Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камунальныя плацяжы істотна вырастуць


Радыё Свабода Першы віцэ-прэм''ер беларускага ўраду Уладзімер Сямашка прагназуе рост платы за камунальныя паслугі. Выступаючы на паседжаньні нацыянальнага Савету па працоўных і сацыяльных пытаньнях, Сямашка сказаў, што паводле разьлікаў спэцыялістаў, калі цана на газ падвысіцца да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, камунальныя плацяжы за двухпакаёвую кватэру, у якой пражывае сям''я з чатырох чалавек, вырастуць прыкладна на 35 даляраў.

Сёлета ў чэрвені была прынятая Праграма разьвіцьця жыльлёва-камунальнага сэктару на 2006 - 2010 гады, у якой запісана, што штогод, да 2010 году, кошты на камунальныя паслугі будуць расьці як і зараз, прыкладна на 5 даляраў. І калі цяпер насельніцтва плаціць 47% ад сабекошту, то ў пэрспэктыве будзе плаціць да 90%. І вось - апошняя заява віцэ-прэм''ера Ўладзімера Сямашкі пра тое, што цэны могуць узрасьці яшчэ на 35 даляраў. Што гэта цалкам магчыма, пагаджаецца і вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) "Я думаю, што цэны ўзрастуць. Калі квартплата будзе больш за 100 даляраў, гэта ўжо цэнтральнаэўрапэйскія цэны пры беларускіх заробках. Проста ўрад ня можа не павышаць цэны, таму што дэфіцыт бюджэту будзе павялічвацца, і ён будзе датаваць усё большыя апэтыты як паліўнага сэктару, так і энергетыкаў, а таксама прамысловых прадпрыемстваў, якія не ў стане будуць прадаваць сваю прадукцыю нават на расейскі рынак. Таму нас усіх чакае час росту цэн".

Паводле словаў першага віцэ-прэм''ера Беларусі спадара Сямашкі, беларускі і расейскі бок вядуць перамовы аб павышэньні цаны на расейскі газ у межах 11-15%. У саміх расейскіх міністэрствах няма агульнага меркаваньня, колькі будзе каштаваць расейскі газ для Беларусі. Сёлета ў траўні "Газпрам" прадставіў "Белтрансгазу" дамову, згодна зь якой цана на газ складае 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. У апублікаваным Міністэрствам эканамікі прагнозе сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Расеі на 2007 год кошт газу, што пастаўляецца ў Беларусь, можа скласьці 70-95 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Як можа паўплываць на беларускае грамадзтва павышэньне цэнаў на газ і, адпаведна, на камунальныя паслугі? Меркаваньне дырэктара зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, прафэсара Алега Манаева.

(Манаеў: ) "Народ хвалюе, канечне, гэта праблема. Але ці стане гэта фактарам паніжэньня даверу насельніцтва да ўлады, канкрэтна да прэзыдэнта - гэта цяжкае пытаньне. Я думаю, што наўрад ці. Тут вельмі шмат так бы мовіць, кампэнсаторных мэханізмаў: да прыкладу, прапаганда. Ну, будзе падавацца, што гэта несаступлівасьць Расеі, віна Расеі. То бок мэханізм наступны: перакладваць адказнасьць і віну на кагосьці: на Расею, на Захад, на апазыцыю, на каго заўгодна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG