Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ГКЧП не перамог, бо ў іх не было станоўчай праграмы, якую магла б падтрымаць большасьць насельніцтва..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за чацьвер, 17 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Малышчыц Мікалай Антонавіч) “У мяне два пытаньні да спадара Антончыка. Калі Лукашэнка быў на ўздыме, вы езьдзілі па рэгіёнах Беларусі і сустракаліся зь людзьмі. Папулярнасьць ваша была велізарная, народ разумеў і падтрымліваў вас, але вы не знайшлі падтрымкі ў апазыцыі. Некаторыя з апазыцыянэраў тады казалі: “Нам не патрэбны другі Лех Валенса.” Чаму апазыцыя і дзяржава зьлякаліся вас? Які гэта быў год? Што сабой уяўляла ваша праграма дзеяньняў? Ці ня гэта ўсё паслужыла вашым адыходам ад вялікай палітыкі?

Другое пытаньне. Лукашэнка вельмі часта папярэджвае: “Толькі паспрабуйце мне дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, мала не падасца!”Ваша меркаваньне: калі беларускі народ падымецца сам супраць існуючага рэжыму? Ці здольны наш дыктатар з перапуду вывесьці на вуліцы танкі ды прымяніць да мірных людзей зброю? Вялікі вам дзякуй.”

(Ларыса зь Менску) “Пытаньне пра тое, што было б з нашай радзімай, калі б перамогу атрымаў ГКЧП, вельмі своечасовае і актуальнае. Па нашых адказах на вуліцах гарадоў і па радыё бачым, наколькі мы па рознаму глядзім на наша сучаснае жыцьцё, на прошлае і будучае. ГКЧП не перамог, бо ў іх не было станоўчай праграмы, якую магла б падтрымаць большасьць насельніцтва. Яны хацелі сілай узяць уладу, а гэта немагчыма. У Вялікай гісторыі свая лёгіка, 20 стагодзьдзе гэта прадэманстравала. Што было б з намі, калі б ГКЧП атрымала перамогу, магчыма толькі здагадвацца. Але перамаглі іншыя сілы, і вынікі бачым цяпер. 12 год таму шмат абяцалі, што наша жыцьцё палепшыцца. Але ільготы атрымала найменшая частка нашага насельніцтва. Вэртыкальшчыкі, адным словам, тыя, што маюць дачыненьне да ўлады, выкарыстоўваюць сваё службовае становішча ў сваіх асабістых мэтах. Гэта ўсе ведаюць, таму і лічаць, што апазыцыя хоча ўзяць уладу, бо марыць пра прывілеі, таму людзі ўжо нікому ня вераць. Просты народ ня верыць гэтаму.”

(Спадарыня) “Дарагое Радыё Свабода, добры дзень! Вось і прыйшла восень, але яна ні мяне, ні маіх дзяцей ня цешыць. Хутка прыйдзе навучальны год, а я па сёньняшні дзень знаходжуся бяз працы. Я зьвярталася да гарадзкіх уладаў, да юрыстаў. Я казала ім: “Дапамажыце мне знайсьці працу.” Але атрымала адказ: “Працы для вас у Беларусі няма.” Дык куды мне дзецца зь Беларусі?! Тады я ім сказала: “У такім выпадку я буду выходзіць на заходні друк.” Мне адказалі: “Пляваць нам на заходні друк! Мы яго не баімся. Мы самыя сьмелыя і самыя спрытныя.” Але спрытныя яны толькі ў тым, што добра ўмеюць абіраць дзяржаву.”

(Спадар) “Добры дзень, паважаная “Свабода.” Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт інцыдэнту, што адбыўся каля дзьвярэй офісу БНФ, дзе быў знойдзены муляж выбуховага прыстасаваньня. У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода намесьнік Вячорка, ня доўга думаючы, сказаў, што ня выключае магчымасьці таго, што гэта правакацыя КДБ. Але я хачу гэта пытаньне разгледзець зь іншага боку. Пасьля выбараў прэзыдэнта прайшло ўжо паўгода. І партыю БНФ на палітычнай арэне і ня чутна, і ня бачна: няма ні мітынгаў, ні дэманстрацый – нічога. Праўда толькі, што за гэты час Вячорка наведаў зь дзясятак краін Эўропы і Амэрыкі. У БНФ, мусіць, былі ўкладзены вялікія грошы, а дзеяньняў ніякіх. Таму я не выключаю, што гэтую правакацыю маглі арганізаваць і самі лідэры БНФ, каб прыцягнуць да сябе ўвагу і неяк адпрацаваць атрыманыя грошы. Дзякую.”
XS
SM
MD
LG