, шчасьлівы, сядзеў з маці на лаве і лізаў эскімо, пэцкаючы кроплямі талай смакаты новыя чаравікі. Марозіва, дарэчы, мы заўсёды лізалі. Бо, паводле бацькоўскай вэрсіі, будзеш хапаць ротам – ізноў-такі захварэеш.

Іншым разам, змучаная сьлёзнымі просьбамі, маці якога падшыванца, едучы ў горад, прыхоплівала двухлітровы бітон і прывозіла ў ім – ужо дарэшты расталае – марозіва. Яго вылівалі ў талерку і падшыванец сёрбаў таяніну, папярэдне вылавіўшы лыжкай вафэльныя ашмёткі.

У некаторых райцэнтрах – там, дзе працавалі малочныя заводы, марозіва прадавалі раз на тыдзень. Прадавалі непасрэдна ля заводзкай прахадной, з адчыненага акенца, і там звычайна выстройвалася вялізная чарга. Рухалася яна паволі, бо смакоцьце накладалі ў папяровыя альбо вафэльныя кубачкі і ўзважвалі. Сто грамаў каштавала 10 капеек. Хапала ня ўсім, і акенца ля прахадной урэшце рэшт зачынялася пад здушаныя ўсхліпы дзятвы, якім не давялося пакаштаваць халоднай слодычы -- марозіва.
XS
SM
MD
LG