Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суполку БРСМ будуць судзіць


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 18 жніўня.

Інтэрнэт-выданьне “Салідарнасць” працягвае тэму сёлетняй абітурыенцкай кампаніі, у выніку якой здольная моладзь ня здолела стаць студэнтамі. Затое вялікая колькасьць льготнікаў, што набралі малыя балы на тэставаньні, сталі студэнтамі. У артыкуле згадваюць ужо вядомую гісторыю Андрэя з Воршы, які ня трапіў у Лінгвістычны ўнівэрсітэт, хоць набраў 99 балаў на ангельскім тэсьце. А таксама апавядаюць пра Тацяну – яе не ўзялі ў Гарадзенскі ўнівэрсітэт на бюджэтнае адзяленьне толькі таму, што ў апошні момант дакумэнты на тую ж спэцыяльнасьць падала дзяўчына, якая не прайшла па конкурсе ў сталічную ВНУ й абыходзіла Тацяну ўсяго на некалькі балаў.

Карэспандэнты “Рэгіянальнай газета”, даведаўшыся пра здарэньне ў пецярбургскім Эрмітажы, пачалі высьвятляць, ці не пагражае абрабаваньне музэям Вілейкі й Маладэчна. Кіраўніцтва музэяў цьвердзіць, што гэтыя ўстановы ахоўваюцца належным чынам і зьнікненьне адтуль каштоўных экспанатаў немагчымае. Праўда, параўноўваць гэтыя музэі з Эрмітажам не выпадае. І яшчэ адна музэйная справа, якую асьвятляе “Рэгіянальная газета” – апавядае журналіст Сяргей Зянько.

(Зянько: ) “У Ашмянах рэканструкцыя раённага краязнаўчага музэю можа пачацца ўжо ў верасьні. Як сказала ў інтэрвію начальнік адзелу культуры райвыканкаму Галіна Балінская, частку экспанатаў з музэю ўжо вывезьлі, а неўзабаве павінна вырашыцца пытаньне з правядзеньнем тэндэру на рэканструкцыю. Яны сапраўды чакаюць гэтага, бо да рэканструкцыі музэй ня меў сваёй экспазыцыі, толькі выставачная заля й складзкое памяшканьне. Пасьля рэканструкцыі павінны, як яны кажуць, зажыць. Хутчэй за ўсё, у верасьні пачнецца”.

А газэта “Вечерний Брест” публікуе артыкул пра тое, як БРСМ стаў парушальнікам дэкрэту “Аб перадухіленьні гандлю людзьмі”. Берасьцейскі абкам БРСМ накіраваў адну дзяўчыну на працу ў расейскі курортны горад Анапа. Там дзяўчыне абяцалі працу повара, але ж насамрэч ён давялося пабыць рознарабочай і нават месьці вуліцы. За паўтара месяцы ёй не заплацілі ні капейкі. Цяпер абласное адзяленьне Саюзу могуць аштрафаваць (ад 100 да 200 базавых велічыняў), таксама гэтую структуру могуць пазбавіць права накіроўваць людзей на працу за мяжу. Адпаведны судовы працэс пачнецца 25 жніўня.
XS
SM
MD
LG