Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>"Прэзыдэнт памятае пра вас, першаклясьнікаў..."


Ігар Карней, Менск Міністэрства адукацыі Беларусі надрукавала рэкамэндацыі ў справе арганізацыі ідэалягічнай працы ў сярэдніх адукацыйных школах у новым навучальным сэзоне. Як адзначаецца ў дакумэнце, працэс навучаньня мусіць адбывацца з улікам важных дзяржаўных падзеяў 2006 году – прэзыдэнцкіх выбараў і рашэньняў ІІІ Усебеларускага народнага сходу.

Ажыцьцяўляць навучальны працэс настаўнікі цяпер будуць выкарыстоўваючы ня толькі традыцыйныя дапаможнікі, але й цэлыя вучэбна-мэтадычныя комплексы. Як паведаміў намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно, такія комплексы маюць складацца з трох частак: уласна школьны дапаможнік, практычны дадатак да яго, а таксама мэтадычныя інструкцыі выкладчыку.

(Фарыно: ) “Вельмі шмат зроблена ў справе падрыхтоўкі да выданьня вучэбна-мэтадычных дапаможнікаў. Вось, прыкладам, вельмі цікавы дапаможнік для настаўнікаў – “Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы”. Для настаўнікаў сярэднеадукацыйных школ. Правільна падрыхтаваны, мэтадычна пісьменна, даступна выкладзены матэрыял у ім дазваляе шмат у чым вызначыць якасьць навучаньня”.

У мэтадычных рэкамэндацыях адзначаецца, што сёньня абавязкам усіх – ад настаўніка да міністра – робіцца правядзеньне ідэалягічнай і выхаваўчай працы. Прычым, гэтая праца пачнецца зь першага кроку першаклясьніка на парог школы. За гэтым самым парогам малы атрымае свой першы падарунак ад дзяржавы: кніжку “Беларусь – наша Радзіма”, у якой і тое, і другое (Беларусь і Радзіма) наўпрост атаясамлены зь першым беларускім прэзыдэнтам.

Дарэчы, на разьвітаньне выпускнікі атрымаюць ад кіраўніка краіны яшчэ адну кніжку на доўгую й вечную памяць – “Беларусь – краіна тваёй будучыні”. Адрозна ад папярэдніх двух гадоў, сёлета выданьне ілюстраванае здымкам Аляксандра Лукашэнкі. А мэтадычны дадатак для настаўнікаў у Дзень ведаў 1 верасьня суправаджаецца такім тэкстам: “У нашага Прэзыдэнта вельмі шмат справаў. Але ён памятае пра вас, першаклясьнікаў, і даслаў вам ліст (зачытваецца ліст, надрукаваны ў кнізе “Беларусь – наша Радзіма”)... Вось бачыце, Аляксандар Рыгоравіч, верыць у вас, маленькіх грамадзянаў нашай краіны. Вы яго не падвядзеце?”, – у адпаведнасьці з інструкцыяй мусіць пацікавіцца выкладчык.

Выкладчык гісторыі ў зачыненым 3 гады таму Нацыянальным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа Алег Трусаў не хавае радасьці, што ліцэю гэтыя ўсе ідэалягічныя ноўшасьці ня тычацца.

(Трусаў: ) “Пра сёньняшнюю ўладу добра сказаў у свой час іхны лепшы сябра Чарнамырдзін: “Якую партыю ні стварай, – КПСС атрымліваецца”. Вось улады й дзейнічаюць паводле гэтага прынцыпу. З іншага боку, “дзякуючы” уладам, беларушчына загартавалася. Яна цалкам страціла дзяржаўныя падпоркі, савецкія. І ў гэтым яе перавага. Цяпер беларушчына нязмушана ідзе па ўсім сьвеце. Іншымі словамі, толькі ў змаганьні можна перамагаць. Пакуль няма перашкод, – грамадзтва не разьвіваецца. Яно мусіць празь нейкія перашкоды праходзіць”.
XS
SM
MD
LG