Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зацьверджаны новы парадак працы музэяў з наведнікамі


Міхал Стэльмак, Менск Пасьля крадзяжоў у расейскім Эрмітажы, беларускі ўрад зацьвердзіў новы парадак працы музэяў зь наведнікамі. Дакумэнт абмяжоўвае доступ да асабліва каштоўных прадметаў пісьменства і выяўленчага мастацтва. Працаваць з калекцыямі ў сховішчах цяпер дазваляецца толькі пры пісьмовай заяве наведніка і дазволе дырэктара.

Некаторыя супрацоўнікі музэяў, кажуць, што новыя правілы не вырашаюць галоўнай праблемы -- стану музэйных памяшканьняў. Вось што сказаў нашаму карэспандэнту экскурсавод Валожынскага музэю Мечыслаў Новак:

(Новак: ) “Гаварыць тут аб тых умовах, якія павінны быць створаныя ў музэі, канешне, яшчэ далёка. Таму што тут павінен быць капітальны рамонт і рэканструкцыя таго будынку, дзе мы знаходзімся”.

У Міністэрстве культуры пагаджаюцца: гэта праблема нацыянальнага маштабу. Меркаваньне намесьніка міністра Валеры Гедройца:

(Гедройц: ) “У Беларусі з рэспубліканскіх пабудаваны спэцыяльна пад музэй толькі адзін. Гэта музэй Вялікай Айчыннай вайны, у якім прадугледжаны памяшканьні для супрацоўнікаў, для выставачных плошчаў, для пастаянных экспазыцыяў, для фондаў. У іншых музэях усё гэта прыстасавана. А там, дзе прыстасавана, узьнікаюць свае складанасьці”.

Менавіта гэткай непрыстасаванасьцю і тлумачацца рабаўніцтвы некаторых музэяў. Крадзяжы экспанатаў зафіксаваны ў Горадні, Шуміліне, Лёзьне, Воршы, Краснапольлі…

Вядома, ёсьць музэі, дзе ахова на належным узроўні. У прыватнасьці, слуцкі. Але тут скардзяцца на іншую праблему – адсутнасьць каштоўных экспанатаў. Найперш, знакамітых Слуцкіх паясоў, якія ў свой час былі вывезены ў Расею. Гаворыць кіраўнік мясцовага музэю Васіль Цішкевіч:

(Цішкевіч: ) “Першае, што пытаюць людзі, якія заходзяць: “Ці ёсьць у вас Слуцкія паясы?” Калі быў міністрам культуры Леанід Гуляка, ён бываў у нас у Слуцку і абяцаў, што 10 ці 15 слуцкіх паясоў мяняюць на экспанаты з нашых музэяў і з запасьнікоў Расеі будуць дастаўлены сюды. Але, бачыце, час прайшоў, Леанід Гуляка ўжо не міністар культуры Беларусі, а перамовы зацягваюцца”.
XS
SM
MD
LG