Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцаў высяляюць з Новага Сьвету (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні гэтымі днямі жыхароў прыватных дамоў побач з цэнтрам прымусам перасяляюць у спальны раён у шматпавярховы дом. Улады пачынаюць руйнаваць квартал прыватнай забудовы, які называецца Новым Cьветам. Учора адбылося паседжаньне грамадзкага прэс-клюбу, на якім некаторыя гарадзенскія гісторыкі спрабавалі прыцягнуць увагу людзей да разбурэньня гістарычнай забудовы. Наш карэспандэнт наведаў Новы Cьвет і паразмаўляў зь яго жыхарамі.

Рэч ў тым, што ўлады не паведамляюць як і што пабудуюць на тым месцы, грамадзкасьць нічога ня ведае. Учора на прэс-клюб прыйшоў прадстаўнік гарвыканкаму, аднак ён нічога ня здолеў мне патлумачыць: чаму і дзеля чаго разбураюць старыя дамы. Адзін з краязнаўцаў, Янка Лялевіч, мне сказаў, што раёны пераважна з драўлянай забудовай сёньня руйнуюць і ў Беластоку, бо зямля ў цэнтры дорага каштуе. Але ў Беластоку улады прынамсі даюць жыхарам поўную інфармацыю.

Я быў на Новым Cьвеце і спачатку размаўляў з жыхаркай, дом якой пакуль пакінулі, руйнаваць ня будуць, але ці надоўга гэта — яна ня ведае.

(Спадарыня:) “Я супраць, мы тут дваццаць гадоў пражылі, нават болей. Тут, у гэтым доме жылі нашыя бабуля і дзядуля. Нас тут усё задавальняе”.

Але спадарыня гаворыць, што ўсё можа закончыцца тым, што прыйдуць і паставяць перад фактам: высяляйцеся і ўсё. А вось некаторых пачалі ўжо перасяляць. Каля аднаго з дамоў стаяла лядоўня, рэчы, пэнсыянэры вымушана пераяжджалі ў двухпакаёвую кватэру ў мікрараёне “Дзевятоўка”. Гаспадыня была ў роспачы: нікуды ня дзенешся, адно хацелася б, каб улады заплацілі за фруктовыя дрэвы. Яна бедавала, што толькі нядаўна стварылі ў доме ўсе выгоды.

(Спадарыня:) “Мы вельмі шмат грошай заплацілі за гэтыя выгоды. Чатыры гады таму паравое ацяпленьне правялі, уручную капалі траншэю. Столькі грошай аддалі, усё самі куплялі, у мяне захаваныя чэкі на дзевяць зь нечым мільёнаў”.

Для пэнсыянэраў тады гэта былі вельмі вялікія грошы. Гаспадыня лічыць, што нехта багаты выкупіў гэтую зямлю, таму іх зганяюць з нажытага месца.

(Спадарыня:) “Што зробіш? Нічога ня зробіш, гарода там ня будзе. Я тут пражыла пяцьдзесят шэсьць гадоў. Сама б нікуды не паехала б, вельмі шмат плакала, выліла сьлёзаў”.

Усе жыхары зьдзіўлены, што ўлады нібыта паабяцалі пакінуць суседні дом, цагляны. А вось лёс камяніцы на рагу вуліц Горкага і 17-га верасьня, якая уяўляе зь сябе архітэктурную каштоўнасьць, незразумелы. Краязнавец Янка Лялевіч гаворыць, што ўлады, да якіх зьвярталіся гісторыкі, спачатку паабяцалі яе не чапаць, але цяпер быццам бы дом усё ж разбураць. А гэта помнік архітэктуры канструктывізму.

Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што жыхары лядашчых дамоў ня супраць атрымаць новыя кватэры. Адна бабулька мне сказала, што ў яе цесны пакой і кухня ды ванная на дзьве сям’і.

На здымку: камяніца ў стылі канструктывізму, за якую змагаліся гісторыкі, верагодна будзе зруйнавана.



На здымку: гэты дом пакінулі да наступнага разу.



На здымку: тут жыхары ўжо высяляюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG