Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЭўрАзЭС: "Разуменьне" замест згоды?


Юры Дракахруст, Прага У чым былі галоўныя вынікі саміту Эўразійскай эканамічнай супольнасьці ў Сочы? Аналіз нашага карэспандэнта

Хаця саміт і быў нефармальным, галоўныя падзеі яго адбываліся, як здаецца, за кулісамі. Афіцыйна было абвешчана аб плянах стварэньня праўнай базы мытнага саюзу. Заўважце, не самага саюзу, а яго праўнай базы. Гэтае рашэньне ня надта абавязвае бакі, таму магчыма ўсе ўдзельнікі супольнасьці дэманстравалі аптымізм і ўпэўненасьць у пэрспэктывах інтэграцыі. Агульны аптымізм крыху сапсаваў хіба Аляксандар Лукашэнка, які заявіў, што ў Беларусі пры стварэньні мытнага саюзу ёсьць адна ўмова – роўныя ўмовы гаспадараньня гаспадарчых суб’ектаў, што дзейнічаюць у адзінай мытнай прасторы. “Калі не – нікому непатрэбны такі саюз. І я удзячны калегам за разуменьне гэтай пазыцыі беларускага боку,” – заявіў Лукашэнка.

Сказана гэта было ў кантэксьце амбіцыйных плянаў мытнага аб’яднаньня Беларусі, Казахстану, Расеі , а ў пэрспэктыве, магчыма, і іншых дзяржаваў. Але выглядае, што беларускі кіраўнік меў на ўвазе перш за ўсё двухбаковыя беларуска-расейскія адносіны. Паміж дзьвюма краінамі супрацоўніцтва ў мытнай галіне значна больш шчыльнае, мытны саюз, праўда даволі своеасаблівы, ужо існуе. Гэтая своеасаблівасьць палягае ў тым, што далёка ня ўсе стаўкі мытаў у Беларусі і Расеі аднолькавыя, а самае галоўнае, што газавая спрэчка, якая пачалася ў красавіку сёлета, усё больш аддаляе становішча ад той мадэлі, на якой настойваў Лукашэнка ў Сочы. Іншымі словамі, калі ён гаворыць мытны саюз, ён мае на ўвазе ўсё тую ж ключавую праблему двухбаковых адносінаў – газ. Вынік дэмаршу беларускага кіраўніка можна зразумець зь ягонай уласнай заўвагі, што калегі-прэзыдэнты паставіліся да беларускай пазыцыі “з разуменьнем”. Разуменьне – гэта ня згода, калі б яна была Лукашэнка наўрад ці схаваў гэта ад журналістаў.

Тлом для выступу беларускага кіраўніка ў Сочы стала заява ананімнага крамлёўскага чыноўніка, апэратыўна распаўсюджаная днямі ўсімі расейскімі інфармагэнцыямі. Такая ўзгодненасьць сьведчыць пра тое, што гэта сапраўды пазыцыя Крамля. Сутнасьць гэтага ананімнага меркаваньня палягае ў тым, што расейская пазыцыя адносна цэнаў на газ для Беларусі ў наступным годзе застаецца нязьменнай – плаціць давядзецца нашмат болей, чым сёлета. Крамлёўскі ананім параіў Беларусі ня цешыць сябе ілюзіямі, што праблему газа можна вырашыць палітычнымі мэтадамі. Не паслухаўшыся парады, менавіта палітычнымі мэтадамі кіраўнік Беларусі і спрабаваў вырашыць гэтую праблему ў Сочы, маўляў, калі Расея хоча ня толькі ўплываць на суседнія краіны, але і надаць гэтаму ўплыву пэўныя арганізацыйныя формы, яна павінна за гэта плаціць.

Пра тое, што ў Масквы крыху іншыя пляны, сьведчаць і вынікі сустрэчаў у Сочы новага прэм’ер-міністра Ўкраіны, колішняга расейскага пратэжэ Віктара Януковіча. Калі вынесьці за дужкі абдымкі і прыязныя словы, то ў сухой рэшце засталося, што Украіне давядзецца плаціць за газ значна больш.

Гледзячы па ўсім, прынцып, абвешчаны Пуціным ў 2002 годзе адносна Беларусі : “Мухі асобна, катлеты асобна” робіцца ўнівэрсальнай расейскай зьнешнепалітычнай лініяй. У абмен на пацалункі атрымліваецца не газ, а таксама пацалункі.
XS
SM
MD
LG