Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Мікола Трухан


Уладзімер Арлоў, Менск 18.8.1947, м. Плешчаніцы (Лагойскі ранён) — 20.3.1999, Маладэчна. Пахаваны на менскіх Усходніх могілках.

Пасьля Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту ён скончыў Вышэйшыя рэжысэрскія курсы ў тэатры на Малой Броннай у Маскве, дзе займаўся ў майстэрні Анатоля Эфраса. Ён атрымліваў прэстыжныя ролі ў Беларускім тэатры імя Якуба Коласа і Тэатры юнага гледача, а потым ставіў на розных сцэнах рэспублікі п’есы Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча, Андрэя Макаёнка...

Але Мікола Трухан меў запаветную мару пра большае. Ён лічыў абсалютна ненармальным, што двухмільённы Менск мае ўсяго дзясятак тэатральных калектываў.

Дзякуючы Міколу, якому дапамагаў вядомы сёньня рэжысэр Віталь Баркоўскі, нашая сталіца і ўся краіна ў 1990-я атрымалі новы тэатар. Ужо сама яго назва — “Дзе-Я?” — змушала гледача не шамацець цукерачнымі абгорткамі, а — думаць.

У гэтым тэатры на ўскраіне гораду ўзімку заўсёды было — хоць ваўкоў ганяй. Аднойчы пад час спэктаклю нехта з гледачоў ня вытрымаў і накінуў на пасінелую ад холаду акторку сваю куртку. Але, не ўважаючы на праблемы з будынкам і фінансаваньнем, “Дзе-Я?” мела сваю адданую публіку, якую вабілі Труханава рэжысэрская сьмеласьць і неардынарнасьць, філязофская заглыбленасьць у таямніцы чалавечага быцьця і нейкая непаўторная сардэчнасьць.

Разам з сваімі акторамі-аднадумцамі ён па-новаму перачытваў Шэксьпіра, Гогаля, Чэхава. Ён вярнуў на беларускую сцэну Францішка Аляхновіча, паставіўшы паводле ягоных п’есаў спэктаклі “Чорт і Баба”, “Здань” і “Круці...”. Зьдзейсьніўшы своеасаблівы прарыў, “Дзе-Я?” некалькі разоў зь нязьменным посьпехам выступала на сусьветна вядомых фэстах тэатральнага мастацтва ў Эдынбургу, дзе ў 1996-м пастаноўка “Круці…” атрымала найвышэйшую адзнаку крытыкаў.

Аднак чыноўнікі ад культуры ды іхнія куратары наверсе ставіліся да посьпехаў Міколы Трухана насьцярожана. Двойчы былі адхіленыя хадайніцтвы аб наданьні яму званьня заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

Трухан памёр у часе аднаго з айчынных фэстываляў: проста своечасова ня выйшаў з гатэльнага нумару. У ягоным трагічна раньнім сыходзе, таксама было штосьці тэатральнае.

Кажуць, нібыта незаменных людзей няма. Але без Міколы Трухана Менскі драматычны тэатар “Дзе-Я?” ціха кануў у Лету.
XS
SM
MD
LG