Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"З ідэйных людзей у БРСМ папросту сьмяюцца..."


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 16 жніўня Удзельнікі: культуроляг Максім Жбанкоў, старшыня Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу “Маладыя дэмакраты” Кірыл Ігнацік.

(Валер Карбалевіч: ) “Ува ўмовах таталітарных ці аўтарытарных рэжымаў традыцыйна засноўваюцца масавыя моладзевыя арганізацыі. Такія арганізацыі ствараюцца ўладамі дзеля пэўных мэт, маладых людзей туды заганяюць прымусова, і асаблівай свабоды выбару яны ня маюць. Але, пэўна ж, дзейнічае ня толькі прымус. Таталітарныя структуры могуць быць і прыцягальнымі для моладзі. Як зазвычай выяўляецца гэтая прыцягальнасьць?”

(Максім Жбанкоў: ) “Перад усім варта адзначыць, што моладзевыя арганізацыі ў таталітарных ці аўтарытарных супольнасьцях ёсьць часткай таталітарнага праекту. Яны існуюць на дзярждатацыі й, натуральна, пад дзяржкантролем. І там дзейнічае ня толькі прымус. Таталітарныя моладзевыя арганізацыі – а іншых арганізацый у таталітарным грамадзтве ў легітымізаваным выглядзе папросту ня можа быць – прапаноўваюць сур’ёзныя й прывабныя рэчы: псыхалягічны камфорт, сацыяльную абароненасьць. Маладым людзям прапаноўваецца далучацца да большасьці, падпарадкоўвацца татальным сацыяльным сцэнарам. Свабода выбару ў чалавека вельмі абмежаваная.

З іншага боку, дзейнасьць таталітарных моладзевых арганізацый заўсёды надзвычай дэкаратыўная, і мае шмат добра адбудаваных прывабных мастацкіх рытуалаў.

Нехта далучаецца да гэтых арганізацый таму, што жадае прымкнуць да большасьці, нехта – з канфармісцкіх матываў, а нехта папросту таму, што гэта файна, бо вялікая арганізацыя ёсьць глябальнай тусоўкай”.

(Карбалевіч: ) “Што да рытуалаў: адразу прыгадваюцца факельныя шэсьці “Гітлерюгэнд” у фашыстоўскай Нямеччыне, адлюстраваныя ў шмат якіх фільмах”.

(Кірыл Ігнацік: ) “Калі браць сёньняшнюю Беларусь, то сяброўства ў БРСМ дае сацыяльныя выгоды. Але, акрамя БРСМ, існуюць і іншыя аўтарытарныя арганізацыі: Русское национальное единство (РНЕ), Беларуская партыя свабоды, Правы альянс ды іншыя аб’яднаньні правага кірунку. Адна з прычын такой зьявы палягае ў тым, што людзі папросту ня ведаюць альтэрнатывы. Візавы рэжым перашкаджае паехаць у Эўропу і ўбачыць там гэтую альтэрнатыву.

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя шмат у якіх посткамуністычных краінах склалася тэндэнцыя да стварэньня аўтарытарных антыкамуністычных – найперш, нацыяналістычных – моладзевых арганізацый. Такое было нават у Польшчы, Літве. Сёньня ў гэтых краінах такая тэндэнцыя пераадолена, бо адбылася вялікая перабудова сацыяльна-палітычнага жыцьця.

У Беларусі ж таталітарнае выхаваньне не зьмянілася. Пасьля трох гадоў адноснай дэмакратыі прыйшоў да ўлады Лукашэнка – і зноў прапагандуецца культ гвалту, моцнай рукі.

Таму, акрамя БРСМ, які стаў, па сутнасьці, прафсаюзам, існуюць моладзевыя арганізацыі, што выступаюць супраць дзейнага ў Беларусі рэжыму, але таксама прапагандуюць каштоўнасьці моцнай рукі. Яны рэклямуюць здаровы лад жыцьця, ладзяць ваенізаваныя школы й летнікі. І гэта прыцягвае маладых людзей, якія ня ведаюць, што такое дэмакратычныя каштоўнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Калі прыгадаць савецкую гісторыю – за тым часам такія моладзевыя структуры, як піянэрская арганізацыя, камсамол прайшлі праз пэўную эвалюцыю. Камсамол першых дзесяцігодзьдзяў Савецкай улады й апошніх дзесяцігодзьдзяў – гэта розныя рэчы. У камсамольцаў 20–40-х гадоў былі пэўныя ідэалы, рамантыка, а ў 70–80-я гады ВЛКСМ ператварыўся ў бюракратычную структуру, куды запісвалі чохам усю моладзь. На чым базаваліся тыя эвалюцыйныя працэсы?

(Жбанкоў: ) “Колісь вядомы расейскі філёзаф Мікалай Бярдзяеў азначыў: камунізм – гэта ўтопія, якая нарэшце атрымала ўладу. Таталітарны праект савецкага кшталту пачынаўся як рамантычны рух да ўтопіі, да лепшай будучыні. Але ж, як вядома, кожная ўтопія мае пэўныя акрэсьленыя тэрміны існаваньня. Таму, натуральна, у часы позьняга СССР першапачатковы рамантызм зьмяніўся на бюракратычныя рухі й рытуалы. Савецкі Саюз часоў Брэжнева – гэта краіна, стомленая ад утопіі.

І тады замест рамантызму ў якасьці базавага прынцыпу існаваньня моладзевай арганізацыі зьявіўся нонканфармізм – то бок такое прыхаванае дысыдэнцтва. А з іншага боку, – спакваля быў прышчэплены нармальны цынічны прагматызм. Зусім жа не выпадкова камсамольскія функцыянэры позьніх савецкіх часоў ў пару перабудовы лёгка парабіліся пасьпяховымі камэрсантамі.

Ды казка скончылася. Таму што яна ня можа быць бясконцай. Таталітарнае грамадзтва непазьбежна спараджае стому ад мітаў. Калі міты заканчваюцца, – застаюцца грошы, прага да ўлады, голы разьлік”.

(Ігнацік: ) “Прычыны эвалюцыі камсамолу трэба шукаць у зьменах у грамадзкіх адносінах. Першыя гады пасьля рэвалюцыі ішла пабудова новага сьвету. У сталінскія часы камсамол убудаваўся ў рэпрэсіўную машыну.

Потым была хрушчоўская адліга. Зноў грамадзтва апанавала рамантыка першых камсамольскіх будоўляў. А затым – брэжнеўскі “застой”. Камсамол жыў па правілах сыстэмы. Без уступленьня ў ВЛКСМ нельга было зрабіць кар’еру.

Калі сыстэма пачала развальвацца, у Беларусі зьявіўся Беларускі саюз моладзі, які ўвогуле адмовіўся ад ідэалёгіі. І стварэньне БРСМ – якраз ёсьць працягам старой традыцыі. Бюракратызм, беспрынцыповасьць, кар’ерызм, імкненьне падняць свой сацыяльны статус – вось характэрныя рысы гэтай арганізацыі. Моцных альтэрнатыўных моладзевых арганізацый няма. Хоць маецца некалькі арганізацый, ляяльных да цяперашняй улады, іхныя магчымасьці, параўнальна з БРСМ, не сувымяральныя.

Нейкай сур’ёзнай ідэалёгіі тут няма. З ідэйных людзей у БРСМ папросту сьмяюцца. І калі зьменіцца рэжым, шмат хто зь сябраў БРСМ будзе рабіць кар’еру ў іншых арганізацыях і структурах”.

(Карбалевіч: ) “Тут шматразова ўжо згадвалі БРСМ. Давайце паспрабуем усё ж вызначыць, чым ён прываблівае маладых людзей, якую моладзь аб’ядноўвае”. (Жбанкоў: ) “БРСМ – гэта тыповая арганізацыя “смутных часоў” – то бок часу, калі грамадзтва, нібы, спыняецца ў сваім разьвіцьці й ня мае відочных пэрспэктыў.

Паратунку ў ідэі моцнай рукі, парадку шукаюць зазвычай у пэрыяд масавай разгубленасьці, калі грамадзкая сьвядомасьць, у тым ліку, і сьвядомасьць моладзі, страчвае арыентыры. І такія абдзяржаўленыя арганізацыі ёсьць насамрэч інструмэнтам кар’еры.

Ідэалёгіі ў БРСМ няма. Але ж яе няма і ў дзейнага рэжыму. Таму, сапраўды, БРСМ нагадвае прафсаюз: туды ідуць па танныя мабільнікі, па зьніжкі на дыскатэкі. З усіх сябраў БРСМ, зь якімі даводзілася размаўляць, я ня бачыў ніводнага ідэйнага чалавека. Пануе той жа самы позьнебрэжнеўскі дысыдэнцкі канфармізм: што трэба? – мы ня супраць. Але пры гэтым усё-ткі мы вырашаем і свае ўласныя праблемы”.

(Ігнацік: ) “Тут прыгадвалі арганізацыю “Гітлерюгэнд”. Гэта была клясычная таталітарная арганізацыя з моцнай ідэалёгіяй. БРСМ нельга лічыць таталітарнай арганізацыяй: яна не зрабіла ніякіх злачынстваў. Пасьля зьмены цяперашняга рэжыму шмат хто зь яе сябраў будуць казаць: мы папросту існавалі ў пэўнай сыстэме, а цяпер маем іншыя погляды. Ува ўсіх посткамуністычных краінах (у Польшчы, Літве) былыя камсамольцы, функцыянэры цяпер зусім у іншых партыях. Папраўдзе, дык Лукашэнка вярнуў нас у савецкія часы”.

(Жбанкоў: ) “Вельмі цікавы прыклад. Якраз напярэдадні закрыцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) там зьявілася ячэйка БРСМ. Прычым, не таму, што самі студэнты гэтага жадалі. Папросту зь Міністэрства адукацыі прыйшло такое патрабаваньне. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту вылучыла трох “добраахвотнікаў”, якія й стварылі ячэйку. Хадзілі самі сьмяяліся, і зь іх сьмяяліся. Праўда, гэта – як мы ведаем – не замінула зачыніць ЭГУ”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам моладзевыя арганізацыі ва ўмовах несвабоднага грамадзтва могуць прывабліваць моладзь як ідэямі, так і формай функцыянаваньня, пэўнымі рытуаламі, сымбалямі. Калі гэтага няма, то такія арганізацыі ператвараюцца у бюракратычныя структуры, з дапамогай якіх улады імкнуцца кантраляваць моладзевыя асяродкі. Калі грамадзкая моладзевая арганізацыя ператвараецца ў бюракратычную, – эфэктыўнасьць ейная робіцца ня надта вялікай. Што й паказаў савецкі камсамол”.

(Жбанкоў: ) “Што й пакажа, натуральна, БРСМ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG